Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хутка выбары – можна скардзіцца на начальнікаў


Рыхтуючыся да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, зь Менску перыядычна накіроўваюць у рэгіёны высокапастаўленых чыноўнікаў – асабіста весьці прыём грамадзянаў, зьбіраць скаргі на мясцовае начальства.

Усё гэта на бюракратычнай мове названа "маніторынгам працы мясцовай улады з насельніцтвам". Раней былі праведзены два этапы кампаніі, а сёньня пачаўся трэці. Як гэта рэальна адбываецца і які вынік прыносіць?


Гомельшчына: Спадзевы на камісіі гаснуць


Яшчэ 8 чэрвеня гомельскі пэнсіянэр Абрам Гольдзін зьвярнуўся ў прэзыдэнцкую камісію, якую на Гомельшчыне ачольвае міністар юстыцыі Віктар Галаванаў. Мінула два з паловай месяцы, але ніякага адказу з камісіі да гэтага часу няма.

Гольдзін: “8 чэрвеня быў прыём у адміністрацыі Навабеліцкага раёну, дзе група, якую ачольваў міністр юстыцыі Галаванаў, прымала ўсіх, хто хацеў сустрэчы. Там быў і я. Мінула два з паловай месяцы, а ад камісіі — ні слыху, ні духу”.

На сёньняшнюю сустрэчу з камісіяй пэнсіянэр Гольдзін не паехаў, бо прыежджыя чыноўнікі ўжо працуюць у Жыткавічах і Рэчыцы. Да таго ж, спадар Гольдзін лічыць, што праца камісіі — для паказухі, а не для выпраўленьня сытуацыі.

“Камісіі разглядаюць скаргі на чыноўнікаў па дробных пытаньнях. Буйным пытаньнем, мяркую рэспубліканскага значэньня, зьяўляецца нашая скарга на незаконнае выкарыстаньне 49 зямельных участкаў былых дзіцячых садкоў у Гомелі. Я называю гэта архітэктурным хуліганствам”.

Абрам Гольдзін з суседзямі скардзіліся ў мясцовыя органы, дзяржаўны кантроль, у адміністрацыю прэзыдэнта. Некаторыя спадзевы былі на прыезд прэзыдэнцкай камісіі, але пасьля працяглага маўчаньня гэтыя спадзевы гаснуць.


Віцебшчына: "Едуць зь Менску набраць кампрамату на чыноўнікаў"


Жыхар Глыбокага Яўген Самсонаў лічыць, што людзі таму і не зьвяртаюцца да ўладаў, што ня вераць у магчымасьць дапамогі. І мэта праверкі, на ягоную думку, — гэта не вырашэньне наяўных праблем, а нешта зусім іншае:
Бруду рознага назьбіраюць, і ўсё! Я лічу, што зь людзьмі недапрацоўваюць дэпутаты, а яны спрэс кіраўнікі. Народ ім не давярае і таму да іх ня йдзе!


“Гэта зь Менску прыедуць, каб назьбіраць кампрамату на мясцовае кіраўніцтва, а потым трымаць, як кажуць, у яжовых рукавіцах! Бруду рознага назьбіраюць, і ўсё! Я лічу, што зь людзьмі недапрацоўваюць дэпутаты, а яны спрэс кіраўнікі. Народ ім не давярае і таму да іх ня йдзе!”

Яўген Самсонаў — актывіст створанай партыі БХД, ён балятаваўся падчас мінулых выбараў, але ў дэпутаты ня трапіў. Тады, у рэчышчы агульнай партыйнай кампаніі, ён стаўся “народным дэпутатам”: пачаў працаваць са сваімі былымі выбарцамі на добраахвотных асновах. Да прыкладу, пры ягоным удзеле пачалі рамантаваць клюб у вёсцы Шунеўцы.

І цяпер спадар Самсонаў зьбіраецца трапіць на прыём да ўдзельнікаў маніторынгу, каб распавесьці пра бяду вёскі Пліса:

“Вады там няма. Яе нельга ня тое, што піць, але нават і мыцца. Гэта ў вёсцы Пліса. Адна жанчына як памыла галаву, дык валасы павылазілі! Буду скардзіцца на гэта абавязкова. Калі мы нешта будзем спрабаваць зрабіць — то зробім, а калі ня будзем спрабаваць — то ня зробім!”

Яўген Самсонаў лічыць, што ініцыятыва маніторынгу працы з насельніцтвам нарадзілася насуперак кампаніі “народных дэпутатаў” партыі БХД. Актывісты кампаніі “Гавары праўду” лічаць, што ўлады перахапілі і іхную ідэю, згадваючы паштоўкі, у якіх было прапанавана распавядаць пра мясцовыя праблемы ды адсылаць у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, лічыць актывіст Аляксандар Мікулін, улады проста не маглі дазволіць, каб свае інтарэсы пачала адстойваць грамадзкасьць:

“Гэта была ініцыятыва кампаніі “Гавары праўду”. Як мы бачым, улады адрэагавалі своеасабліва — узялі гэтую ініцыятыву ў свае рукі. Канешне, цэнтральныя ўлады ня могуць мірыцца з такім напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў! І вось пачаўся трэці этап маніторынгу. Дзякуй вялікі! А дзе, цікава, вынікі першага і другога этапу?”

Ніякіх выразных наступстваў кантролю за мясцовымі ўладамі шараговыя жыхары Віцебшчыны нешта не заўважылі.



Магілёўшчына: "За паўгоду — 1500 скаргаў"


Напярэдадні трэцяга этапу маніторынгу працы мясцовай улады з насельніцтвам Магілёўскі гарвыканкам прызнаў павялічэньне колькасьці пісьмовых і вусных скаргаў ад жыхароў абласнога цэнтру. За паўгода іх назьбіралася да паўтары тысячы.

У прадмесьці Магілёва жыхары вёскі Навасёлкі некалькі гадоў дамагаюцца закрыцьця шкоднага, як яны сьцьвярджаюць, хімічнага прадпрыемства. Пра свой клопат вяскоўцы пісалі магілёўскаму начальству, былі й на прыёмах у яго. У навасёлкаўцаў не атрымалася трапіць на гутарку ў рамках сёньняшняга гэтак званага маніторынгу:
Да нас зноў прыяжджалі раённыя інстанцыі. Мы зь імі размаўлялі. Сход прайшоў. На ніводнае нашае пытаньне яны не адказалі


“Нам сказалі, што па Магілёве ён прайшоў яшчэ ў траўні-чэрвені. Цяпер яго прымае Горкі й Мсьціслаў. Нам зноў няма куды падзецца, мы ня ведаем, што рабіць. У нас такія меркаваньні, мо ў нас занадта складаныя пытаньні ў заяве. Літаральна ў чацьвер быў сход. Да нас зноў прыяжджалі раённыя інстанцыі. Мы зь імі размаўлялі. Сход прайшоў. На ніводнае нашае пытаньне яны не адказалі”, — кажа жыхарка вёскі Навасёлкі Марына.

Суразмоўніца была й на прыёме ў старшыні аблвыканкаму Пятра Рудніка. Той выслухаў праблему, паабяцаў разабрацца. “І дагэтуль відаць разьбіраецца”, — з сумам кажа спадарыня Марына.

Жыхар абласнога цэнтру Аляксей таксама бываў на прыёмах. Ён дамагаўся рамонту агароджы гаўбца.

“Я прыходжу — мне ветліва кажуць, што мы ўсё вырашым за дзень, не пераймайцеся. Толку толькі ад гэтага ніякага не было. Да мяне таксама прыходзіла цэлая куча начальства. Пастаялі таксама, пахіхікалі. Пастаялі на маім гаўбцы й пайшлі далей. Дык сэнсу зь імі размаўляць і рваць кішкі. Пісаць трэба садзіцца, ну што рабіць. І нават лісты не заўжды дапамагаюць. Трэба ведаць куды пісаць, як пісаць і тонка дужа”.

Кіраўнікоў, якія дапусьцілі рост скаргаў на працу сваіх арганізацыяў, чыноўнікі называюць “удзельнымі князькамі, глухімі да праблемаў чалавека”. Колькасьць такіх князькоў не называецца, аднак прызнаецца, што толькі ў Ленінскім раёне Магілёва скаргаў даслана на 20 працэнтаў болей проці мінулага году, у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну ажно на 78 працэнтаў.

Хаджэньне чыноўнікаў у народ магілёўскі палітык Аляксандар Сілкоў лічыць паказухай:

“Яны павінны паказаць, што нешта ж яны робяць. Гэта частка генэральнага пляну, пад якім варта разумець: цар добры — баяры кепскія. Насамрэч большую частку праблемаў людзі вырашыць могуць самі, калі пачнуць ствараць дзеля гэтага грамадзкія аб’яднаньні”.


Гарадзеншчына: “Чыноўнікі надалей пішуць адпіскі”


Многія жыхары Гарадзеншчыны сьцьвярджаюць, што іх праблемы не крануліся зь месца нават пасьля таго, як да іх ужо прыяжджалі прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта.

Сёньня я размаўляў з тымі людзьмі, якія хадзілі на прыём да чыноўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта, калі тыя праводзілі першы і другі этапы маштабнага маніторынгу працы мясцовай улады з насельніцтвам.
Гучалі толькі абяцанкі, а ўсе паперы зноў вярнуліся ў мясцовы выканкам, адкуль мне напісалі, што ўсё зроблена належным чынам


Спадарыня Ірына са Смаргоні са сьлязьмі мне апавядала, што ейная дачка — маці-адзіночка, мае дваіх дзетак, жыве і працуе ў Менску, а атрымаць жыльлё ня можа. Вымушана здымаць кватэру. І ніхто ў гэтай сытуацыі дапамагчы ня можа.

Спадарыня: “Адны адпіскі і ўсё, ніхто нічога не дапамагае. Мне адзін адказ: няхай ваша дачка едзе ў Смаргонь. А куды ў Смаргонь? — пытаюся. — Да вас — адказваюць. А як да мяне, калі ў яе там свая сям’я, дзеці ў Менску нарадзіліся?”.

Пытаюся ў спадарыні Ірыны, як дачка дае рады пражыць адна ў сталіцы з двума дзецьмі?

Спадарыня: “Ну, вось так і жыве: дзед аддае пэнсію, а я — заробак, дапамагаем, а самі паўгалодныя застаемся”.

Спадар Барыс са Слоніма на прыём да чыноўнікаў з адміністрацыі прэзыдэнта хадзіў з цэлым сьпісам не сваіх асабістых, а гарадзкіх праблемаў, якія датычыліся працы ЖКГ, таго, як рамантуюць дарогі, і працы мясцовай міліцыі. Яго выслухалі, узялі ўсе паперы, дзе дэталёва ўсё было расьпісана.

Спадар: “У выніку — ніякага выніку ад гэтага не было. Таму што гучалі толькі абяцанкі, а ўсе паперы зноў вярнуліся ў мясцовы выканкам, адкуль мне напісалі, што ўсё зроблена належным чынам”.

Актывіст “Грамады” зь Бераставіцы, Ігар Рамашкевіч, ужо каля дзесяці гадоў ня можа знайсьці працу ў раёне з прычыны сваёй палітычнай дзейнасьці. Пытаюся ў яго, ці пойдзе ён на прыём да чыноўнікаў з адміністрацыі прэзыдэнта?

Рамашкевіч: “А што ім скардзіцца, калі іх саміх трэба прыбіраць ад улады? Праблемы маёй яны ня вырашаць, таму што яна ня ў тым, што я такі бедны не магу знайсьці працы ці не хачу працаваць. Чалавек, які займаецца палітыкай у Беларусі, вымушаны хадзіць без працы. А ня дай Бог зоймецца бізнэсам, то яго яшчэ і пасадзяць”.


Берасьцейшчына: "Чыноўнікі трацяць грошы, а не зарабляюць іх"


Год таму ў вёсцы Вярховічы Камянецкага раёна на Берасьцейшчыне была зачыненая ўчастковая лякарня. Цяпер за яе аднаўленьне змагаюцца ўсе тутэйшыя жыхары на чале са старастам вёскі.

Адказны за Берасьцейскую вобласьць старшыня Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч ужо правёў сустрэчу ў Камянецкім райвыканкаме. Жыхар вёскі Вярховічы Петр Дзік абураўся падчас сустрэчы, што на яго звароты мясцовыя чыноўнікі не зьвяртаюць увагі. Па словах скаржніка, чыноўнікі кажуць пра дбаньне найперш аб інтарэсах простых грамадзянаў. Але цяпер да бліжэйшай бальніцы 19 кілямэтраў. Будынак мясцовай бальніцы прыйшоў у заняпад менавіта з-за абыякавасьці мясцовых уладаў:

"Я зьдзіўляюся такой абыякавасьці адміністрацыі. Часта задаю сабе пытаньне, а куды мы рухаемся, калі на гэтае бязладзьдзе ніхто не зьвяртае ўвагі? Так проста нельга ставіцца да грамадзян і да маёмасьці."

Пётр Дзік кажа, што падчас сустрэчы пачуў абяцаньні вырашыць праблемы як мага хутчэй. Вясковец таксама ўскладае надзеі на тое, што Пракаповіч —галоўны банкір краіны. Мясцовая адміністрацыя не вырашае праблемы і ня вырашыць іх:

"Я не раз зьвяртаўся да Пісарыка, старшыні Камянецкага райвыканкаму, каб стварылі ў нас аграгарадок, напрыклад. Тады пойдуць сюды і грошы, і рамонтныя працы будуць праводзіцца. Але ж ня чуе такіх прапановаў. Бо чыноўнікі толькі трацяць грошы, але не зарабляюць іх. Адсюль і праблемы."

Актывіст кампаніі "Гавары праўду" Ігар Маслоўскі кажа, што ў найноўшай гісторыі нельга адшукаць падобных прыкладаў маніторынгу сацыяльных праблем грамадзтва. Але разам з тым актывіст кампаніі кажа, што многае выкарыстоўваецца зь яго кампаніі:

"Улады вывучаюць праблемы людзей. Гэта добра. Наша кампанія таксама вывучае, так бы мовіць, балявыя кропкі. І прапануецца не заплюшчваць вочы, але вырашаць гэтыя праблемы."

Паводле актывіста, навідавоку падрыхтоўка да прэзыдэнцкай кампаніі:

"Безумоўна, што гэта робіцца як раз напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Відаць, што ўлады цяпер пачалі дзейнічаць у папулярызацыі Аляксандра Лукашэнкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG