Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гандляра сьмерцю" выдадуць амэрыканцам


На мінулым тыдні тайляндзкі апэляцыйны суд адмяніў рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі аб нявыдачы вязьня Віктара Бута амэрыканскай судовай сыстэме.

Паколькі далейшая апэляцыя ў гэтай справе немагчымая, выглядае на тое, што чалавек, які з падачы амэрыканскага журналіста Дагласа Фараха атрымаў мянушку "гандляр сьмерцю" (merchant of death), стане перад амэрыканскім судом.

Пракуратура ў Нью-Ёрку вінаваціць Віктара Бута, між іншым, у спробе прадаць партыю зброі на некалькі мільёнаў даляраў калюмбійскім паўстанцам з арганізацыі ФАРК, якую ЗША лічаць тэрарыстычнай. Паводле амэрыканскіх законаў, Буту пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Былы лейтэнант савецкага войска Віктар Бут (нар. 1967) знаходзіўся ў міжнародным вышуку ад 2002 году, калі Бэльгія выставіла супраць яго абвінавачаньні ў адмываньні грошай. Ён быў арыштаваны ў сакавіку 2008 году ў Бангкоку на просьбу амэрыканскіх праваахоўных органаў.

Даглас Фарах, які ў 2007 годзе апублікаваў кнігу пра Віктара Бута пад загалоўкам "Гандляр сьмерцю", у апошнім выданьні амэрыканскага часопіса Foreign Policy пералічваючы меркаваныя пастаўкі зброі Віктарам Бутам у праблемныя кропкі сьвету, згадвае таксама пра тое, што гэты чалавек дапамагаў і ЗША, якія цяпер хочуць яго судзіць. Паводле Фараха, самалёты Бута вазілі амэрыканскія грузы ў Багдад у 2003 годзе, калі амэрыканцы яшчэ не пасьпелі арганізаваць сваёй сыстэмы паветраных паставак у Ірак.

На думку Фараха, экстрадыцыя Бута ў ЗША можа быць не на руку Расеі:

"Цягам апошніх гадоў, калі Пуцін кансалідаваў моцна раздробленыя расейскія спэцслужбы, Бут пераўтварыўся з пастаўшчыка краінаў-ізгояў у агента штораз шырэйшай расейскай сеткі гандлю зброяй. (...) Калі экстрадыцыя адбудзецца (а тайляндзкае заканадаўства не дазваляе на далейшыя апэляцыі), дык што Бут мог бы прапанаваць дзеля зьдзелкі аб прызнаньні віны і зьмякчэньні прысуду? Ён, як здаецца, мог бы шмат распавесьці пра кіраваныя расейцамі сеткі, якія працягваюць узбройваць джыхадыстаў у Самалі і Емэне. Ён, відаць, таксама ведае, як дзейнічае расейскае выведка і сыстэма пастаўкі зброі, уключна зь яе інтарэсамі ў Іране, Вэнэсуэле і іншых краінах. Ягоныя веды, нягледзячы на тое, што яму ўсяго 43 гады, пакрываюць больш чым два апошнія дзесяцігодзьдзі і, магчыма, сягаюць ядра расейскіх апэрацый па ўсім сьвеце".

Але Фарах таксама зьвяртае ўвагу, што жонка і дзеці Вітара Бута застаюцца ў Расеі. Гэта, на думку амэрыканскага журналіста, робіць магчымасьць выкрывальніцкіх сьведчаньняў Бута супраць Расеі малаверагоднай.

У справе Бута ёсьць і беларускі сьлед. У скандальнай кнізе "Нашествие", якая выйшла ў Расеі ў 2005 годзе, сьцьвярджалася, што Бут прадаваў зброю ў афрыканскія краіны і празь Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG