Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нефармальны саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), які ў мінулую суботу завяршыўся ў Армэніі, узьняў шэраг пытаньняў. Чаму ўдзельнікі саміту даверылі старшынства ў сілавой арганізацыі Аляксандру Лукашэнку, які ня толькі мае адрозную ад іншых пазыцыю па сытуацыі ў Кіргізстане, але хавае ў Беларусі зрынутага прэзыдэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева? Ці будзе Масква прыслухоўвацца да саюзьніка, які выгандлёўвае ўмовы за прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі? Ці насамрэч Менск прыняў абарончую стратэгію АДКБ, прапанаваную Крамлём?

Хоць сустрэча кіраўнікоў краінаў-сябраў АДКБ і мела нефармальны характар, па сваёй закрытасьці яна пераўзыходзіла многія афіцыйныя мерапрыемствы. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў толькі заявіў, што да сьнежня будуць падрыхтаваныя зьмены ў статутныя дакумэнты арганізацыі, якія ў далейшым дазволяць пазьбегнуць надзвычайных сытуацый, аналягічных тым, што здарыліся сёлета ў Кіргізстане. Таксама Мядзьведзеў сказаў, што на сьнежаньскім саміце АДКБ кіраўніцтва альянсам пяройдзе да Аляксандра Лукашэнкі. Ён мусіў ачоліць арганізацыю яшчэ летась, аднак з-за малочнай вайны байкатаваў сустрэчу і ў Маскву не паехаў.

Самому Лукашэнку ў Ерэване слова ці то ня далі, ці ён наўмысна пазьбягаў публічнасьці. Афіцыйныя беларускія СМІ цытавалі толькі ранейшыя выказваньні беларускага лідэра, якія ён рабіў у зьвязку зь ня самай эфэктыўнай, на яго думку, дзейнасьцю АДКБ. Таксама не было ніякіх паведамленьняў пра магчымыя перамовы беларускага кіраўніка з замежнымі калегамі. Як кажа палітоляг Уладзімер Мацкевіч, такая закрытасьць спараджае нямала пытаньняў:

Уладзімер Мацкевіч
"Цяжка меркаваць, што насамрэч было за зачыненымі дзьвярыма, але на саміце АДКБ адбылася пэўная інтрыга. У СМІ ўсё падаецца так, што нібыта Расея аднавіла сваю самаабарончую зьнешнепалітычную дактрыну і дамаглася перамогі на гэтым саміце. Але ж узначаліў АДКБ Лукашэнка. Што гэта азначае? Ці гэта згода Лукашэнкі падпарадкоўвацца зьнешнепалітычнай дактрыне, ці наадварот — тое, што падаецца ў СМІ, не адпавядае рэчаіснасьці? Таму што прызначаць кіраўніком абарончага саюзу чалавека, зь якім галоўны сябра АДКБ — Расея — ня згодны па найбольш вострым цяпер кіргіскім пытаньні, а таксама па ранейшым пытаньні акупацыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, неабачліва. Таму такая інтрыга застаецца. Што насамрэч гэта азначае — пакуль адказаць цяжка. Бо калі б мела месца нейкае абвастрэньне, можна было б усё перайначаць. Калі мець на ўвазе вось гэтую інтрыгу, то афіцыйная інфармацыя папросту не заслугоўвае даверу".

Экспэрты не выключаюць, што насьцярожанаму стаўленьню да Аляксандра Лукашэнкі паспрыяла інфармацыйная кампанія ў расейскіх мэдыях. У фільмах, паказаных расейскім тэлеканалам НТВ, яго вінавацілі ў расправе над палітычнымі апанэнтамі, адмываньні грошай, нават ставіўся мэдычны дыягназ. Ці магла такая масіраваная атака паўплываць на ўдзельнікаў саміту, якія фактычна дыстанцыяваліся ад прэзыдэнта Беларусі? Прынамсі, і за круглым сталом, і падчас калектыўнай фотасэсіі Лукашэнку і блізка не падпускалі да Розы Атунбаевай ці Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Дык ці можна казаць пра вымушаную адзіноту Аляксандра Лукашэнкі ў Ерэване? Сваё меркаваньне выказвае кіраўнік расейскага Фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў:

Аляксей Сіманаў
"Такое цалкам можа быць, але я думаю, што там былі яшчэ нейкія іншыя папярэднія дамоўленасьці паміж бакамі, якія канфліктуюць, ці наадварот, сябруюць. Не бяруся адназначна казаць, бо пра гэта дрэнна ведаю. Для мяне ўся гэтая барацьба бульдогаў пад дываном так і застаецца паддывановай. Тут, разумееце, якая штука… Я вельмі дрэнна стаўлюся да Аляксандра Рыгоравіча, аб чым шматразова выказваўся, у тым ліку ў наўпроставых зваротах да яго самога, пакуль ён практычна не ліквідаваў усю адносна незалежную прэсу на беларускай прасторы. Таму ў мяне няма адчуваньня, што ў адносінах да яго ўчыненая нейкая несправядлівасьць. Зь іншага боку, я глыбока перакананы ў тым, што нэгатыўнае стаўленьне да Лукашэнкі аўтаматычна не азначае адпаведнага стаўленьня да беларускай дзяржавы ці да беларускага народанасельніцтва. Ва ўсялякім выпадку для мяне гэта абсалютна не сынонімы. Для мяне, прыкладам, несумненна, што гэтыя паняцьці трэба падзяляць".

Нагадаем, што Аляксандар Лукашэнка ў суправаджэньні сыноў Віктара і Мікалая прыляцеў у Ерэван 18 жніўня і два дні да пачатку саміту АДКБ бавіў у кампаніі былога прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качарана. Паказальна, што 21 жніўня, калі было прадугледжанае нефармальнае кантактаваньне кіраўнікоў краінаў на возеры Севан, Лукашэнка працаваў па ўласнай праграме. Так, ён наведаў Беларуска-армянскі гандлёвы дом і прысьпешыў калектыў з адкрыцьцём цэнтру. Таксама пабываў на ерэванскім заводзе ў вытворчасьці каньячнай прадукцыі, дзе была дасягнутая дамоўленасьць аб адкрыцьці ў Беларусі філіялу прадпрыемства. У той жа дзень ён завітаў на вытворчае аб'яднаньне ў выпуску брыльянтаў і ювэлірных вырабаў і пазнаёміўся з працэсам сартаваньня і агранкі каштоўных камянёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG