Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: пытаньне з вуліцай Быкава завісла


Новапабудаваная вуліца, якой плануецца даць імя Васіля Быкава
Новапабудаваная вуліца, якой плануецца даць імя Васіля Быкава
Сябра Гарадзенскай гарадзкой тапанімічнай камісіі Вячаслаў Швед лічыць, што памяць Васіля Быкава рана ці позна будзе ўшанаваная ў горадзе, дзе ён пражыў значную частку жыцьця і напісаў свае вядомыя кнігі.

Аднак рашэньне камісіі наконт вуліцы Быкава пакуль знаходзіцца ў замарожаным стане. Чыноўнікі спасылаюцца на “юрыдычныя моманты”, але абяцаюць уключыць гэтае пытаньне, датычнае Народнага пісьменьніка Беларусі, у новую рэдакцыю гарадзкой праграмы “Спадчына”, што будзе прымацца ўвосень на 2011-15 гады.

Доктар гістарычных навук прафэсар Вячаслаў Швед зазначае, што калі яны прынялі рашэньне назваць новую вуліцу за Нёманам імем Васіля Быкава, у яго засталася ўпэўненасьць, што гарадзкія ўлады выканаюць гэта. На новай вуліцы пабудаваны жылы гмах, і яшчэ тры будуюцца, праўда, у пашпарце аб’екту пазначана, што яны маюць канкрэтны адрас — на вуліцы Паповіча, якая знаходзіцца побач. Спадар Швед ня лічыць гэта перашкодай, ён нагадвае, што пакуль там няма ні жыхароў, ні фірмаў, таму будаўнічы адрас няцяжка замяніць на паштовы, проста трэба зацьвердзіць назву вуліцы — імя Васіля Быкава.

Як кажа прафэсар Швед, на жаль, цяпер ад тапанімічнай камісіі больш нічога не залежыць, паскорыць справу могуць толькі самі чыноўнікі, калі будуць мець добрую волю. Хадзіць і зноў прасіць наконт вуліцы Быкава няма сэнсу, можна будзе толькі на наступным пасяджэньні тапанімічнай камісіі запытацца, чаму новая назва не зацьверджаная, і калі гэта будзе зроблена.
Прафэсар таксама мяркуе, што мэмарыяльную шыльду неабавязкова мацаваць на адным з дамоў, дзе калісьці жыў Васіль Быкаў, паколькі жыхары супраць гэтага. Гэта можна зрабіць на сьцяне аднаго з двух будынкаў, дзе разьмяшчалася абласная газэта “Гродзенская праўда”, у якой працаваў пісьменьнік.

Нагадаем, што актывісты Руху “Гавары праўду!” перадалі ў Гарадзенскі гарвыканкам больш за сем тысяч подпісаў у падтрымку вуліцы Васіля Быкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG