Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Вярхоўны Суд не рэабілітаваў Ларысу Геніюш


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




Ларыса Геніюш. Здымак Вячаслава Дубінкі

Заявы аб рэабілітацыі Ларыса і Янка Геніюшы пісалі тройчы – у 1956, 1966 і 1968 гадах. І тройчы атрымлівалі несуцяшальны адказ. Савецкая судовая сыстэма як сьляпы плоту трымалася палажэньняў і кодэксаў, выпрацаваных яшчэ ў сталінскія часы. Хай сабе “ворагаў народу” і перасталі расстрэльваць, але яны мусілі быць у наяўнасьці – на ўсякі выпадак.

Пытаньне аб адмене прыгавору судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суду БССР ад 7 лютага 1949 году ў адносінах да Ларысы Геніюш неаднойчы ўздымалася і ў сувэрэннай Беларусі. Напрыклад, у 1999 годзе з адпаведным хадайніцтвам у Генэральную пракуратуру зьвяртаўся Беларускі Хэльсынцкі камітэт.

Адмоўны адказ за подпісам намесьніка старшыні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь Е.М. Царэнка быў нібы сьпісаны з аналягічных адказаў савецкага часу: “Пастановай Прэзыдыюму Вярхоўнага Суду Геніюш Ларыса Антонаўна прызнаная не падлягаючай рэабілітацыі… Яе крымінальная справа вернутая на захаваньне ў КДБ Беларусі”.

Рыхтуючы да выданьня “кнігазбораўскі” том Ларысы Геніюш, я напісаў ліст тагачаснаму старшыні КДБ Уладзімеру Мацкевічу – з просьбай азнаёміцца з той самай справай. Маўляў, пры напісаньні прадмовы сутыкнуўся зь белымі плямамі ў біяграфіі паэткі – дапамажыце. Адказ быў прадказальным – начальнік аддзелу (незразумела – якога) Л.В. Піменаў паведаміў, што “да вырашэньня пытаньня аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш КДБ Рэспублікі Беларусь ня мае магчымасьці дазволіць вам азнаёміцца з матэрыяламі яе архіўнай крымінальнай справы”.

За часы незалежнасьці Беларусі звароты аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш дасылаліся ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы як мінімум пяцёрачы – ад грамадзкіх арганізацый і фізычных асобаў. Безвынікова.

Факт упартай нерэабілітацыі паэткі дзяржаўныя юрысты ў прыватных размовах называюць недарэчнасьцю. Сапраўды, варта зазірнуць у артыкулы 66 і 76 Крымінальнага кодэксу БССР узору 1928 году (!), на падставе якіх і асудзілі Геніюшаў, каб пераканацца, што іх справа разглядаецца сёньня не ў юрыдычнай, а ў палітычнай плашчыні.

Што і пацьвердзілася выступам Аляксандра Лукашэнкі па Беларускім тэлебачаньні ўлетку таго ж 1999 году. Дакладная цытата з таго выступу: “Я разобрался с трудной судьбой Ларисы Гениуш”. Сказаў – як зьвязаў. І вузел гэты не адважыцца разьвязаць ні генэральны пракурор, ні самы вярхоўны судзьдзя.


"Востры сум пранізаў навакольле…"
Востры сум пранізаў навакольле.
Горай зьвера сьляпы чалавек.
Толькі б мець непахісную волю,
магутнейшую волю за зьдзек.
Не падходзьце, я сёньня малюся,
Божай сілы ў грудзёх маіх брак.
З маіх болем заціснутых вуснаў
нават слова ня вырвеш ніяк.
Неспакой у вачох маіх бачыш,
то здаецца табе, што адчай.
Я прывыкла змагацца іначай,
сёньня ж сілы патрэбны маўчаць.
Глянь: ўздымаюцца брудныя хвалі,
неспакойны варожы бярлог.
Ўжо ня раз яны пенай апалі
ля маіх, ля зьняволеных ног.
Не трывожся няроўнасьцю бою,
што адна супраць цемры стаю,
што мне душу атрутаю пояць –
я жа знаю, за што яе п’ю.
Я стрываю, нягода ня скосіць,
стану, голаў падняўшы ўгару…
Мне эстонка дае папяросу.
“Дзякуй, мілая, я не куру”.
Недзе там, ў ценю дрэваў кудлатых,
дзе мая не даходзіць нат весьць,
ёсьць старыя каханыя хаты.
Вось бы там на хвіліну прысесьць!
І душою, параненай горам,
праляцеўшы скрозь цемень і сінь,
праз чужыя дзікія прасторы
ўбачыць землю, дзе ходзіць мой сын.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG