Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачня: ворагі нечакана памірыліся


Уплывовы чачэнскі клан Ямадаевых нечакана абвясьціў аб сваім прымірэньні з прэзыдэнтам Чачні Рамзанам Кадыравым, паведамляе радыёстанцыя "Эха Масквы". У Нядзелю Іса Ямадаеў, які сказаў, што прыехаў у Чачню на просьбу старэйшынаў, сустрэўся з Рамзанам Кадыравым. Пасьля сустрэчы Ямадаеў заявіў, што ўсе супярэчнасьці зьнятыя, а ён сам і яго сябры гатовыя стаць паплечнікамі прэзыдэнта.

Раней Іса Ямадаеў абвінаваціў Кадырава ў забойстве свайго брата Руслана і ў замаху на яго самога і другога брата - Суліма. У красавіку суд Аб'яднаных арабскіх эміратаў пакараў пажыцьцёвым зьняволеньнем двух удзельнікаў замаху на Суліма Ямадаева. Адзін зь няўдалых забойцаў раней працаваў конюхам у Кадырава.

Клан Ямадаевых прымаў удзел у першай чачэнскай вайне на баку Джахара Дудаева. Затым, пасьля канфлікту з вахабітамі, яны, адначасова з Кадыравымі, перайшлі на бок РФ. Канфлікт паміж Ямадаевымі і Рамзанам Кадыравым пачаўся ў 2008 годзе.
XS
SM
MD
LG