Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія мэдыкі раяць есьці болей зялёнай гародніны


Брытанскія навукоўцы зь клінікі дыябэтычнай мэдыцыны Лэстэрскага ўнівэрсытэту (University of Leicester) перакананыя, што вегетарыянства можа прадухіліць ад розных хранічных хваробаў, у прыватнасьці такіх як дыябэт ці інфаркт. Найбольш карыснай у гэтым сэнсе зьяўляецца зялёная ліставая гародніна – шпінат ды ўсе віды капусты


Нават 120 г зялёнай гародніны ў дзень здольныя скараціць рызыку цукровага дыябэту 2 тыпу на 14%

Група ўнівэрсытэцкіх дасьледчыкаў на чале з прафэсарамі Патрыкам Картэрам і Мелані Дэвіс прааналізавалі вынікі шасьці распрацовак дыетолягаў у галіне спажываньня гародніны і садавіны і прыйшлі да высновы, што істотны пазытыўны ўплыў на здароўе чалавека аказваюць толькі тыя стравы, у склад якіх уваходзяць шпінат, спаржа, спаржавая фасоля, качанная, брусэльская, квяцістая ды іншыя віды капусты. Вынікі дасьледаваньняў зьмешчаныя ў спэцыялізаваным выданьні British Medical Journal.

Як лічаць навукоўцы, нават 1,5 порцыі, то бок 120 г зялёнай гародніны, здольныя скараціць рызыку цукровага дыябэту 2 тыпу на 14%. Пры гэтым экспэрты падкрэсьліваюць, што 1,5 порцыі гэта ўсё ж мінімум, чалавеку трэба імкнуцца штодня есьці па 5 порцый гародніны і садавіны.

Падчас сваіх дасьледаваньняў брытанскія мэдыкі, прааналізавалі дадзеныя аб назіраньні за станам здароўя ў агульнай складанасьці 220 тысяч дарослых пацыэнтаў. Нягледзячы на агульную тэндэнцыю істотнага зьмяншэньня рызыкі разьвіцьця цукроўкі пры ўжываньні зялёнай гарадніны, адмыслоўцы адзначылі, што пакуль ня маюць дакладных доказаў, чаму менавіта розным тыпам капусты ды шпінату ўласьцівы падобны ахоўны эфэкт. Выказваліся меркаваньні, што адной з прычын гэтага можа быць высокае ўтрыманьне ў зялёнай гародніне антыаксыдантаў, такіх як вітамін С. Згодна зь іншай тэорыяй, ахоўныя якасьці палягаюць у высокім складзе магнію ў зялёнай гародніне.

Для павелічэньня рызыкі захворваньня на дыябэт чалавеку дастаткова ўсяго толькі 50 г перапрацаванага мяса ў дзень

Дасьледчыкі таксама адзначаюць, што нягледзячы на ўсе рэкамэндацыі, якія пастаянна робіцца прадстаўнікам так званай групы рызыкі, амаль ніхто зь іх не зьядае пяці прапанаваных порцыяў. У лепшым выпадку людзі ўжываюць тры порцыі зялёнай гародніны. А гэта ўсяго толькі 60% неабходных рэчываў для прафіляктыкі з такім складаным захворваньнем. У іншых краінах, асабліва ва Ўсходняй Эўропе, былых савецкіх рэспубліках, сытуацыяй са спажываньнем гародніны яшчэ горш, лічаць брытанскія адмыслоўцы.

Тым часам група амэрыканскіх навукоўцаў з Гарвардзкага ўнівэрсытэту прааналізавала высновы 20 дасьледаваньняў з удзелам больш за мільён людзей з 10 краін сьвету. Як высьветлілася, гародніна зьяўляецца найбольш рэдкай стравай у рацыёне большасьці гэтых схільных да дыябэту пацыентаў. Самая ж папулярная ежа – рознага віду перапрацаванае мяса: сасіскі, кілбаса, вяндліна, шынка, якія ўжываюцца пераважна з хлебам падчас сьняданкаў, абедаў, вячэраў. Як сьведчаць адмыслоўцы, для павелічэньня рызыкі захворваньня на дыябэт чалавеку дастаткова ўсяго толькі 50 грамаў перапрацаванага мяса ў дзень. Тым часам пры ўжываньні ў два разы большай колькасьці неперапрацаванага мяса – ялавічыны, бараніны або сьвініны – рызыкі захварэць на дыябэт няма, пры тым, што і тая, і другая форма мясных прадуктаў зьмяшчае прыблізна аднолькавую колькасьць тлушчу і халестэрыну. Як лічаць навукоўцы, патэнцыйная шкода для здароўя перапрацаванага мяса тлумачыцца дабаўленьнем у яго солі, розных хімічных смакавых дадаткаў ды кансэрвантаў.

Як вынікае з артыкулу, апублікаваным у выданьні Circulation, усе гэтыя смакавыя дадаткі спрыяюць разьвіцьцю атэрасклерозу і паніжаюць талерантнасьць да глюкозы, што, у сваю чаргу, можа спрыяць разьвіцьцю дыябэту і кардыялягічных захворваньняў.
Тым ня менш, дыетолягі зусім ня раяць аматарам мяса адмовіцца ад гэтага прадукту. Проста пажадана перайсьці на неперапрацаванае мяса. Пры гэтым наразаць кавалачкі паменш і выкарыстоўваць больш здаровыя мэтады прыгатаваньня, напрыклад, запякаць у духоўцы. Калі трэба дадаць штосьці для паху, лепш выкарыстоўваць сьвежыя і сушаныя спэцыі і перац, замест солі.

Тым часам шэраг вытворцаў ужо выказалі пратэсты ў сувязі з дасьледаваньнямі гарвардзкіх адмыслоўцаў. Так афіцыйны прадстаўнік Брытанскай асацыяцыі вытворцаў сьвінога мяса заявіў што перапрацаванае мяса ёсьць неад'емнай часткай здаровай дыеты. Асацыяцыя, настойвае на тым, каб былі праведзены дадатковыя дасьледаваньні, перш чым выносіць афіцыйныя рэкамэндацыі адносна ўжываньня сасісак ды іншых прадуктаў з сьвініны.
XS
SM
MD
LG