Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч даслаў сябрам першы ліст з івацэвіцкай калёніі. Выйшаў на волю былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзілі разам з Аўтуховічам. Актывіст "Гавары праўду" Міхась Башура да суду будзе знаходзіцца ў Жодзінскім ізалятары.

Праваабаронца Алег Воўчак падзяліўся зьвесткамі з першага ліста, дасланага Мікалаем Аўтуховічам з калёніі. Аўтуховіча пасьля карантыну зьмясьцілі ў 13-ы атрад, пачуваецца вязень нядрэнна. Раней Аўтуховіч не выключаў, што пачне галадоўку пратэсту, калі не будуць лячыць зубы, але днямі вязьню далі абяцаньне неўзабаве пачаць лячэньне і таму пра галадоўку пакуль гаворка не ідзе.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады да незаконнае абыходжаньне са зброяй.
Актывіст "Гавары праўду" Міхась Башура быў затрыманы 6 жніўня, пазьней яму выставілі абвінавачаньне ў падробцы дакумэнтаў, за што яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Гаворка пра даведку аб прыбытках для атрыманьня крэдыту. Сваёй віны Міхась Башыра не прызнае і кажа пра памылку ў падліках.
Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Прадпрымальніка асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы.
Алег Воўчак плянуе перадаць сябру ў калёнію блэндэр для апрацоўкі ежы, каб было лягчэй есьць. Той блэндэр, які быў у Аўтуховіча ў менскім ізалятары, яму не ўдалося захапіць з сабой ў калёнію, бо на этап яго адправілі ноччу, не даўшы сабраць рэчы. Дарэчы, Аўтуховіч паведаміў пра такую асаблівасьць этапаваньня з Менску ў Івацэвічы: болей за 5 сутак давялося прабыць у Баранавічскім ізалятары, дзе ўмовы ня лепшыя з-за перанаселенасьці. Чаму вязьняў гэтак доўга трымаюць на этапе, праваабаронцу незразумела. І вось яшчэ што, паводле Алега Воўчака, распавёў, Мікалай Аўтуховіч.

"Ён, відаць, разгублены, што пра яго справу быццам як і сталі забываць. Дамагліся, што зьнялі абвінавачаньне ў тэрарызьме, а з астатнім зьмірыліся".

Алег Воўчак працытаваў словы з ліста Аўтуховіча: "Відаць, давядзецца мне сядзець тут усе 5 гадоў...".

Праваабаронца заклікае людзей, якім не абыякавы лёс Мікалая Аўтуховіча, ліставацца зь ім адрасе:

"Івацэвічы-3, выпраўленчая ўстанова №5, атрад №13, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу".

Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў датэрмінова выйшаў на волю, скарыстаўшы амністыю. Зьвесткі "Свабодзе" пацьвердзіў адвакат Казлова Барыс Ляскоўскі.

"Так, ён выйшаў з калёніі. Гэта было яшчэ 8-га жніўня, на наступны дзень ён мне патэлефанаваў. Яму па амністыі скарацілі тэрмін на год і дакладна як споўнілася год ягонага знаходжаньня пад вартай, яго выпусьцілі".

Паводле адваката, Міхаіл Казлоў быў вельмі задаволены, сказаў, што пачуваецца добра, а пра далейшыя пляны нічога не сказаў.

Нагадаю, былога супрацоўніка гарадзенскай міліцыі Міхаіла Казлова судзілі разам з Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімерам Асіпенкам, якія нібыта рыхтавалі замах на экс-старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімера Саўчанку ды іншых чыноўнікаў. Паводле сьледзтва, Казлоў нібыта даведаўся пра злачынныя дзеяньні сваіх знаёмых, але не паведаміў "куды трэба". Міхаіл Казлоў сваёй віны не прызнаў, але ў выніку суд палічыў яго вінаватым ў невыкананьні службовых абавязкаў і асудзіў на 2 гады зьняволеньня. Адбываў пакараньне Міхаіл Казлоў у віцебскай калёніі.

З 18-га ў Жодзінскім сьледчым ізалятары знаходзіцца актывіст кампаніі "Гавары праўду" Міхась Башура. Паводле адваката Тамары Сідарэнкі справу актывіста "Гавары праўду" Міхася Башуру сьледзтва зьбіраецца завяршыць да 26 жніўня.

Пра ўмовы ўтрыманьня Башуры ў Жодзінскім ізалятары адвакату і сваякам вязьня нічога невядома. "Спатканьні зь ім сваякам не дазваляюць, лістоў яшчэ не было, а мае сустрэчы пакуль адкладваюцца", -- паведаміла адвакат Сідарэнка.

У Івацэвіцкай калёніі і ў Бабруйскай турме працягваюць утрымліваць Уладзімера Асіпенку і Андрэя Бандарэнку. Паводле сваякоў, вязьні паведамляюць дамоў, што зь імі "ўсё нармальна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG