Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынства ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы пяройдзе ў сьнежні да Беларусі. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў па выніках сёньняшняй працы першага дня нефармальнага саміту АДКБ ў Ераване.

У Ерэване працягвае працу нефармальны саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Асноўныя тэмы абмеркаваньня: стабілізацыя сытуацыі ў Кіргізстане, а таксама антрыкрызісныя захады ў рамках АДКБ. Пра першы дзень саміту расказвае карэспандэнт Радыё Свабода Саргіс Аруцюнян:

"Асноўны вынік саміту быў такі, што прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў абвясьціў, што да сьнежня краіны-ўдзельніцы агранізацыі павінны падрыхтаваць прапановы, каб палепшыць мэханізмы АДКБ, антыкрызісныя мэханізмы і зрабіць іх больш эфэктыўнымі. Можна зрабіць выснову, што АДКБ будзе мяняць сваю сутнасьць у тым пляне, што будуць стварацца новыя мэханізмы, як сказаў прэзыдэнт Мядзьведзеў, з пашыранымі паўнамоцтвамі. Гэта асноўная выснова, асноўная тэма саміту.

Што да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Ерэван, візыт быў праватны, як было сказана, Лукашэнка прыбыў у Ерэван два дні таму. Магу сказаць, што ўчора ён сустрэўся з былым прэзыдэнтам Армэніі Робэртам Качар'янам. Тут у прэсе абмяркоўвался такая вэрсія, што пры дапамозе Ерэвану Менск і Маскава паспрабуюць урэгуляваць свае адносіны.

Саміт прадоўжыцца яшчэ два дні, і будуць двухбаковыя сустрэчы на працягу вось гэтых двух дзён.

Прэзыдэнт Расеі таксама абвясьціў, што са студзеня наступнага году старшынства АДКБ пяройдзе да Беларусі, і сказаў, што ён рады, што беларускі бок гатовы прыняць гэтае старшынства, і магчыма, я зноў паўтару гэта, у гэтым і ёсьць нейкі мэсыдж, што адносіны паміж Менскам і Масквой ужо ідуць да лепшага".




Кіраўнік Аналітычнага цэнтру глябалізацыі і рэгіянальнага супрацоўніцтва Сьцяпан Грыгаран у гутарцы з журналістам Радыё Свабода заявіў, што АДКБ зьяўляецца ў нейкім сэнсе стрымліваючым фактарам.

«АДКБ ня можа задаволіць ўсе чаканьні ўсіх дзяржаваў-членаў па той простай прычыне, што членамі арганізацыі зьяўляюцца толькі 7 краін СНД, некаторыя з іх, такія як Армэнія, нават ня маюць адзін з адным агульнай сухапутнай мяжы. Чатыры краіны-члена зьяўляюцца дзяржавамі Цэнтральнай Азіі і, натуральна, іх інтарэсы дастаткова сур'ёзна адрозьніваюцца, скажам, ад інтарэсаў Армэніі, ці Беларусі», – адзначыў Сьцяпан Грыгаран, дадаўшы, што Кіргізстан і Таджыкістан, што ёсьць членамі АДКБ, знаходзяцца ў даволі цяжкіх палітычных, эканамічных і сацыяльных умовах.

«З усяго гэтага вынікае, што сыстэма не магла быць вельмі эфэктыўнай. І тым ня менш, АДКБ пачала адыгрываць некаторую ролю. У пытаньні забесьпячэньня нашай бясьпекі гэтая роля невялікая, але ў дамове ёсьць пункт 4, згодна зь якім, дзяржавы-члены абавязаныя абараніць дзяржаву-члена, у дачыненьні да якой якая-небудзь краіна, што не зьяўляецца членам АДКБ, прадпрымае ваенныя дзеяньні ці пагражае імі. Гэта ў некаторай ступені зьяўляецца стрымліваючым мэханізмам для таго ж Азэрбайджану, калі апошні наважыцца пачаць ваенныя дзеяньні", – адзначыў армянскі аналітык.


АДКБ – ваенна-палітычны саюз, які ставіць сваёй мэтай пашырэньне супрацоўніцтва краінаў рэгіёну ў пытаньнях бясьпекі. Чальцамі аб'яднаньня зьяўляюцца Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG