Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шпіталях на Гомельшчыне не працуе апарат дазымэтрычнага кантролю


Чарнобыльскія ліквідатары, якія жывуць у Ельскім раёне Гомельскай вобласьці, зьвярнуліся ў сацыяльна-экалягічнае грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў” з тым, што ні яны, ні іншыя жыхары ня могуць на месцы прайсьці дасьледаваньне на ўзровень назапашваньня ў арганізме радыёнуклідаў.

У цэнтральным раённым шпіталі ўжо доўгі час не працуе ўстаноўка “СІЧ” — лічыльнік імпульсаў чалавека. На яго наладку ў шпіталя нібыта бракуе грошай.

Сябра праўленьня “Цэнтру чарнобыльскіх ініцыятываў”, ураджэнец Ельску Васіль Сіліверст, які й сам зьяўляецца ліквідатарам, зьвярнуўся з заявай да старшыні райвыканкаму Мікалая Процыка й галоўнага лекара шпіталю, каб яны вырашылі гэтае пытаньне. У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца, што пасьля Чарнобыльскай катастрофы насельніцтва Ельскага раёну “знаходзіцца пад радыяцыйнай нагрузкай. Смяротнасьць ды інваліднасьць у асяродзьдзі ліквідатараў значна вышэй сярэдніх паказьнікаў па Рэспубліцы Беларусь”.

Пры гэтым спадар Сіліверст спасылаецца на меркаваньне аддзелу Дзяржаўнага дазымэтрычнага рэгістру Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека, што пытаньне пра функцыянаваньне “СІЧ” цалкам можна вырашыць на мясцовым узроўні.

Як жыхар Калінкавічаў Васіль Сіліверст зьдзівіўся, што апарата дазымэтрычнага кантролю “СІЧ” няма і ў калінкавіцкім шпіталі, які абслугоўвае багата тутэйшых чарнобыльцаў. Ліквідатар зьвярнуўся ва ўправу аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму па дапамогу.

Начальнік управы Мікалай Васількоў адказаў у лісьце на імя Сіліверста: “Закупка апарата заплянавана на 2011 год за кошт сродкаў мясцовага бюджэту Калінкавіцкага раёну”.
XS
SM
MD
LG