Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часам бывае карысна і цікава пачытаць жоўтую прэсу. “Bild“, напрыклад, ці “Комсомольскую правду в Белоруси”.

“Завхоз школы убил дворника шкафом”.

“Леди ГаГа делает трусы из писем своих фанатов”.


“Грибы захватили власть над муравьями ещё 48 миллионов лет назад”.


Гісторыі, што хаваюцца пад загалоўкамі такога кшталту, ня толькі абуджаюць брудныя фантазіі, але часта наводзяць і на не абы-які роздум. Жыцьцё ў жоўтым сьвеце вясёлае і дынамічнае, як на Дзікім Захадзе, ніякай аднастайнасьці, ніякай шэрасьці, адна зыркая жаўцізна, кожны мае шанец стаць героем: калі не галоўным, дык прынамсі трапіць на другі плян – як сьведка, як бабулька на лавачцы ля пад’езду. Нуднае тут забаронена, кожны абавязаны мець сваю фішку, хаця б пасьмяротную.

Прыкладам, калі тут нараджаюць дзяцей, то з гэтымі дзецьмі не здараецца нічога добрага: іх ці забіваюць, ці гвалцяць, ці даюць ім імя “Адольф Гітлер”, ці іхны тата сьвяткуе свой соты дзень нараджэньня; у найлепшым выпадку яны падаюць зь дзявятага паверху ці іхная мама здымаецца ў порнафільмах. Сьмерць, сьмех і сьмецьце тут заўжды ходзяць разам, як міліцэйскі патруль, і сочаць за тым, каб у жоўты сьвет не пракралася якая банальшчына.
Сьмерць, сьмех і сьмецьце.
Асабіста мне да спадобы гісторыя аднаго адстаўнога маёра, які ўсё жыцьцё адчуваў таемнае пакліканьне да стаматалёгіі. Выйшаўшы ў адстаўку, ён нарэшце вырашыў зьдзейсьніць свае мары. Узброіўшыся патрыманай бормашынай, клеем “Момент”, купленымі на рынку шчыпцамі, дротам і дзіцячым плястылінам, ён узяўся лячыць зубы суседзям. Хатняя практыка існавала нядоўга – пакуль адзін з пацыентаў маёра не падаў у суд…

Страшна падумаць, што ўчыніў бы маёр, калі б адчуваў пакліканьне да хірургіі – або заняўся б, скажам, гінэкалёгіяй ці ўралёгіяй, ці надумаў бы даваць парады па кантрацэпцыі. З другога боку – жаўцізна гэтай гісторыі небясспрэчная.

Той маёр-дантыст меў у сваім распараджэньні, апрача няхітрых
Няведаньне, жарсьць і вера.
“стаматалягічных” прыладаў, тры рэчы, безь якіх мэдыцына ніколі ня стала б мэдыцынай: няведаньне, жарсьць і веру. Зь іх усё пачыналася, менавіта яны і толькі яны былі ў руках чалавека, калі той пачынаў лячыць сабе падобных і сур’ёзна задумаўся пра тое, як не даваць ім пладзіцца і памнажацца.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918

Людзі нараджаюцца ня толькі жывымі, яны нараджаюцца перадусім ацалелымі. Каб чалавек зьявіўся на сьвет, першапачаткова яму трэба пазьбегнуць кантрацэпцыі. Чалавецтва складаецца з ацалелых, людзі – гэта тыя, каго не забіла кантрацэпцыя.
Каго не забіла кантрацэпцыя.
А ацалелым заўжды прыемна даведацца пра прылады і звычкі сьмерці, якая іх абмінула. Яны любяць вяртацца туды, дзе былі на валасок ад гібелі. Сьмерць і сэкс – усё гэта зь лішкам забясьпечвае нам жоўтая прэса. Ці – зь ня меншым посьпехам – кароткая гісторыя кантрацэптываў, казка пра тое, як мы змагаліся зь няведаньнем, верай і жарсьцю.

Варта, відаць, не засяроджвацца на незаслужана пакрыўджаным біблейскім Анане (які ўсяго толькі і рабіў, што, займаючыся з жанчынамі любошчамі, праліваў спэрму на зямлю – а застаўся ў гісторыі як нейкі Піянэр Мастурбацыі) і перайсьці адразу да старажытнага Кітаю, дзе жанчыны, каб пазьбегнуць апладненьня, глыталі кавалачкі разагрэтай у алеі ртуці – і гэта было даволі пасьпяховым сродкам, бо, як вядома, ртуць таксычная і нічога добрага празь яе з жывымі арганізмамі не адбываецца. Зрэшты, гэта, як бачым, не перашкодзіла кітайцам стаць самай шматлікай нацыяй на плянэце. У старажытным Эгіпце галоўны мэтад кантрацэпцыі выглядаў ня так радыкальна: перад полавым актам жанчына ўводзіла ў похву сумесь кракадзілавага лайна і мёду: і вырашальную ролю тут адыгрывала лайно – з-за сваёй высокай кіслотнасьці. Увогуле, лайно кракадзіла можна лічыць першым спэрміцыдам у гісторыі чалавецтва – прынамсі, першым, чыё існаваньне зафіксаванае пісьмова.

Саран з Эфэсу, грэцкі гінэколяг, які практыкаваў у Рыме недзе ў ІІ-ІІІ стагодзьдзі, раіў жанчынам пасьля любошчаў кашляць, смаркацца і скакаць на месцы, каб запабегнуць цяжарнасьці. Іншыя грэцкія дактары рэкамэндавалі засоўваць у похву палавінку граната –
Раіў жанчынам пасьля любошчаў.
той самы спосаб, але з кавалкам цытрыны, даволі шырока выкарыстоўваўся ў Эўропе ажно да эпохі Асьветніцтва: натуральна, у мясьцінах, дзе ў цытрынах не было недахопу. У Пэрсіі з тымі самымі мэтамі кабеты выкарыстоўвалі губку, прамочаную алькаголем, ёдам, карболам і хінінам. Арабскія намады, якія даўно высьветлілі, што камень, пакладзены ва ўлоньне вярблюдзіцы, замінае ёй прыносіць прыплод, карысталіся гэтым досьведам і ў дачыненьні да жанчын: у якасьці ўнутрыматачных кантрацэптываў ім прапаноўваліся шкляныя шарыкі, пярліны, чорнае дрэва, кавалачкі жалеза, конскі волас і іншыя правобразы будучых дыяфрагмаў-каўпачкоў з лятэксу.

Густаў Клімт. Даная. 1907

Ня ведаю, як дзе, а ў Нямеччыне бацькам кандома называюць італьянца Габрыэле Фалёпіё (нават у прозьвішчы чуецца нешта-нейкае гэткае). Сам тытул гучыць даволі недарэчна, бо доктар Кандом (або, паводле іншых крыніцаў, Контан) вынайшаў свой знакаміты кантрацэптыў толькі праз сто гадоў пасьля Фалёпіё. Доктар Фалёпіё, адкрывальнік ня толькі прэзэрватываў, але і названых у ягоны гонар трубаў у жаночым арганізме, выкладаў у Падуанскім унівэрсытэце – усяго празь некалькі дзясяткаў гадоў пасьля таго, як яго скончыў Скарына.
Каб больш падабацца жанчынам.
Хто ведае, можа яны і былі знаёмыя. Адзін стаў друкаваць кніжкі, а другі выпрабаваў вынайдзеную ім прыладу на 1000 падуанцаў – вынікі былі ашаламляльныя. Прэзэрватыў Фалёпія меў 20 сантымэтраў даўжыні, быў зроблены з ільну і завязваўся ружовай стужачкай – паводле сьведчаньняў сучасьнікаў, “каб больш падабацца жанчынам”. Фалёпіё рашуча пратэставаў супраць таго, каб вынайдзеную ім прыладу назвалі ў ягоны гонар, яму было дастаткова трубаў; ён, відавочна, памятаў гісторыю з Ананам і баяўся, як бы нашчадкі чаго не наблыталі – можа, таму ў часы доктара Кандома пра італьянца ніхто і ня ўспомніў.

Праўда, першапачаткова прэзэрватыў прызначаўся не дзеля кантрацэптыўных мэтаў, а выключна для абароны ад вэнэрычных хваробаў. Выкарыстаньне яго марудна ўваходзіла ў моду яшчэ і з-за нязручнасьці. Прылада Фалёпіё была яшчэ адносна гуманная – шмат хто быў вымушаны карыстацца тоўстымі, грубымі кандомамі з кішак жывёлаў, а таксама вырабамі з рыбіных пухіроў.

Ангельскі доктар Кандом, уласна, таксама дзейнічаў ня з мэтай ашчасьлівіць чалавецтва – ён атрымаў заданьне вынайсьці сродак, які мог бы абараніць караля ад пранцаў. Ён узяў авечую кішку, змазаў яе алеем – і вось у A Classical Dictionary of the Vulgar Tongue (Лёндан, 1785) ужо зьяўляецца такі артыкул: “Кандом – высушаная кішка авечкі, якую надзяваюць мужчыны пры полавым акце, каб пазьбегнуць інфэкцыі”. У тым самым стагодзьдзі, калі доктар Кандом грудзьмі стаў на абарону свайго караля, менш спрытныя ангельскія лекары пачалі першымі ў сьвеце праводзіць вазэктамію – бязьлітасна, груба і тым ня менш эфэктыўна.

Супрацьзачаткавым сродкам прэзэрватыў стаў толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя, калі мужчынская частка чалавецтва нарэшце разабралася з тым, як вырабляць якасную гуму для сваіх машын, жонак, палюбоўніц і прэзэрватываў.
Бог выйшаў у адстаўку.
Парадаксальным чынам распаўсюд кантрацэптываў горача віталі фэміністкі, якія сталі іх першымі ахвярамі: прыкладам, у пачатку ХХ стагодзьдзя ў Нью-Ёрку ўлады зачынілі клініку, арганізаваную фэміністкай Маргарэт Сэнджэр, за амаральнасьць – там знайшлі кандомы і розную падазроную літаратуру: інструкцыі па эксплюатацыі кантрацэптываў.

А неўзабаве пасьля другой сусьветнай вайны надышла эпоха татальнай аральнай ды бар’ернай кантрацэпцыі, што ўжо зусім ня так цікава… Ніхто ўжо не глытаў ртуць і не завязваў какетлівай ружовай стужачкай льняныя мяшэчкі. Чалавецтва канчаткова прыватызавала сэкс і бог выйшаў у адстаўку, каб нарэшце заняцца сваім пакліканьнем – хто ведае, якім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG