Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У армянскай сталіцы працуе нефармальны саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Асноўная тэма, прапанаваная да разгляду, — захады на стабілізацыю сытуацыі ў Кіргізстане.

Аднак галоўную інтрыгу мерапрыемства аналітыкі зьвязвалі з Аляксандрам Лукашэнкам, які ня толькі даў прытулак зрынутаму прэзыдэнту Кіргізстана Курманбеку Бакіеву, але і паступова сышоў у глыбокую апазыцыю да Крамля, вінавацячы кіраўніцтва Расеі ў палітычным і эканамічным шантажы. Таксама зьявілася інфармацыя пра магчымасьць далучэньня Беларусі да фактычна антырасейскага альянсу ГУАМ. Нават дасьведчаныя экспэрты задаваліся пытаньнем: пра што можна дамаўляцца ў такой сытуацыі?


Саміту АДКБ папярэднічаў афіцыйны візыт у Армэнію прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Па выніках ягоных перамоваў з армянскім кіраўніком Сержам Саргсянам быў падпісаны стос стратэгічных пагадненьняў — ад падаўжэньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Армэніі да 2044 году да будаўніцтва атамнага энэргаблёку на армянскай тэрыторыі.

Аляксандар Лукашэнка ад'ехаў у Ерэван яшчэ 18 жніўня, аднак ніякіх падрабязнасьцяў пра ягоныя кантактаваньні з кіраўніцтвам гэтай краіны не агучана. Падобна, што ён папросту сумясьціў карыснае з прыемным, узяўшы адпачынак. Армянскія журналісты даведаліся: Лукашэнка ў суправаджэньні старэйшага сына Віктара правёў два дні ў кампаніі экс-прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качарана. Летась сябры ўжо каталіся на лыжах на курорце Цахкадзор, тады побач з Лукашэнкам быў малодшы сын Мікалай.

Экспэрты выказвалі меркаваньне, што кіраўнік Беларусі можа ўвогуле праігнараваць сустрэчу ў рамках АДКБ. Прынамсі год таму такая сытуацыя ўжо была: на тле малочнай вайны з Расеяй Лукашэнка байкатаваў аналягічны саміт у Маскве (сёлета з-за асаблівай пазыцыі Ўзбэкістану на падзеі ў Кіргістане на такі ж крок пайшоў узбэцкі лідэр Іслам Карымаў). Цяпер адносіны на ўзроўні кіраўнікоў Расеі і Беларусі яшчэ больш напружаныя: прэзыдэнты завочна абменьваюцца выпадамі на мяжы фолу, вядзецца інфармацыйная вайна праз СМІ. Як лічыць расейскі экспэрт па постсавецкіх краінах Аркадзь Дубноў, спроба пасадзіць за круглы стол палітычных антаганістаў досыць авантурная, паколькі складана дамовіцца нават па асноўным пытаньні, вынесеным на парадак дня:

Аркадзь Дубноў
"Калі гаварыць пра нейкае адзінства ў АДКБ, то яно здаецца досыць прывідным. Прыкладам, прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў удзел у ерэванскім саміце не бярэ, яўна дэманструючы гэтым аддаленасьць ад любых рашэньняў АДКБ па Кіргізстане. Зь Беларусьсю яшчэ больш нявызначаная сытуацыя: нягледзячы на прыезд у Армэнію Аляксандра Лукашэнкі, разьлічваць на ягонае салідарнае з Масквой стаўленьне да кіргіскай праблемы было б абсалютна дачасна. На гэта могуць разьлічваць хіба што зацятыя аптымісты, калі ўлічваць чарговы віток скандалу ў адносінах Масквы і Менску, а таксама прытулак, прадстаўлены ў Беларусі зрынутаму прэзыдэнту Кіргізстану Курманбеку Бакіеву".

Назіральнікі не выключалі, што Лукашэнка паехаў у Ерэван перадусім дзеля замірэньня са сваім расейскім калегам. У прыватнасьці, гучала думка, што кіраўнік Беларусі дасьць "задні ход" і аслабіць цуглі што да прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Пасьля таго, як беларускі прэзыдэнт заявіў, што "ніякага ўрачыстага абяцаньня" на гэты конт не даваў, у крамлёўскай адміністрацыі пацьвердзілі гатоўнасьць апублікаваць стэнаграму з публічным абяцаньнем Лукашэнкі прызнаць рэспублікі. Экспэрт у беларуска-расейскіх дачыненьнях Андрэй Суздальцаў лічыць, што адно з прынцыповых для Масквы пытаньняў Менск зьбіраўся спусьціць на тармазах, а ў такім выпадку спадзявацца на нейкія дывідэнды ад Расеі не выпадае:

Андрэй Суздальцаў
"У расейцаў ёсьць такая прымаўка — дарагая лыжка ў абед. То бок, калі для Беларусі значнасьць гэтага фактару паступова згасала, то для Расеі яна заставалася актуальнай. І стала цікава: ну колькі ж можна вадзіць за нос? У Маскве, натуральна, пра гэта не забыліся, хоць у Менску, напэўна, разьлічвалі, што ў Крамлі на ўсё забудуцца. Не, не забыліся, хто быў з намі ў дні вайны, а хто адседжваўся ў кустах… Мы бачым, што цяпер Менск здувае пыл з ранейшай аргумэнтнай базы. Дадалося тое, што ў элемэнтах звычайнага ўгавору зьявіліся спробы ўціску. Маўляў, эканоміка Беларусі мае шырокі дыяпазон кантактаў з Захадам, таму Масква мусіць гэта ўлічваць. Бо калі што, Беларусь мае магчымасьць манэўраў на зьнешнепалітычным полі".

Не выключалася і іншая крайнасьць: у апошнія дні мусіравалася інфармацыя пра нібыта падрыхтаваную прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі для свайго беларускага калегі прапанову пераарыентавацца з АДКБ на ГУАМ — арганізацыю, якая аб'ядноўвае крытыкаў Расеі: Грузію, Малдову, Азэрбайджан і Ўкраіну. Маўляў, пасьля таго, як з прыходам да ўлады Віктара Януковіча Кіеў зьмяніў зьнешні вэктар на прарасейскі, вакантнае месца магла б заняць Беларусь. У Менску такую ракіроўку пакуль не камэнтуюць.

З улікам неафіцыйнага фармату саміту АДКБ, Аляксандар Лукашэнка, падаецца, патрапіць пазьбегнуць непрыемных сытуацыяў і вострых пытаньняў. У крамлёўскай прэсавай службе яшчэ раней заявілі, што Мядзьведзеў ня мае намеру праводзіць двухбаковую сустрэчу з Лукашэнкам. Нават гіпатэтычна не паўставала такая магчымасьць у выпадку з кіраўніцай Кіргізстану Розай Атунбаевай. Пакуль Беларусь не рэагуе на патрабаваньні выдаць Бакіева, Бішкеку і Менску абмяркоўваць няма чаго. Дый з астатнімі вышэйшымі асобамі даводзіцца абмяжоўвацца збольшага кулюарнымі размовамі.

Рыгор Кастусёў
Тым часам беларускія дэмакратычныя палітыкі крытычна ставяцца да ўдзелу Беларусі ў АДКБ. Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з заявай, у якой заклікаў улады выйсьці з АДКБ. Па словах палітыка, далейшы ўдзел Беларусі ў гэтай арганізацыі пагражае ўцягваньнем краіны ў лякальныя вайсковыя канфлікты ў Цэнтральнай Азіі. Зь іншага боку, Лукашэнка разглядае АДКБ як яшчэ адну пляцоўку для шантажысцкага гандлю з Масквой у кан’юнктурных мэтах. Хоць, як лічыць Рыгор Кастусёў, Лукашэнку самому хацелася б бачыць у АДКБ своеасаблівы "дыктатарскі інтэрнацыянал" дзеля абароны аўтакратычных рэжымаў — "накшталт таго, які існуе сёньня ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG