Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр грузінскай дыяспары: "Зьвесткі пра грузінскі транзыт у Расею перабольшаныя"


У Беларусь штодня прыяжджае некалькі тысяч турыстаў, у тым ліку некалькі дзесяткаў з Грузіі. Ці праўда, што большасьць зь іх выкарыстоўваюць Беларусь як транзытны калідор ў Расею?

У сярэдзіне жніўня сьледчая ўправа МУС завяла справу аб арганізацыі каналу незаконнай міграцыі грузінскіх грамадзян празь Беларусь ў Расею. Паводле сьледзтва, былы грамадзянін Грузіі, які мае дазвол на жыхарства ў Беларусі і беларускі грамадзянін, начальнік цягніка "Менск-Масква" за час свайго "супрацоўніцтва" незаконна пераправілі ў Расею каля ста "нелегалаў" з Грузіі. Прадстаўнік прэсавай службы Беларускай чыгункі Вольга Кацішэўская паведаміла апошнія зьвесткі пра гэтую справу: начальнік цягніка ўзяты пад варту і ўжо зьняты са сваёй пасады, але абвінавачаньне яму яшчэ ня выставілі. Увогуле адмыслоўцам на чыгунцы не зразумела, у чым ягоная віна.
ня мусяць праваднік ці начальнік цягніка правяраць ў пасажыра наяўнасьць у яго візы ...

"Вось да нас прыйшла зь міліцыі папера, што такая ёсьць справа, але ў чым ён падазраецца, нават не пазначана. Аднак дакладна, што ня мусяць праваднік ці начальнік цягніка правяраць ў пасажыра наяўнасьць у яго візы. Гэта не ўваходзіць у іх кампэтэнцыю".

Паводле зьвестак зь міліцыі, беларускі чыгуначнік нібыта дапамог нелегальна пераправіць у Расею каля ста грамадзян Грузіі, якім уезд у Расею з розных прычын забаронены. Ці шмат грузінаў едзе ў Расею на беларускіх цягніках? Гэтае пытаньне, паводле Вольгі Кацішэўскай, ніхто адмыслова не вывучаў, але, мяркуючы па яе кансультацыях з калегамі, гэта вельмі малыя лічбы — "адзінкі", як сказала супрацоўніца чыгункі.

Раланд Каўтарадзэ — старшыня грузінскага таварыства ў Беларусі "Мамулі", што па-грузінску азначае "Айчына". Спадар Каўтарадзэ толькі сёньня прыляцеў з Грузіі, дзе быў у адпачынку. Кажа, што ў самалёце з Тбілісі большасьць пасажыраў была славянскай, а не каўказскай зьнешнасьці.
ня тое што адны грузіны, а большасьць былі рускія ...

"Вось я глядзеў, дык там ня тое што адны грузіны, а большасьць былі рускія. Відаць, адпачывалі там. Таму мне падаецца, што гэта перабольшаныя зьвесткі пра вялікі транзыт грузінаў у Расею празь Беларусь. Нехта адзін гэтак скажа, а другія падхопліваюць. Гэта ўсё чуткі".

Кожны дзень з Грузіі ў Беларусь прылятае самалёт. Паводле Раланда Каўтарадзэ, шмат грузінаў накіроўваецца менавіта ў Беларусь, дзе грузінская дыяспара паступова павялічваецца. Прыкладам, іх арганізацыя "Мамулі" цяпер налічвае болей за 100 актыўных сяброў, а 5 гадоў таму пачыналі ўсяго з пары дзесяткаў. Таксама важным кірункам для грузінаў, якія пралятаюць з Айчыны, стала Эўропа, асабліва пасьля рэзкага пагаршэньня стасункаў з Расеяй, кажа Раланд Каўтарадзэ.

"Ня думаю, што, калі людзей не пускаюць, яны туды будуць усе ехаць. Хутчэй паедуць туды, куды пускаюць. Вось ў Эўропу сталі больш езьдзіць".

Зь верасьня адкрываецца яшчэ адзін авіярэйс у Грузію — ў сталіцу Аджарыі Батумі. Раланд Каўтарадзе акурат адпачываў цяпер ў Батумі і кажа, што гэта будзе вельмі прывабнае для беларускіх турыстаў месца.

"Я езьдзіў туды зь сям'ёй, там вельмі ўсё хутка зьмяняецца. Гэта ўжо ня тая Грузія, што была. Будаўніцтва ідзе паўсюль, стала значна прыгажэй".

Раланд Каўтарадзэ назваў "вельмі добрымі" цяперашнія адносіны Грузіі і Беларусі і не адмаўляў, што ў вялікай ступені гэта абумоўлена непрызнаньнем Беларусьсю незалежнасьці грузінскіх тэрыторый Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG