Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Напярэдадні новага навучальнага году беларускія ўлады ліквідуюць яшчэ 52 школы. А ў папярэднія два гады колькасьць устаноў адукацыі зьменшылася амаль на 200. Прычынай чыноўнікі называюць малакамплектнасьць школ — гэта значыць, у іх існуе недабор вучняў і лішняя колькасьць настаўнікаў ды тэхнічных працаўнікоў.

Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды" высьвятлялі, дзе будуць вучыцца дзеці і працаваць дарослыя з зачыненых школ?

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Начальства — на поўдзень, вучні — на поўнач

На Гомельшчыне сёлета ня стала 7 дзённых і адной вячэрняй школы. У іх ліку й Беліцкая базавая школа, што ў Рагачоўскім раёне.

У будынку школы мясцовыя ўлады зьбіраюцца адкрыць так званы сацыяльна-бытавы комплекс, швейны цэх ды іншае.

Блізу трох дзесяткаў школьнікаў, якім 1 верасьня належыць сесьці за парты, раённае начальства зьбіраецца падвозіць аўтобусам у Стаўпнянскую сярэднюю школу. Яна знаходзіцца за 5 кілямэтраў на поўдзень ад Беліцка.

Аднак такое рашэньне задавальняе ня ўсіх школьнікаў ды іх бацькоў. Некаторыя дзеці хочуць працягваць навучаньне ў Гарадцы, які знаходзіцца за 6 кілямэтраў на поўнач.

Гаворыць бацька шасьціклясьніка:
Дзеці хочуць працягваць навучаньне у рускамоўнай школе ...

“Школу зачыняюць — меркаваньні дзяцей і бацькоў падзяліліся. Частка дзяцей хоча вучыцца ў Стоўпні, а частка — у Гарадцы. У Стоўпню падвоз дзяцей гарантуюць, а ў Гарадзец ніяк ня хочуць падвозіць нашых дзяцей. У нашай Беліцкай школе навучаньне вялося на рускай мове. У Гарадзецкай школе навучаньне таксама рускамоўнае. Дзеці хочуць працягваць навучаньне у рускамоўнай школе. Апрача таго, у Гарадцы ёсьць і прафарыентацыйнае навучаньне”.

Ні школьнікі, ні іх бацькі не маюць пакуль уцямнага адказу, ці будзе арганізаваны падвоз дзяцей у Гарадзецкую школу.

Маці школьніцы: “Загадчык раённага аддзелу адукацыі Гузялевіч кажа, што ім нявыгадна падвозіць школьнікаў у Гарадзец. Толькі, каб у Стоўпню. А потым сказаў, што канкрэтна не адкажа на нашае пытаньне. Маўляў, чакайце пакуль”.

З закрыцьцём Беліцкай школы пазбавіліся сталай працы й пэдагогі. Іх разьмяркоўваюць, каго куды — і ў Рагачоў за 30 кілямэтраў, і ў суседнія школы:

“Два — у Гарадзец, адна — у Стоўпню, адна — у школу №2 у Рагачове, адзін — у вучылішча №150 фізруком. Дзевяць чалавек трапляюць пад скарачэньне ў вучэбна-вытворчым камбінаце — тры тэхнічкі, іх пакуль не працаўладкавалі. Некаторым настаўнікам былі непрымальныя прапановы. Бібліятэкар пакуль застаецца бяз справы”.

Школа ў Беліцку існавала з 1953 году. Да 2005 году яна была сярэдняй, апошнім часам існавала як базавая. Зь 1 верасьня ня будзе й яе.

Мясцовыя жыхары апавядаюць, што Беліцк як пасёлак торфабрыкетчыкаў пачаў губляць пэрспэктыву з закрыцьцём торфабрыкетнага заводу.

Закрыцьцё школы наогул робіць марнымі надзеі на яго ажыўленьне ў будучыні.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Скардзіліся ўсюды, але школу зычынілі"

У рэгіёне зачыненыя агулам шэсьць пачатковых, пяць базавых і дзьве сярэднія школы. Вучняў абяцаюць падвозіць транспартам у іншыя школы, а настаўнікі мусяць зьмяніць месца працы.

У вёсцы Хрысава Бярозаўскага раёну ў новым навучальным годзе зачынена базавая школа. Адзінаццаць настаўнікаў і 25 вучняў будуць перанакіраваныя ў суседнія школы. Кажа дырэктар ўжо зачыненай школы:

"Настаўніцкаму калектыву прапануюць новае месца працы. Нехта пойдзе ўжо на адпачынак, нехта далей працаваць. Вымушаныя былі прыняць гэта і пагадзіцца."

Вучні будуць цяпер наведваць школы ў Белаазерску, або ў вёсцы Зьдзітава. Кіраўніцтва райана абяцае пускаць аўтобусы. Але і тут могуць быць праблемы, кажа жыхарка вёскі:
прыйдзецца езьдзіць рэйсавым аўтобусам ...

"У Белаазёрск штодня курсуе аўтобус ад аддзелу адукацыі. Але ён возіць дзяцей у садок. Баюся, што на ім мы будзем спазьняцца на ўрокі. Таму, відаць, прыйдзецца езьдзіць рэйсавым аўтобусам. Але частка дзяцей будзе езьдзіць у Зьдзітава. Раённы аддзел адукацыі абяцае даць дадатковы аўтобус для дзяцей."

Настаўнікі і бацькі да апошняга пісалі ў розныя інстанцыі з просьбай пакінуць школу. Але звароты не былі пачутыя, кажа дырэктарка школы. Для вёскі гэта яшчэ адзін крок у "неперспэктыўнасьць":
Для вёскі гэта яшчэ адзін крок у "неперспэктыўнасьць" ...

"Бацькі і настаўнікі пісалі ў абласны, раённы аддзелы адукацыі. Але адказ быў адназначны. Мала вучняў, школа павінна быць зачыненая. Вёска памірае."

Жыхарка вёскі Мікалаева Камянецкага раёна кажа, што закрыцьцё школы было негатыўна ўспрынята бацькамі. Намагаліся адстаяць сваю школу, але перапіска з чыноўнікамі не прынесла плёну:

"Вельмі хацелі, каб дзеці былі на месцы, няма патрэбы дабірацца ў горад. А так пастаянныя перажываньні, усё ж гэта горад, рух пастаянны. Да Камянца недалёка — чатыры кілямэтры, але ж гэта ў горадзе, а не каля дому."

На месцы школы ўжо гэтым летам была створана турыстычная база, куды прыяжджалі адпачываць дзеці з райцэнтру. Тым ня менш, кіраўніцтва раёну магло падумаць загадзя пра перспэктывы вёсак. Тым больш такіх, якія зусім непадалёк ад гораду, кажа жыхарка Мікалаева:

"Я лічу, што ва ўсім гэтым вінавата наша кіраўніцтва. Зусім недалёка тут раённы цэнтар. Чаму немагчыма стымуляваць будаўніцтва ў нашай вёсцы? Была б тады моладзь, была б і школа. А так, толькі абяцаньні. Кажуць, што дадуць аўтобус, які будзе вазіць дзяцей, а як на самой справе будзе — пабачым."


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Змаганьні плёну не далі, не дапамог і прэзыдэнт"

У Гарадзенскім раёне сёлета зачынілі дзьве базавыя школы. Бацькі Рыбніцкай школы зьвярталіся ў адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем не зачыняць, але змаганьні плёну не далі.

Як зазвычай, у Гарадзенскім РАНА мне патлумачылі, што базавыя школы зачынялі з эканамічных меркаваньняў, маўляў, настаўнікаў у школах больш, чым дзяцей.

Што да працаўладкаваньня настаўнікаў з зачыненых школак, то, як высьветлілася, ня ўсе атрымалі новыя месцы працы. Вось што сказала нашаму радыё намесьніца Гарадзенскага РАНА, спадарыня Валянціна:

Спадарыня: “Мы прапаноўвалі ўсім працаўладкаваньне. Мы сустракаліся з калектывам Рыбніцкай школы, але некаторыя на нашыя ўмовы не пагадзіліся. Што ж, усім будзе выплачана грашовая дапамога ў сувязі зь ліквідацыяй школы”.

Бацькі дзетак Рыбніцкай школы яшчэ ад вясны дамагаліся, каб школу не зачынялі. Яна знаходзіцца ў маляўнічым месцы, у лесе, у ёй працуюць усе камунікацыі, будынак, і прышкольныя надзелы дагледжаныя.

Бацькі зьвярталіся да чыноўнікаў райвыканкаму, тэлефанавалі новаму старшыні аблвыканкама Сямёну Шапіру, а таксама дасылалі ліст у адміністрацыю прэзыдэнта. Напачатку сябры правяраючых камісій прапанавалі бацькам заахвоціць дзетак зь іншых вёсак, каб яны хадзілі ў іх школу.

Спадарыня: “Мы самі, бацькі, паехалі ў Багушоўку, ведаючы, што Цыдовіцкая школа — у аварыйным стане, і туды дрэнна падвозіць дзетак, пагаварылі з бацькамі і сабралі 12 заяваў. Думалі, што ўсё добра, аднак вось нядаўна зноў адказ: зачыняем. Бацькі абураюцца, чаму на тую школу, якая разбураецца, ёсьць грошы зь бюджэту, а на нашу, якая ў добрым стане, грошай не знайсьці”.

Спадарыня дадае і яшчэ адну важкую прычыну, па якой бацькі прасілі чыноўнікаў не зачыняць школку.
Усе нашы дзеці шмат у чым прайграюць, бо яны вучыліся ў беларускамоўнай школе, а ў Парэччы — расейскамоўная ...

Спадарыня: “Усе нашы дзеці шмат у чым прайграюць, бо яны вучыліся ў беларускамоўнай школе, а ў Парэччы — расейскамоўная. Уяўляеце, усе прадметы: матэматыку, хімію, фізыку і іншыя вывучалі па-беларуску. А цяпер ім за год давядзецца ўсё гэта папросту пераламаць”.

Турбуюцца бацькі і пра тое, як іх дзеці ўзімку будуць даяжджаць за 10 кілямэтраў у новую школу, паколькі летась, калі маразы сягалі да 30 градусаў ніякія аўтобусы нікога не вазілі.

І яшчэ бацькоў зьдзіўляе адна рэч.

Спадарыня: “Ведаеце, што ў нашай школцы паабяцалі зрабіць? Дом састарэлых напалову з забаўляльным цэнтрам для дзяцей. Вы сабе такое ўяўляеце?”.



МАГІЛЁЎШЧЫНА


Чыноўнікі кажуць, што ім цяжка кантраляваць школы наводшыбе

У гэтым рэгіёне зачыняюцца пяць вясковых школ. Дзяцей будуць вазіць у школы аграгарадкоў ды райцэнтраў. Закрыцьцё пачатковых устаноў адукацыі чыноўнікі тлумачыць нямэтазгоднасьцю ўтрыманьня малакамлектных клясаў. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

Бяз вучняў застануцца школы ў Магілёўскім, Дрыбінскім ды Клімавіцкім раёнах. Тут засталося да двух дзесяткаў вучняў. Закрыць школы пастанавілі райвыканкамы, гэта паведаміла супрацоўніца абласной управы адукацыі:

“У нас зачыняюцца пяць пачатковых школ. Дзяцей будуць падвозіць у школы аграгарадкоў. Там школы абсталяваныя, ёсьць кадры. У маленькай школе, калі на яна наводшыбе з адным вучнем, кантроль цяжка арганізаваць і затраты вялікія. У калектыве дзеці павінны выхоўвацца й сацыялізавацца ў грамадзтва”.

На Дрыбіншчыне зачыняюць пачатковую беларускамоўную школу ў вёсцы Нарэбы. Васьмярых дзяцей будуць вазіць за дзесятак кілямэтраў у школу з расейскай мовай навучаньня аграгарадку вёскі Міхееўка.

“Ніхто з бацькоў ня выказаў такога пажаданьня, каб іх дзеці вучыліся на беларускай мове. Таму мы нават і не разглядалі так пытаньне. Мы ўжо другі год арганізуем падвоз дзяцей з Карэбскага мікрараёна ў Міхееўскі ясьлі-сад. Там таксама ідзе выхаваўчы працэс на рускай мове”, — патлумачыла супрацоўніца аддзелу адукацыі Дрыбінскага райвыканкаму.

У Магілёўскім раёне ў вёсцы Брылі пачатковую школу пераўтварылі ў дзіцячы садок. два дзесяткі мясцовых школьнікаў адправяцца ў аграгарадок вёскі Кадзіна. Пра сваё беларускамоўнае школьніцтва ім таксама давядзецца забыцца.
у Брылях, зьмяніліся акцэнты на расейскамоўнасьць ...

“Па мінулым годзе, калі быў апошні званок, дзеткі трымалі ў руках кніжкі з надпісам “Буквар”, а праз тры месяцы ў верасьні трымалі “Букварь”. У нас, нават у Брылях, зьмяніліся акцэнты на расейскамоўнасьць. Ніхто не пытаецца асабліва, ці хочуць гэтага бацькі. Проста, і ўсё”, — кажа мясцовы жыхар Мікола Яцкоў.

Паводле спадара Яцкова няпэўная будучыня чакае й мясцовы дзіцячы садок. Калі дзяцей там будзе меней як два дзесяткі, ліквідуюць і яго.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG