Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі сэнатар ня бачыць падстаў падтрымліваць беларускія ўлады


Карэл Шэбэк, Іржы Нэдома, Томаш Ірса

Карэл Шэбэк, Іржы Нэдома, Томаш Ірса

Дэлегацыя чэскіх сэнатараў, якая завяршыла візыт у Беларусь, зрабіла шэраг прапановаў афіцыйнаму Менску. Чэскія палітыкі лічаць: калі Менск іх прыме, то гэта паспрыяе "ўключэньню Беларусі ў шырокую сям'ю эўрапейскіх дэмакратычных краін".

Чэскія сэнатары Томаш Ірса, Іржы Нэдома і Карэл Шэбэк прадстаўляюць сталую камісію сэната па падтрымцы дэмакратыі ў сьвеце. Яны правялі сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, апазыцыі, праваабарончых арганізацый і мэдыяў. Падчас сустрэчы з кіраўніцай сталай камісіі Савета рэспублікі Нінай Мазай дэлегацыя выказала шэраг прапановаў, прыняцьце якіх можа наблізіць Беларусь да Рады Эўропы. Сэнатары нагадалі пра неабходнасьць адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, пра ўключэньне ў выбаркамы прадстаўнікоў кандыдатаў ад апазыцыі, пра адмену артыкулу 193.1 адносна дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таксама яны лічаць, што імкненьне беларускіх уладаў рэгуляваць інтэрнэт і мэдыі ў цэлым супярэчыць агульнапрынятым стандартам. Чэскія сэнатары выказалі надзею, што беларускі парлямэнт "праявіць сваю волю, каб выдаліць зь юрыдычнай сыстэмы гэтыя супярэчлівыя пункты". Падводзячы вынікі сустрэчы зь Нінай Мазай, Томаш Ірса адзначыў:
На некаторыя пытаньні ў нас розныя пункты гледжаньня...

"Мы выказалі свае пажаданьні, свае погляды, а прадстаўніца Савета рэспублікі выказала свае. На некаторыя пытаньні ў нас розныя пункты гледжаньня, і іншы раз у нас было невялікае непаразуменьне. Да прыкладу, у нас узьнікла некаторае непаразуменьне адносна нашай прапановы аб уключэньні ў склад выбаркамаў прадстаўнікоў апазыцыйных партый. Спадарыня Мазай нас пераконвала, што гэта магчыма, але, маўляў, апазыцыя ня можа дамовіцца. Мы абмяркоўвалі гэта і іншыя пытаньні амаль гадзіну. Мы ведалі, што ў нас розныя погляды на гэтыя праблемы. Але спадарыня Мазай ішла нам насустрач. І правільна адзначыла, што ніякія законы не існуюць вечна".

Сэнатары нагадалі, што займаюць пазыцыі Эўразьвязу, Рады Эўропы і АБСЭ адносна недэмакратычнасьці выбараў, у выніку якіх быў абраны беларускі парлямэнт. Аднак гэта адзіная пляцоўка для дыялёгу з афіцыйным Менскам. Адносна сустрэчы зь беларускімі праваабаронцамі спадар Томаш Ірса адзначыў:

"Я ўжо шмат гадоў прадстаўляю Чэхію ў Радзе Эўропы, якая займаецца правамі чалавека. Мы сустрэліся ў Беларусі з шэрагам арганізацый, якія займаюцца правамі чалавека і вядомыя міжнароднай супольнасьці. Нам незразумела адзінае: што некаторыя з гэтых арганізацый не атрымалі рэгістрацыю. Мы закранулі гэтае пытаньне на сустрэчы з прадстаўніцай афіцыйнага парлямэнту".

Томаш Ірса адзначыў, што сэнатары маюць непасрэднае дачыненьне да бюджэту Чэхіі і "хацелі ўсё ўбачыць на свае вочы". Беларусь уключана ў шэраг дзесяці краінаў, якім Чэхія прадстаўляе дапамогу, найперш няўрадавым арганізацыям. Што тычыцца падтрымкі беларускага рэжыму, то спадар Ірса сказаў:
і надалей няма ніякіх падстаў, каб Чэхія падтрымлівала Рэспубліку Беларусь ...

"Я ад'яжджаю з такім меркаваньнем, што і надалей няма ніякіх падстаў, каб Чэхія падтрымлівала Рэспубліку Беларусь ці то ў рамках двухбаковых стасункаў, ці то на ўзроўні Эўразьвязу". (Заўвага рэдакцыі: гэтая цытата была памылкова перакладзеная на прэсавай канфэрэнцыі перакладчыцай. З гэтай нагоды мы пагаварылі з сп. Ірсам асобна.)

Томаш Ірса нагадаў, што апошнія шэсьць гадоў беларускія ўлады не выдавалі яму візы, і ён ня мог наведаць Беларусь. Маўляў, гэта было пакараньне за тое, што Чэхія ў 2005 годзе не дала візу Аляксандру Лукашэнку. Але цяпер сытуацыя памянялася, і візы атрымалі без праблемаў. Пасол Беларусі ў Чэхіі пераканаў, што сэнатары могуць без перашкодаў наведаць Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG