Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Вячорка: "Нашае выключэньне - гэта паніка перад стратай улады ў партыі"


Франак Вячорка

Франак Вячорка

Франак Вячорка камэнтуе сваё выключэньне з шэрагаў Моладзі БНФ.

Ці лічыце вы ваша выключэньне нелегітымным?

Вячорка: Нават у савецкія часы на паседжаньні камсамолу выклікалі і заслухоўвалі вінаватых. Яны ж правялі сход употайкі, старшыню арганізацыі, адказнага сакратара, якога зьнялі з пасады, нават не паінфармавалі. Схаваліся за абстрактнай фармулёўкай: ""ганьбяць гонар і годнасьць сябра Моладзі БНФ?".

Алесь Каліта, які стаў інціыятарам выключэньня, увогуле ня можа быць сябрам Рэвізійнай камісіі, бо зьяўляецца сябрам Сойму і Ўправы Партыі БНФ. У БНФ, як у Лукашэнкі: выканаўчая, заканадаўчая і судовая улада - адныя і тыя ж людзі.

Калі вы сапраўды апошнім часам не прымалі ўдзел у дзейнасьці арганізацыі, крытыкавалі большасьць яе крокаў, то навошта вам сяброўства ў ёй?

Вячорка:
Моладзь БНФ - гэта маё дзіця. Мы яе стваралі як пляцоўку аднадумцаў. Пры гэтым я ніколі не гнаўся за пасадамі. Мы правялі масу кампаніяў: "Я слухаю беларускую музыку", "Супраць адмены льгот", "Абаронім Лошыцкі Парк", "За прафэсійную армію", "За беларусізацыю мабільных апэратараў".

У войску я не спыняў дзейнасьці, некалькі маіх саслужбоўцаў далучыліся да Моладзі БНФ. З красавіка мы правялі акцыі на Дзень дзіцяці, на гадавіну Багдановіча, супраць кантролю за інтэрнэтам, штошаснаццатага выходзілі на Плошчу. З Іванам Шылам ініцыявалі кампанію "Наша Армія", ладзілі паказы фільмаў і канцэрты, падрыхтавалі новы сайт Моладзі БНФ.

Ну выключылі, і што? Хто рабіў - той і будзе рабіць. Работы непачаты край. Наперадзе выбары і Плошча. Дубляжы фільмаў на беларускую. Музычныя, мастацкія праекты.

Якую палітычную ацэнку вы дадзіце вашаму выключэньню, як і іншых падзеям у партыі БНФ апошніх месяцаў?

Вячорка: Янукевіч і Кастусёў разумеюць, што трацяць глебу пад нагамі. Палова фронтаўцаў сышла ў каманды Саньнікава ці Някляева, іншая палова ўжо даўно працуе на Мілінкевіча. Нашае выключэньне - гэта паніка перад стратай улады ў партыі і спроба падмяць апошняе жывое, што засталося ў БНФ - Моладзь.

Сходы па падрыхтоўцы Зьезду Моладзі БНФ адбываецца таемна, інфармацыя - закрытая для сябраў Моладзі БНФ. Іх групоўка дзейнічае як хунвэйбіны ў 60-я гады ў Кітаі, прыкрываючыся кіраўніцтвам Партыі. Мы сутыкнуліся з падлогам дакумэнтаў, фальшывымі сьпісамі дэлегатаў. Нешта падобнае абывалася напярэдадні партыйнага зьезду увосень 2009. Для іх Лукашэнка - ня вораг, а хутчэй прыкрыцьцё.

Усе выключаныя - Койпіш, Крэчка і я - публічныя фігуры, дзейны і былы старшыня, адказны сакратар. За намі сотні пасьпяховых акцыяў, мерапрыемстваў, кампаніяў. Да нас прыходзяць людзі. У іх гэтага няма. Яны сядзяць у сядзібе на Машэрава, складаюць плёткі і іх абмяркоўваюць, калоцяцца ад думкі страціць пасады і фінансаваньне.

Мы да апошняга спадзяваліся, што Кастусёў праявіць палітычную мудрасьць і аб'яднае фронтаўцаў вакол сваёй асобы. Бо істотных разыходжаньняў няма. Наадварот, унутрыпартыйныя інтрыгі узмацніліся. Гэта грызьня ня мае нічога супольнага са змаганьнем з Лукашэнкам. Працягваецца зачыстка палітычна актыўнай моладзі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG