Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У эфіры "Званкі на Свабоду". Слухачы тэлефануюць на “Свабоду”, каб распавесьці, як спэцназаўцы трэніруюцца разганяць акцыі апазыцыі. Многія абмяркоўваюць сэрыял расейскага тэлеканала “НТВ” "Хросны бацька", а таксама выказваюць свае меркаваньні пра дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Марыя Іванаўна з Квасоўкі часта слухае дома праграму дзяржаўнага радыё. Тое, што яна нядаўна пачула, падштурхнула да тэлефанаваньня на “Свабоду”.

"Вельмі цікава па радыё гавораць: 75 % жывуць добра. Як жа? Вы, лукашысты, лічыце? Хлусіце! Калі на ўвесь наш калгас жывуць добра кіраўнік калгасу і яго родныя, а астатнія — жабракі! Ад зарплаты да зарплаты, ад пэнсіі да пэнсіі. Людзі з вас сьмяюцца. Гаварыце вы хоць праўду па "радыёкропцы", не ашуквайце народ. Гэта ж так давялі народ, што ў краму немагчыма хадзіць. Цэны 32, 34, 37 тысяч — і ўсе задаволеныя. Як вам ня брыдка?! Дзяцей у краме ня бачна".

Гэтае выказваньне камэнтуе дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык.

Сяргей Антончык
"Тое, што мы цяпер назіраем, гэта такі рэнэсанс. Так было пры камуністах, калі прапаганда распавядала пра самае бліскучае жыцьцё. А цяпер беларусы натыкаюцца на тыя ж самыя камуністычныя граблі.

Раней нават быў такі анэкдот: "Калі ў цябе нічога няма ў лядоўні, зрабі там радыёкропку — і будзе там усё". Самае цікавае, што сыстэму вяртаюць тую, якая была пры камуністах, але ўжо пры цэнах, якія ў манапольнай сыстэме зьяўляюцца звышвысокімі. Каб гэты эканамічны цуд схаваць ад людзей, ідзе гэтая хлусьня празь дзяржаўную прапаганду. Гэта небясьпечна для самой улады, бо людзі больш ня вераць, і тое, што яны хочуць дамагчыся прапагандай, будзе мець адваротны вынік".

Дэманстрацыя фільму "Хросны бацька" на расейскім тэлебачаньні выклікала рэзананс у грамадзтве. Слухачы выказваюць розныя погляды. Слухачка “Свабоды”, якая лічыць, што аўтары фільма агаворваюць кіраўніка дзяржавы, прапануе прадэманстраваць яго беларускім гледачам на “БТ”.

"Атака на нашага прэзыдэнта з боку Расеі працягваецца па тэлевізіі і ў газэтах. Ці ня лепш было б усе 3 фільм пусьціць па “БТ”, і народ ацаніў бы, дзе праўда, а дзе хлусьня. І не прыйшлося б зноў і зноў вышукваць тых, хто паглядзеў, і караць. Гэта выклікае падвышаную цікавасьць. Вядома, забаронены плод — салодкі, пагатоў ніякіх камэнтароў з боку ўлады няма. А толькі чуткі. Многія ў Беларусі сур’ёзна не ўспрымаюць гэтыя фільмы".

У іншага слухача супрацьлеглае меркаваньне:

Вельмі дакладна паказана 16-гадовая рэчаіснасьць ў фільмах “Хросны бацька”. І хай Зюганаў, Барадзін, Лужкоў і многія іншыя расейцы не праліваюць сьлёзы, што гэта абраза беларускага народа. Гэта ня так".

Слухач патэлефанаваў на Свабоду пасьля таго, як убачыў вучэньні спэцназу:

"Насупраць пасёлка Ліпкі за кілямэтар ад кальцавой дарогі ў лесе праводзяцца вучэньні АМАПу, якія я назіраю з вакна экспэрымэнтальнага цэху. Тут відаць сьцягі бела-чырвоныя, АМАП акружае іх, вялікая колькасьць людзей, машын, хуткая дапамога. Відаць, ідзе падрыхтоўка да выбараў. Вельмі цікава, шкада, што няма тэлекамэры".

Лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча неаднойчы затрымлівалі спэцназаўцы падчас разгону дэманстрацый. Ён ведае, што перш за ўсё спэцназаўцы вырываюць з натоўпу нацыянальныя сьцягі.

Зьміцер Дашкевіч
"Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль адраджэньня Беларусі, сымбаль пераменаў. Натуральна, што Лукашэнка ўспрымае яго менавіта такім чынам. Таму ўсе разгоны акцыі і гэтыя трэніроўкі, пра якія кажа слухач радыё “Свабода”, пачынаюцца з таго, што трэба сьцягі, якія лунаюць над людзьмі і пераўтвараюць натоўп у грамаду, сарваць, затаптаць, парваць і г.д.

Але я ня думаю, што гэтая стратэгія прынясе плён, бо, калі бел-чырвона-белы сьцяг адрадзіўся пасьля 70-годзьдзя камуністычнага тэрору, натуральна, што ён адродзіцца пасьля 16 гадоў лукашэнкаўскага застою".

Пасьля праслухоўваньня праграмы "Званкі на Свабоду" некаторыя слухачы дыскутуюць зь іншымі і выказваюць свае думкі. Вось адно з такіх меркаваньняў:

"Адзін слухач сказаў вельмі мудрыя словы, зрабіў вельмі мудры палітычны аналіз у нашай краіне. Ён сказаў, што апазыцыяй цяпер павінен стаць увесь народ, бо сапраўды наш кіраўнік стварыў вакол сябе такую сілу, войска пад сваю ўладу і сказаў, што будуць адстрэльвацца да апошняга патрона за сваю ўладу. Можна сабе ўявіць, што ён нікога да сябе не падпусьціць, каб нехта забраў уладу. Мы бачым, як у нас распраўляюцца з апазыцыяй, турмы, адлічэньні з вузаў, людзі гінуць, ламаюць людзям рэбры. Як жа можа працаваць апазыцыя, што за 16 гадоў нікога з апазыцыі не дапусьцілі да тэлевізіі, закрывалі газэты. Апазыцыяй мусіць быць сам народ. Тут была перадача з Крупак. Нейкая жанчына ад працы сьвету белага ня бачыць, а кажа: я буду галасаваць за Лукашэнку. Дык вось тут яшчэ трэба зразумець гэты народ, трэба зразумець гісторыю Беларусі, народ, які дзялілі некалькі разоў паміж рознымі дзяржавамі. Таму гэты народ наўрад ці стане так хутка той апазыцыяй, якая патрэбна сёньня".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.
XS
SM
MD
LG