Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь гатовая запусьціць вэнэсуэльскую нафту па "Дружбе"


Беларусь мае ўсе тэхнічныя магчымасьці для арганізацыі транспартаваньня вэнэсуэльскай нафты з партоў Балтыі на прадпрыемства "Нафтан" па магістральным трубаправодзе "Дружба".

Пра гэта са спасылкай на крыніцу ў профільнай дзяржарганізацыі паведамляе "Інтэрфакс".

"Тэхнічна беларуская частка трубы — гэта паўночная галіна магістральнага трубаправода "Дружба" — гатовая да пачатку транспартыроўкі нафты з партоў Балтыі ў Беларусь у любы момант. Прапампоўку можна пачаць, як толькі будзе дасягнута такая дамоўленасьць на міждзяржаўным узроўні ", — сказаў суразмоўца агенцтва.

Паўночная галіна "Дружбы" мае дзьве "ніткі", адна зь якіх арыентавана на Літву, другая — на Латвію.

"Складана меркаваць аб тэхнічнай гатоўнасьці да пачатку прапампоўкі таго ўчастка трубаправода, які разьмешчаны ў Латвіі і Літве, аднак ня думаю, што нават у тым выпадку, калі будзе патрабавацца рамонт, ён будзе маштабным і дарагім, — сказаў суразмоўца агенцтва. — Усё залежыць ад таго, які порт зможа прымаць танкеры з Вэнэсуэлы ".

У гэтай сувязі порт Вэнтспілса найбольш прыстасаваны для перавалкі вэнэсуэльскай нафты для патрэб беларускіх НПЗ. Гэтае пытаньне вывучаецца афіцыйным Менскам, у тым ліку і спэцыялістамі канцэрна "Белнафтахім". У Латвію дзеля перамоваў выяжджала беларуская дэлегацыя. "Але нешта там ня склалася ", — сказаў суразмоўца агенцтва.

Раней прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі даручыў ураду вывучыць магчымасьць арганізацыі транспартаваньня нафты з Вэнэсуэлы ў Беларусь праз парты Балтыі, у тым ліку з выкарыстаньнем трубаправоднага транспарту.

У ліпені беларускі бок пераваліў першую партыю нафты праз эстонскі порт Мууга і паставіў на "Нафтан". Такім маршрутам ужо прынята 2 танкеры. У жніўні літоўская кампанія "Трансхема", створаная пры ўдзеле беларускіх профільных кампаній нафтавай галіны, заключыла кантракт з кампаніяй "Клайпедас нафта" (нафтавы апэратар парта Клайпеда) на перавалку 80 тысяч тон вэнэсуэльскай нафты для Беларусі з наступнай пастаўкай яе на "Нафтан".
XS
SM
MD
LG