Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шанец на выратаваньне вуліцы Гандлёвай


Від вуліцы Гандлёвай з вуліцы Няміга
Від вуліцы Гандлёвай з вуліцы Няміга
На працоўнай нарадзе ў Міністэрстве культуры шукалі кампраміс у справе ўзнаўленьня гістарычнай забудовы вуліцы Гандлёвая ў Менску.

Ад імя Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прэзэнтаваны альтэрнатыўны праект навукова абгрунтаванага адраджэньня гістарычнай забудовы цотнага боку згаданай вуліцы, які ўяўляе сабой эскіз на адбудову двух кварталаў малапавярховай мураванай забудовы другой паловы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў. Цяпер яго трэба арганічна спалучыць зь дзяржаўным праектам, у рэалізацыю якога ўжо ўкладзеныя вялікія сродкі.

Пасьля некалькі гадоў супрацьстаяньня з чыноўнікамі і арганізацыямі, адказнымі за рэканструкцыю ў гістарычным цэнтры Менску, зьявілася спадзяваньне, што далейшае ўзьвядзеньне муляжоў на месцы зруйнаваных архітэктурных помнікаў будзе прыпыненае.

На нарадзе ў Міністэрстве культуры, якая праводзілася пад старшынствам намесьніка міністра Віктара Кураша, разглядалася магчымасьць кампрамісу паміж праектам узнаўленьня вуліцы Гандлёвая, падрыхтаваным арганізацыяй "Мінскпраект", а таксама альтэрнатыўным праектам пад эгідай Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Інтарэсы зацікаўленых бакоў прадстаўлялі начальнік упраўленьня гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі, навуковы кіраўнік праекта ўзнаўленьня гістарычнай забудовы вуліцы Гандлёвая "Мінскпраекту" Натальля Баранец, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, архітэктары Ўладзімір Папруга, Андрэй Лары, Антон Вантух.

Так зараз выглядае вуліца Гандлёвая

Як расказаў Антон Астаповіч, зьяўленьне альтэрнатыўнага грамадзкага праекта матываванае тым, што праект, распрацаваны "Мінскпраектам" для прадпрыемства "Мінская спадчына" -- выканаўцы рэстаўрацыйных працаў --мае шмат нараканьняў як з боку заканадаўства, так і мэтодыкаў яго рэалізацыі:

Антон Астаповіч
"Гэта станоўчы сыгнал у сувязі з тым, што праект, распрацаваны "Мінскпраектам", шмат у чым не адпавядае ні закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, ні мэтодыкам. Адпаведна, цяпер ужо мы займаемся гэтым пытаньнем: пры архітэктурнай сэкцыі створаная спэцыяльная працоўная група з маладых архітэктараў і дызайнэраў, якія правялі ўласнае комплекснае навуковае дасьледаваньне гэтага квартала, зрабілі гісторыка-архітэктурны апорны плян, а затым — вывераную графічна 3D-рэканструкцыю. Праект двойчы разглядаўся на пасяджэньні грамадзкай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры, дзе атрымаў станоўчае заключэньне і рэкамэндацыю разглядзець яго на навукова-мэтадычнай радзе. Таксама праект разглядаўся на нарадзе прафэсарска-выкладчыцкага складу архітэктурнага факультэту БНТУ, дзе ён таксама быў вельмі высока ацэнены".

Неўзабаве вуліца Ганлёвая будзе мець іншы выгляд

Паводле спадара Астаповіча, каб усё не спынілася на ўзроўні размоваў, цяпер ідуць пастаянныя кансультацыі ў пошуку кампрамісу паміж існуючым праектам, у які ўкладзеныя вялізныя бюджэтныя сродкі, і альтэрнатыўным эскізам, на падставе якога можна рабіць архітэктурна-будаўнічы праект. Але на шляху спэцыялістаў, як кажа Антон Астаповіч, узьнікаюць досыць істотныя праблемы:

"Самая вялікая праблема ў тым, што некалькі гадоў таму па вуліцы Гандлёвай былі пракладзеныя цэнтральныя сеткі-калектары з камунікацыямі, якія ўжо разбураюць гістарычныя габарыты вуліцы. І вось зараз нам давядзецца вырашыць, мабыць, самую складаную задачу — знайсьці выйсьце, каб вырашыць гэтую праблему: ці то пераносу гэтых сетак, ці то магчымасьць аднаўленьня кварталаў з улікам ужо пракладзеных сетак, але максымальна набліжанай да гістарычных габарытаў. Таму ў нас тут яшчэ будзе вялікая праца, каб навукова выверана і бездакорна правесьці аднаўленьне забудовы правага боку вуліцы Гандлёвая".

Від вуліцы Гандлёвай з вуліцы Няміга

Архітэктары, гісторыкі, мастацтвазнаўцы ўжо не адзін год дамагаюцца ўзнаўленьня аўтэнтычнай архітэктурна-пляніровачнай структуры Верхняга горада. Аднак высілкамі шэрагу дзяржаўных ведамстваў і галоўнага выканаўцы працаў па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра — прадпрыемства "Мінская спадчына" — старыя кварталы пераўтвораныя ў навабуд. Цалкам ці часткова зьнішчаныя дзесяткі гістарычных пабудоваў, на месцы якіх з сучасных матэрыялаў узводзяцца фактычна новыя дамы, абабітыя сайдынгам, накрытыя мэталячарапіцай, з плястыкавымі вокнамі.

Экспэрты канстатуюць, што гэтыя муляжы ўжо ня маюць ніякага дачыненьня да помнікаў гісторыі і архітэктуры, колькі б шыльдаў пра тое, што яны "ахоўваюцца законам", на іх ні вешала Міністэрства культуры.

Адбудаваны бок
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG