Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым навучальным годзе – тры гадзіны замежнай мовы на тыдзень

  • БелаПАН

Ад 1 верасьня ў беларускіх школах плянуецца ўвесьці тры ўрокі замежнай мовы на тыдзень. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно на прэс-канферэнцыі. Раней у беларускіх школьнікаў было па два ўрокі замежнай мовы на тыдзень.

Паводле слоў Фарыно, праграма дзеяньняў па павышэньні якасьці навучаньня замежным мовам распрацоўвалася міністэрствам апошнія тры гады. Канцэптуальную частку гэтай працы выконвала група пад кіраўніцтвам рэктара Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальлі Баранавай.

Галоўная задача праграмы — пераход ад граматычнага складніка навучаньня замежнай мове да камунікатыўнага, сказаў намесьнік міністра. З гэтай мэтай апрача павелічэньня колькасьці навучальных гадзін было прынятае рашэньне аб разьдзяленьні школьнага клясу на занятках па замежнай мове не на дзьве групы, як гэта было раней, а на тры.

Намесьнік міністра таксама паведаміў, што школы арганізацыйна і мэтадычна гатовыя да ўвядзеньня трэцяга ўроку замежнай мовы на тыдзень. Фарыно заўважыў, што пры ўвядзеньні дадатковых гадзін павялічыцца нагрузка на пэдагогаў замежнай мовы, што дазволіць ім больш зарабляць.

У лінгвістычных гімназіях таксама прадугледжана ўвесьці дадатковую навучальную гадзіну па замежнай мове.

Праз два гады, паведаміў намесьнік міністра, у Беларусі будзе ўведзены абавязковы экзамэн па замежнай мове за курс сярэдняй школы.
XS
SM
MD
LG