Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Башура застаецца пад вартай


Міхась Башура

Міхась Башура

Паводле адвакаткі Тамары Сідарэнкі, актывіст кампаніі "Гавары праўду" Міхась Башура, магчыма, зьмешчаны ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.

"У адказе зь міліцыі, які я атрымала, месцам ягонага ўтрыманьня пазначаны ізалятар на Валадарскага. Раней меркавалася, што яго перавядуць ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. І гэта таксама магчыма. Таму цяпер мы высьвятляем, куды яго ўсё ж перавялі з ізалятару на Акрэсьціна. І ў любым выпадку я буду абскарджваць ягонае ўтрыманьне пад вартай: сёньня маю скаргу Савецкі суд Менску не задаволіў, таму тэрмінова буду зьвяртацца ў Менскі гарадзкі суд", - паведаміла Свабодзе Тамара Сідарэнка.

Тым часам, як падае БелаПАН, прадпрымальнікі лічаць арышт актывіста кампаніі "Гавары праўду!" 35-гадовага Міхаіла Башуры палітычна матываваным. Пра гэта паведаміў лідэр каардынацыйнага савета прадпрымальнікаў Мінска Аляксандр Макаеў.

Ён зазначыў, што вясной гэтага года Башура ад прадпрымальніцкага блёка вылучаўся ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарадзкога савета.

"Ад імя прадпрымальніцкага блёку і ад аргкамітэту па стварэньні руху салідарнасьці "Разам" мы выказваем рашучы пратэст супраць арышту Башуры. Мы мяркуем, што арышт выкліканы яго актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, а крымінальная справа ў дачыненьні да яго інсьпіраваная спэцслужбамі выключна па палітычных матывах. Таму мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Башуры і заклікаем усе грамадскія і палітычныя структуры выказаць сваю салідарнасьць з ім", — заявіў Макаеў.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што Башура зьяўляецца членам Саюза беларускіх пісьменьнікаў і беларускага ПЭН-цэнтру. "Сытуацыя, калі за краты па надуманых абвінавачаньнях саджаюць такіх людзей, зусім непрымальная", — упэўнены актывіст прадпрымальніцкага руху сталіцы.

Макаеў зазначыў, што зараз за кратамі знаходзяцца прыкладна 15 тысяч прадпрымальнікаў, крымінальныя справы ў дачыненьні да якіх "у большасьці сваёй сфабрыкаваныя".

Башура быў затрыманы 6 жніўня ў Менску. Ён абвінавачваецца ў тым, што некалькі гадоў таму для атрыманьня крэдыту нібыта падаў даведку аб даходах, сума ў якой была завышаная. 16 жніўня Башуру прад'яўлена абвінавачаньне ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткамі 1 і 2 артыкула 380 Крымінальнага кодэксу Беларусі (падробліваньне, выраб, выкарыстаньне або збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў). Актывісту пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да трох гадоў.


XS
SM
MD
LG