Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Армэнію за два дні да пачатку нефармальнага саміту АДКБ, які пачнецца заўтра ў Ерэване.

Пра парадак дня візыту беларускага лідэра ў Армэнію афіцыйна не паведамляецца. Варта прыгадаць, што летась, у “мядовы месяц” стасункаў Беларусі з Эўразьвязам, Аляксандар Лукашэнка ўхіліўся ад сустрэчы з тагачасным эўракамісарам Бэнітай Фэрэрай-Вальднэр, раптоўна паляцеўшы ў Ерэван да Сэржа Саргсяна.

Цяперашні датэрміновы прыезд у Армэнію ў чымсьці нагадвае леташні скачок. Хаця ня выключана, што беларускі лідэр паспрабуе залагодзіць пэўнае ахаладжэньне, якое назіраецца цяпер у адносінах паміж Беларусьсю і Армэніяй у сувязі са збліжэньнем Менску і Баку.

Лукашэнка паміж Ерэванам і Баку

Беларусь мае амбіцыйныя пляны ў справе пакупкі і транзыту азэрбайджанскай нафты, падчас чэрвеньскага крызісу менавіта Ілхам Аліеў пазычыў Лукашэнку 200 мільёнаў даляраў для выплаты доўгу “Газпрому”, зьяўляецца інфармацыя пра продаж Беларусьсю Азэрбайджану ўзбраеньняў.

Азэрбайджанскія экспэрты наўпрост кажуць, што Баку не выключае спробы вярнуць сілай Карабах. Азэрбайджан узбройваецца і стварае кола сяброў, якія б падтрымалі такія высілкі. Беларусь аказваецца важным партнэрам па абодвух накірунках.

І гэта непакоіць Армэнію, дарэчы, саюзьніка Беларусі па вайсковым блёку АДКБ.

Колькі дывізіяў у АДКБ?

На думку экспэртаў наўрад ці варта нечага чакаць ад саміту АДКБ, які адбудзецца заўтра ў Ерэване. Становішча гэтай арганізацыі, як адзначае расейскі ваенны аналітык Аляксандар Гольц, і раней пакідала жадаць лепшага, а цяпер і зусім кепскае. “Расея і іншыя краіны АДКБ адмовіліся дапамагчы Кіргізстану, калі ён пра гэта прасіў. Гэтая падзея паставіла кропку на будучыні АДКБ”, – мяркуе спадар Гольц.

А міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў напярэдадні саміту заявіў армянскаму тэлебачаньню, што міратворчыя сілы АДКБ знаходзяцца толькі ў працэсе фармаваньня. Міністар нагадаў, што Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ зьявіліся больш за год таму па выніках маскоўскага саміту АДКБ і што іх фармаваньне “актыўна працягваецца”.

Дзьве беларускія інтрыгі саміту АДКБ

Праўда, саміт АДКБ суправаджаецца дзьвюма інтрыгамі, якія зьвязаныя зь Беларусьсю. Першая – гэта прысутнасьць на саміце прэзыдэнта Кіргізстану Розы Атунбаевай. Паводле карэспандэнта рускай службы нашага радыё Данілы Гальпяровіча, “незразумела, як сядзе за адзін стол з калегамі беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка. Ён даў прытулак былому кіргіскаму прэзыдэнту Курманбеку Бакіеву, а ў Ерэван на саміт прыедуць прадстаўнікі цяперашніх кіргіскіх уладаў, якія патрабуюць ад Менску выдаць Бакіева”.

Расейскія "Новые известия" падкрэсьліваюць, што афіцыйны Менск у сваю чаргу не прызнае кіргіскія ўлады на чале з Атунбаевай. Газэта таксама зазначае, і гэта другая інтрыга саміту, што "яшчэ ў канцы мінулага тыдня Крэмль папярэдзіў, што расійскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў ня будзе асобна сустракацца зь беларускім калегам, што прагучала як дыпляматычная поўха".

Масква паміж Ерэванам і Баку

Калі Лукашэнка прыехаў у Армэнію зь ледзь не прыватным візытам, то прыезд прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева – першы дзяржаўны візыт у гісторыі расейска-армянскіх адносінаў.

Як паведаміў Даніла Гальпяровіч “падчас сустрэчы Дзьмітрыя Мядзьведзева і Сэржа Саргсяна размова пойдзе аб рэальным вайсковым супрацоўніцтве. Чакаецца, што будзе працягнутая дамова аб базаваньні расейскіх вайскоўцаў у Гюмры да 2044 году. Гэта моцная вайсковая база, у яе складзе некалькі палкоў і батальёнаў, уключна з мотастралковымі, зэнітна-ракетнымі, танкавымі і авіяцыйнымі часткамі. Там знаходзіцца каля 5 тысяч расейскіх вайскоўцаў”.

Варта дадаць, што Расея інтэнсіўна супрацоўнічае ў ваеннай галіне і з Азэрбайджанам. Але ёй прасьцей, чым Беларусі, балянсаваць свае стасункі з варагуючымі бакамі ў рэгіёне.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG