Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як Слонім узьвёў Геніюш у ранг клясыка


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.





Кніга Ларысы Геніюш "Ад родных ніў" выходзіла двойчы – у Празе і Слоніме
На пятым курсе філфака БДУ я пісаў дыплёмную працу па творчасьці Ларысы Геніюш. Навуковая кіраўніца Любоў Тарасюк прачытала маю пісаніну і сказала, што аналізаваць паэзію Геніюш, абмінаючы яе першую кнігу “Ад родных ніў” – гэта несур’ёзна. Сапраўды, названай кнігі я і ў вочы ня бачыў. На кніжнай паліцы ў студэнцкім інтэрнаце стаялі зборнікі “Невадам зь Нёмана”, “На чабары настоена” і сьвежанькае выбранае “Белы сон”, а “Ад родных ніў” не было. Не знайшоў я праскай кнігі і ў даступных студэнту фондах тагачаснай Ленінскай бібліятэкі.

Дастаць рарытэтнае выданьне дапамагла мне аднакурсьніца Алеся Сёмуха, якая ўжо тады даволі ўпэўнена пачувалася па замежжах. Фатакопія зборніка “Ад родных ніў” была тэрмінова дастаўленая ў Менск з Прагі, з тамтэйшай Славянскай бібліятэкі. Асобнік аказаўся нават з аўтографам аўтаркі: “Незраўнянаму мастаку Міхасю Забэйду-Суміцкаму. Прага, 8 верасьня 1942 г.”.

Патрэбны разьдзел у дыплёмную працу я дапісаў і пасьпяхова абараніўся. А мая навуковая кіраўніца пазычыла ў мяне праскі зборнік і ад рукі перапісала яго для ўласных патрэбаў. Неўзабаве ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” зьявіўся яе артыкул пра паэзію Ларысы Геніюш “Маці Беларуская”. Ён мяне ўразіў, але яшчэ больш уразіў факт перапісваньня. З таго часу мяне не пакідала задума перавыдаць кнігу “Ад родных ніў” факсымільным спосабам.

Дзеля гэтага патрэбна было зрабіць тры рэчы: адшукаць саму кнігу, знайсьці фундатара і дамовіцца з друкарняй. Як ні дзіўна, найлягчэй знайшоўся фундатар – гарадзенскі прадпрымальнік Вялянцін Дубатоўка. Калі мы сустрэліся зь ім на ягоным уласным тартаку ў мястэчку Дзярэчын, і ён пад віскат пілаў прачытаў на памяць верш Ларысы Геніюш “О краіна шчасьця, родная матулька…”, я зразумеў, што трэба як мага хутчэй шукаць варштат Скарыны.

Працаваў я на той час у Міністэрстве культуры і друку, таму зь лёгкасьцю трапіў на прыём да міністра. Міністар знаўся на кніжнай справе і цярпліва пераказаў мне палажэньне аб факсымільных выданьнях. Зь яго вынікала, што на іх маюць права толькі бясспрэчныя клясыкі – Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч… Міністар паперакладаў на стале прынесеныя мной фота-аркушы і, прыцішыўшы голас, прачытаў: “Няхай разгорне сваё крыльле, / як стораж вечнага жыцьця, / хай зашуміць хоць на магіле / мне бел-чырвона-белы сьцяг”. На календары быў 1995 год, толькі што прайшоў рэфэрэндум па дзяржаўнай сымболіцы, краіна працягвала адзначаць 50-годзьдзе перамогі над фашызмам. “Вэтэраны нас не зразумеюць”, – рэзюмаваў міністар і працягнуў на разьвітаньне руку.

Але ж я як супрацоўнік міністэрства незадоўга перад гэтым езьдзіў з інспэкцыямі па абласных і раённых друкарнях. А што калі…

Першым адгукнуўся Сяргей Чыгрын са Слоніма: “Наша друкарня гатовая выдаць кнігу Ларысы Геніюш у самы сьціслы тэрмін і любым накладам!”

Усе мае засьцярогі дырэктар дзяржаўнай Слонімскай друкарні Ўладыслаў Філіпаў адпрэчыў сходу: “Мы на гасразьліку, і міністэрства мне ня ўказ… Кнігу Геніюш я надрукую. Вязіце ўзорны асобнік”.

Заставалася знайсьці яго, той узорны асобнік. Я абзваніў і абышоў зь дзясятак менскіх бібліяфілаў – безвынікова. Адны раілі пашукаць у Вільні ў спадчыньнікаў Янкі Шутовіча, другія – у Валянціна Грыцкевіча ў Санкт-Пецярбургу, трэція – зьвярнуцца ў тую ж Славянскую бібліятэку ў Празе… Неспадзявана патрэбная кніга ўсё ж знайшлася – у кнігазборы аднаго шаноўнага доктара філялёгіі. Уладальнік згадзіўся пазычыць свой рарытэт з адной умовай – нідзе ня згадваць яго імя…

Неўзабаве мы зь Сяргеем Чыгрыном ужо вывозілі гатовы трохтысячны наклад са Слонімскай друкарні. Сёньня кніга “Ад родных ніў” ёсьць ва ўсіх буйных бібліятэках краіны. А ў маім кнігазборы яна стаіць на адной паліцы з “Дудкай беларускай” Мацея Бурачка, “Жалейкай” Янкі Купалы, “Песьнямі жальбы” Якуба Коласа, “Вянком” Максіма Багдановіча, “Матчыным дарам” Алеся Гаруна, “Руньню” Максіма Гарэцкага…

Вось так слаўны горад Слонім узьвёў Ларысу Геніюш у ранг клясыка.

"Сэрца да Краю зьвернена…"
Сэрца да Краю зьвернена,
хоць зьдзекам чужым застрашана.
Моладзь шукае зернятка
праўды вялікай нашае.
Хай не блішчыць палацамі
вёска наша адвечная,
ўсё ж дабрынёй і працаю,
як сонцам, яна асьвечана.
Даўно не чуваць у горадзе
слова свайго народнага,
усё акалела ў холадзе –
сыбірскага альбо моднага.
Душа анямела ў выкрыках
суровай вайны, партызаншчыны,
душа азьвярэла ў выкрутах
калгаснай, чужое паншчыны.
Моладзь шукае добрага,
сонечнага і простага.
Моладзь шукае роднага –
карэньняў жывых для росту.
Моладзь шукае шчырасьці,
вялікага, незямнога…
У час духовай нішчымніцы
моладзь шукае Бога.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG