Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Да пачатку новага навучальнага года – менш як два тыдні. Многія студэнты цяпер – у пошуках даху над галавой. Паводле міністэрства адукацыі, больш як 45 працэнтаў студэнтаў змушаныя будуць арэндаваць кватэры ў прыватнікаў. А ў Берасьці, Магілёве, Горадні ды іншых рэгіянальных цэнтрах (ня кажучы ўжо пра Менск) арэнда кватэры цяпер каштуе даражэй, чым сума стыпэндыі. Нават з улікам той 11-працэнтнай падвышкі, якую напярэдадні выбараў распарадзіўся даць Аляксандар Лукашэнка.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Студэнтаў ушчыльняюць у існуючых інтэрнатах, а новыя не будуюць

Ня ўсім студэнтам Магілёўшчыны хапае месцаў у інтэрнатах. Найперш туды ўладкоўваюць ільготнікаў і замежнікаў. Па-за інтэрнатамі застаюцца тыя, хто сам аплачвае сваё навучаньне, і першакурсьнікі.

Ніводная вышэйшая навучальная ўстанова Магілёва ня можа пахваліцца стопрацэнтнай забясьпечанасьцю студэнтаў інтэрнатамі. Пра будаўніцтва новых інтэрнатаў у абласным цэнтры гутаркі няма, бо няма сродкаў. Кожная ВНУ вымушаная сама вырашаць праблемы беспрытульных студэнтаў.

Ва ўнівэрсытэце харчаваньня, напрыклад, пятнаццаць працэнтаў першакурсьнікаў ужо шукаюць сабе жытло:
Зьняць кватэру ў Магілёве — значыць выкласьці ад 70 даляраў ...

“У нас два інтэрнаты. Усе поўныя. Мы ствараем базу зьвестак пра кватэры, якія здаюцца, і будзем прапаноўваць студэнтам здымаць там кватэры. Гэта ў нас звычайная практыка, такое ў нас адбываецца кожны год. Гэтыя пятнаццаць працэнтаў студэнтаў будуць жыць толькі першы курс на кватэры, а потым мы іх засяляем у інтэрнаты”, — паведаміла супрацоўніца рэктарату.

Пражываньне ў інтэрнаце ў сярэднім абыходзіцца студэнту да сарака тысяч рублёў за месяц. Зьняць кватэру ў Магілёве — значыць выкласьці ад 70 даляраў, і тое, калі шанцуе.

У Беларуска-расейскім унівэрсытэце ў інтэрнатаўскіх пакоях павялічваюць колькасьць пражываючых студэнтаў, зьмяншаючы пры гэтым дапушчальныя шэсьць квадратных мэтраў на чалавека да чатырох з паловай.

Будаваць новы інтэрнат для студэнтаў зьбіраюцца ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Пакуль жа тыя ж дваццаць працэнтаў будучых спэцыялістаў сельскай гаспадаркі жывуць на кватэрах.

Ня ўсе студэнты аднак з ахвоткай ідуць жыць у інтэрнаты. Студэнт Станіслаў здымае кватэру:

“Гэта, вядома, дужа танна, аднак, маленькі пакой у інтэрнаце, дзе жывуць некалькі чалавек, да таго ж адсутнасьць для сябе душа, прыбіральні. Дзе ўвесь час вэрхал, дзе ні паспаць ні паесьці. Гэта не для мяне”.

Ці дапаможа студэнту прэзыдэнцкая падвышка стыпэндыі? — пытаюся ў Станіслава:
Нармальныя грошы, на які можна пражыць — гэта 700-800 тысяч ...

“У мяне падвышаная стыпэндыя. Я атрымліваю сто трыццаць тысяч на месяц. Я ня думаю, што я заўважу гэтыя адзінаццаць працэнтаў наагул. Што яны будуць, што іх ня будзе — мяне асабліва не парадуе. Я ня думаю, што трыццаць тысяч на месяц — гэта нармальныя грошы, на якія можна пражыць. Нармальныя грошы, на які можна пражыць — гэта 700-800 тысяч”.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Лепшыя месцы — для студэнтаў з Кітая і Таджыкістана

На Берасьцейшчыне сёлета не пабудавана ніводнага студэнцкага інтэрната. Дадатковыя выдаткі на арэнду кватэры і тут не пакрывае стыпэндыя.

Студэнт гістарычнага факультэту Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяржук кажа, што з кожным годам трапіць у інтэрнат робіцца ўсё больш складана. Зьвязана гэта таксама і з павелічэньнем колькасьці замежных студэнтаў, найперш з Кітая. Таму студэнты вымушаныя зьвяртацца да сваіх знаёмых, сваякоў. Кошты арэнды аднапакаёвай кватэры ў Берасьці складаюць сумы ад 50 даляраў ЗША:

"З кожным годам трапіць у інтэрнат становіцца ўсё больш складана. З кожным годам павялічваецца прыток студэнтаў з Кітая, Таджыкістана. А вось новыя інтэрнаты не будуюцца. Я думаю, што ў нас ня вельмі багаты інтэрнат і пабудаваць новы інтэрнат проста няма сродкаў."

Студэнтка біялягічнага факультэта Дар'я будзе здымаць кватэру разам зь сяброўкамі, выдаткі зьбіраюцца дзяліць папалам. Усё ж прасьцей і лягчэй. Паводле афіцыйнага адказу чыноўнікаў унівэрсытэту, інтэрнаты абмежаваныя ў магчымасьці прыняць студэнтаў. А кампэнсацыі таксама не прадугледжваецца:

"Ва ўнівэрсытэце нам сказалі, што закрываюцца на рамонт інтэрнаты ў мікрараёне Рэчыца, і на вуліцы Дзяржынскага. Таму мусім шукаць кватэры."

Студэнт Брэсцкага тэхнічнага ўнівэрсытэту таксама кажа, што мала каго засяляюць у інтэрнаты. Даводзіцца шукаць жыльлё самастойна:

"У нас мала хто атрымлівае месца ў інтэрнаце. Шмат хто шукае жытло самастойна. Добра, каб хоць стыпэндыя была большай. Я, напрыклад, атрымліваю максімальную стыпэндыю, якая складае каля 160 тыс. рублёў. Гэтага дастаткова толькі хіба на кішэнныя выдаткі."
навучаньне за мяжой будзе каштаваць менш ...

Студэнт фізычнага факультэту кажа, што яшчэ адной праблемай, акрамя самастойнай аплаты за кватэру, пры адсутнасьці месца ў інтэрнаце, зьяўляюцца таксама кошты на навучаньне, якія складаюць сумы ад мільена рублёў. Жыхарка Берасьця Кацярына палічыла, што навучаньне за мяжой будзе каштаваць менш, і накіравалася ў Польшчу. За першы год навучаньня ў Беластоцкай вышэйшай школе права яна заплаціла каля трох мільёнаў рублёў, але затое наступны год будзе вучыцца бясплатна:

"Я ў гэтым годзе ўсе экзамэны здала на выдатна і цяпер наступны год нічога ня буду плаціць. Увогуле, гэта добрая форма заахвочваньня. Любы, хто атрымлівае высокія балы, не аплачвае навучаньне."

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У навучальных установах Гарадзеншчыны сёлета больш студэнтаў плацяць за навучаньне і ня маюць інтэрната. Ім найбольш цяжка.

Адна са студэнтак другога курса Гарадзенскага мэдунівэрсітэту крытычна рэагуе на пытаньне наконт цяперашняга падвышэньня стыпэндыі:
ў канцы мінулага навучальнага году стыпендыю зьнізілі прыкладна на тыя ж 10%...

“Улічваючы тое, што ў канцы мінулага навучальнага году яе зьнізілі прыкладна на тыя ж 10%, то цяпер, калі павялічылі, розьніцы ніякай няма, нічога мы не адчуем”.

Ейная сяброўка Ларыса, якая навучаецца ў Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсітэце імя Янкі Купалы дадае, што стыпэндыя ў 110 тысяч усё роўна зусім малая і ім, ужо дарослым людзям, даводзіцца жыць за кошт бацькоў.

“Ну яе літаральна хапае, каб аплаціць свае размовы па тэлефоне і яшчэ пакласьці трохі грошай на інтэрнэт, і ўсё. А калі схадзіць пасядзець недзе ў кавярні, а кава каштуе каля 10 тысяч рублёў — гэта ж ненармальна. І на што тады можна разьлічваць?”

Аднак, са слоў дзяўчыны, асабліва складана даводзіцца тым студэнтам, якія вучацца на платным аддзяленьні, ня маюць стыпэндыі і здымаюць кватэру.

Студэнтка Сьвятлана, якая скончыла 3 курсы мэдунівэрсітэту, распавядае, што плаціць за навуку з крэдыту, пакойчык у кватэры зь сяброўкай здымаюць за 120 даляраў, харчавацца імкнуцца з таго, што прывязуць ад бацькоў, але на астатнія траты ўсё адно ў 110 тысяч ня ўкладваюцца.

Чаму ім не даюць месца ў інтэрнаце?


“Я дагэтуль у чарзе на засяленьне. Праўда, некаторым болей шанцуе. Да прыкладу, хлопец са мной разам вучыцца, дык яму яшчэ на першым курсе далі месца ў інтэрнаце. Шмат такіх, каму кажуць, што няма месцаў, але ў той самы час засяляюць тых, хто разам са мной у чаргу станавіўся”.

Старшыня студэнцкага прафкама ўнівэрсытэта імя Янкі Купалы, Ігар Кергет, кажа, што сёлета, як і штогод, яны здолеюць засяліць у інтэрнаты прыкладна 58% іншагародніх студэнтаў з 3800. Астатнім даводзіцца здымаць кватэры, а пра новыя інтэрнаты для студэнтаў гаворкі пакуль няма.

Кергет: “Пакуль будаўніцтва інтэрнатаў не плянуецца. Дакладней, пляны ёсьць, але грошай няма. Так што ў бліжэйшы час будаваць нічога ня будуць”.

"На стыпэндыю пражыць немагчыма"

Ці задаволеныя яны прыбаўкай да стыпэндыі і што ўвогуле могуць дазволіць сабе на стыпэндыю? Адказваюць гарадзенскія студэнтыў.

Студэнт: “Добра, што дабавілі, але на яе нічога ня купіш асабліва. Я стыпэндыю сваю практычна не адчуваю, я сам зарабляю грошы на працы і ўсё”.

Карэспандэнт: “А стыпэндыя на што ідзе: на піва, на кніжкі?”

Студэнт: “На адзеньне звычайна, але на стыпэндыю не пражывеш”.

Карэспандэнт: “А ў вашай групе ці ўсе атрымліваюць стыпэндыю?”

Студэнт: “Усе. У асноўным усе працуюць таксама, таму што ўсе кажуць: за стыпэндыю пражыць немагчыма”.

Карэспандэнт: “А студэнту ў горадзе можна знайсьці працу ня толькі сэзонную?”

Студэнт: “Так, ня толькі. Але ў асноўным у каго свой бізнэс, у каго знаёмыя, а проста студэнт на працу не ўладкуецца”.

Другі студэнт: “Ня ведаю, прыбаўка атрымліваецца — дзесяць тысяч, у гэтым раёне. Ёсьць розныя стыпэндыі — мінімальная, сярэдняя, ёсьць падвышаная”.

Карэспандэнт: “А канкрэтна ў Вас?”

Студэнт: “У мяне так і выйдзе — дзесяць тысяч рублёў. Каробка цукерак для дзяўчыны і кветка…”


"Улада праводзіць сваю паўзучую рэвалюцыю ў адукацыі"


Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў лічыць, што ў Беларусі пры цяперашнім палітычным кіраўніцтве будзе пагаршацца матэрыяльнае становішча студэнтаў. Ён кажа, што працэс рухаецца да канстытуцыйнага крызісу:

“Вось зараз бачыў лічбы па БДУ і, як высьвятляецца, зараз больш як 50 % студэнтаў змушаныя плаціць за сваё навучаньне. А як гэта разумець? А хто адмяніў Канстытуцыю? Па ідэі, варта правесьці рэфэрэндум, каб народ прагаласаваў, ці варта зьмяніць адпаведны артыкул Канстытуцыі аб платнай адукацыі. Але ж ніхто гэта ня робіць. Улада праводзіць сваю паўзучую рэвалюцыю…"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG