Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Бяcьсьмертны: Украіна будзе кіравацца толькі эканамічнымі інтарэсамі


Украіна і Беларусь могуць сёлета дасягнуць рэкорднага паказьніку па тавараабароце. Кіеў не зьбірацца далучацца да Мытнага саюзу, але падтрымае стварэньне зоны свабоднага гандлю ў Беларусі. Украіна супраць зьвязваньня пытаньня даўгоў з ратыфікацыяй дамовы аб беларуска-ўкраінскай мяжы. Пра гэта і многае іншае распавёў надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.


Украінскі амбасадар пажартаваў, што гатовы адказаць на любыя пытаньні, таму што быў прадстаўніком і ўлады, і апазыцыі. За апошнія паўгоду таваразварот паміж Украінай і Беларусьсю павялічыўся на 46,7% і дасягнуў 2,3 мільярда даляраў, істотна павялічыўся імпарт зь Беларусі ва Ўкраіну — на 53,5%.

Што да далучэньня да Мытнага саюза, Раман Бясьсьмертны заявіў, што калі эканамічныя матывы дазволяць Украіне бачыць свой інтарэс ў гэтым Саюзе, Украіна пойдзе на супрацоўніцтва. Але пакуль такіх умоваў няма:

"На сёньняшні дзень уступленьне Ўкраіны ў Мытны саюз ёсьць відавочным пройгрышам Украіны, але яшчэ большым пройгрышам для ўдзельнікаў Мытнага саюза. Другі момант: Украіна ёсьць сябрам Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Выбірайце: рынак 160 краінаў альбо рынак трох краінаў..."

На сёньняшні дзень уступленьне Ўкраіны ў Мытны саюз ёсьць відавочным пройгрышам Украіны, але яшчэ большым пройгрышам для ўдзельнікаў Мытнага саюза.
Зараз больш ліквідны рынак для Ўкраіны ўяўляюць краіны Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, — заўважыў амбасадар.

Паводле словаў Рамана Бясьсьмертнага, беларускі бок зьвязвае пытаньне доўгу з пытаньнем мяжы. І гэта асноўная перашкода для рашэньня аб абмене ратыфікацыйнымі граматамі:

"Украінскі бок ня бачыць магчымасьці адказваць за тое, што належала былому Савецкаму Саюзу і прадпрыемствам, якія на сёньняшні дзень не існуюць. Таму бакі пастаянна вядуць дыскусіі, кансультацыі. Ці ўдасца знайсьці нейкую прымальную формулу — давайце пачакаем".

Украінскі амбасадар заўважыў, што ён аптымістычна глядзіць на ўсе пытаньні, якія ёсьць у заявах прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны і ў падпісанай Дарожнай мапе.

Раман Бясьсьмертны ня выключыў у пэрспэктыве магчымасьці транспартаваньня вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь трубаправодным транспартам:

"Калі аб'ёмы будуць дазваляць транспартаваць не чыгункай, а камбінаваным спосабам — чыгункай і трубой, альбо толькі трубой, канечне, Украіна на гэта пойдзе. На сёньняшні дзень выгадна траспартаваць чыгункай. Тыя аб'ёмы , якія дастаўляюцца ў Адэскі порт, траспартуюцца на Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінат чыгункай".

Што да забароны экспарту збожжа, Раман Бясьсьмертны кажа:

"Украіна ня мае права, як сябра Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, закрыць экспарт. Можа весьціся размова аб кваціраваньні, то бок куды і колькі. На сёньняшні дзень урад разам з збожжатрэйдэрамі (зь ініцыятывы збожжатрэйдэраў) гэта пытаньне разглядае — што тычыцца магчымага кваціраваньня. Але ніякіх рашэньняў пакуль не прынята.

Украіна плянуе сабраць сёлета 42-43 мільёны тон збожжа, зь іх 18-19 мільёнаў тон пшаніцы. Ўнутраныя патрэбы краіны складаюць 5 мільёнаў тон, то бок запас дастатковы, трэба толькі па-гаспадарску ім распарадзіцца.

Калі ўсе раней дасягнутыя міжурадавыя дамоўленасьці будуць выконвацца, то Ўкраіна ня будзе прымяняць ніякіх санкцыяў да беларускага цукру, што пастаўляецца на рынак Украіны.

"Усё будзе залежаць ад аналізу паставак цукру сёлета. Калі выпадкі падмены белага цукру цукрам трысьняговага паходжаньня паўторацца, канечне, Украіна вымушана будзе прыняць такое рашэньне.

Украінскі амбасадар ня бачыць падставаў, каб уводзіць экспартныя мыты на пастаўкі гаруча-змазачных матэрыялаў — на яго думку, гэта імгненна адаб'ецца на цане хлеба. Калі ўсе раней дасягнутыя міжурадавыя дамоўленасьці будуць выконвацца, то Ўкраіна ня будзе прымяняць ніякіх санкцыяў да беларускага цукру, што пастаўляецца на рынак Украіны. Што да абмежаваньня імпарту ўкраінскага піва ў Беларусь, гэта павінна вырашацца на ўзроўні пастаўшчыкоў піва, а не ўрадаў. А як рэгуляваць рынак піва — гэта праблема беларускага ўраду.
XS
SM
MD
LG