Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры "Званкі на Свабоду". Слухачы абмяркоўваюць выказваньні палітычных дзеячаў на расейскім і беларускім тэлебачаньні, задаюць пытаньні пра тое, адкуль у Беларусі зьявіліся даляравыя мільянэры і якія маштабы карупцыі ў краіне.

Наш слухач Вячаслаў з Наваполацку выказвае абурэньне пасьля прагляду навінаў на першым дзяржаўным тэлеканале.

"Хачу падзяліцца думкамі пра тое, як чыноўнікі самага высокага маштабу ў сваім жаданьні дагадзіць прэзыдэнту часам губляюць здаровы сэнс. Што заявіў учора па тэлевізіі Батура? Вы толькі паслухайце! “Я забараніў усім старшыням райвыканкамаў пакідаць межы сваіх раёнаў без майго дазволу”. І пасьля яшчэ раз паўтарыў гэтую фразу, каб мы паверылі. Гэта ж які тэатар абсурду ў краіне! А мы кажам пра нейкаю свабоду ці імкненьні да чагосьці высокага. Так і хочацца ў яго спытаць: можа, лепш адразу абнесьці калючым дротам гэтыя раёны ці зьвярнуцца да практыкі ГУЛАГу? Вось гэта будзе сама зручна і выгадна для прэзыдэнта".

Іншы слухач патэлефанаваў на Свабоду пасьля прагляду расейскага тэлебачаньня:

"Хачу сказаць наконт альянсу. Выказваньне Зюганава пра тое, што крытыка супраць Лукашэнкі накіраваная супраць беларускага народа. Таварыш Зюганаў, ня трэба аб’ядноўваць беларускі народ і Лукашэнку. Гутарка толькі пра яго. Калі яго паставілі на месца, ён таксама казаў, што абражаюць наш народ. Ніхто нас не абражае. Наш народ паважаюць і любяць. Ніводная краіна не выказваецца супраць беларусаў, а выказваюцца канкрэтна супраць чалавека, які вырабляе немавед што, ганьбіць нас".

Гэтыя выказваньні камэнтуе палітык Юрась Карэтнікаў:

Юрась Карэтнікаў
"Выказваньні Батуры сьведчаць аб тым, што нашы чыноўнікі ня могуць спраўляцца з сытуацыяй, якая склалася ў Менскай вобласьці. Яны ня могуць выконваць задачы, якія ставіць перад імі дзяржава. Пра гэта сьведчаць і скандалы з карупцыяй. Так пабудавана сыстэма вэртыкалі, што кожны кіраўнік лічыць, што можа распараджацца сваім падначаленым як сваёй уласнасьцю.

Наконт выказваньняў Зюганава, то, натуральна, трылёгія "Хросны бацька" паўплывала на грамадзтва. Зюганаў заўсёды бараніў беларускага кіраўніка на міжнародным узроўні. Ён казаў, што трэба кланаваць Леніна і Лукашэнку".

Слухачка Свабоды цікавіцца, адкуль у Беларусі даляравыя мільянэры.

"Зноў БТ вяшчае нам пра жудасную карупцыю ў Расеі, а ў мяне ўзьнікае міжвольнае пытаньне. Так, карупцыянэры яны, але ў іх ёсьць нафта і газ. А адкуль у нас узяліся 10 тысяч даляравых мільянэраў? У нас што, ёсьць прыватныя абаронныя прадпрыемствы ці прыватныя нафтаперапрацоўчыя заводы? Чаму асобныя людзі атрымалі дазвол распараджацца тым, што ім па законе не належыць? Ці ж гэта не карупцыя"?

Камэнтуе званок эканаміст і палітык Віктар Івашкевіч:

Віктар Івашкевіч
"Мэханізмы карупцыі вельмі падрабязна былі апісаныя ў трэцяй сэрыі "Хросны бацька". Завязаная гэтая карупцыя на абслугоўваньні клану Лукашэнкі. Бізнэсоўцы, набліжаныя да сям'і Лукашэнкі за тое, што яны абслугоўваюць іх фінансавыя інтарэсы, маюць магчымасьць нажывацца самім".

На тле абвінавачаньняў беларускага ўраду ў кепскай эканамічнай і палітычнай сытуацыі слухач вінаваціць і апазыцыю ў бязьдзеяньні:

"Хутка прэзыдэнцкія выбары, але ніякай актыўнасьці ня бачна. Ужо колькі месяцаў Лукашэнку паказваюць, а з апазыцыі нікога ня бачна: ні Лябедзькі, ні Вячоркі — нікога. Трэба мяняць гэтую ўладу тэрмінова, бо яна давяла ўжо людзей да ручкі. Людзі ўжо стаміліся ад гэтага балагану, што робіцца ў Беларусі.

На гэты званок адказвае палітык Павал Севярынец:

Павал Севярынец
"Шаноўнаму спадару трэба параіць паменей глядзець “БТ”. Калі ёсьць магчымасьць, то трэба завесьці сатэлітавую талерку і праглядаць “Белсат”. Таму што толькі празь незалежныя каналы і інтэрнэт можна атрымаць інфармацыю пра дзейнасьць апазыцыі.

У нашай краіне спадзявацца, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыю дапусьцяць да экранаў можа толькі чалавек, якія не ўяўляе, дзе ён жыве".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG