Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяву аб каардынацыі сумесных дзеяньняў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі прынялі ўдзельнікі круглага стала па вылучэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. 24 жніўня а 15 гадзіне ў сядзібе БНФ адбудзецца ўрачыстае падпісаньне гэтага дакумэнта.

У сёньняшнім пасяджэньні, якое праходзіла ў сядзібе Партыі БНФ, бралі ўдзел лідэр Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сябра БХД Дзяніс Садоўскі, прадстаўнік Алеся Міхалевіча Мікіта Красноў, намесьнік старшыні руху "За свабоду" Віктар Карняенка, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сябра партыі "Справядлівы сьвет" Валер Ухналёў. Палітыкі дамовіліся аб каардынацыі сваіх дзеяньняў, каб дамагчыся свабодных выбараў. Мікола Статкевіч адзначыў:

Мікола Статкевіч
"Спачатку ў мяне было глыбокае расчараваньне, калі прыйшлі толькі чатыры суб'екты. А потым падцягнуліся дастаткова важныя яшчэ тры суб'екты. Спадар Някляеў і спадар Ярашук выказвалі сваю падтрымку гэтай заяве, але ня здолелі прысутнічаць. За аснову быў узяты праект дакумэнту, распрацаванага прадстаўніком Саньнікава Івашкевічам. Я думаю, што ён таксама далучыцца. Калі гэтыя суб'екты далучацца да гэтага працэсу, то мы можам сказаць, што працэс каардынацыі пачаўся, што ствараецца нейкая агульная пляцоўка, дзе мы рана ці позна ўсё ж такі дамовімся пра наша адзінства дзеля лепшай будучыні Беларусі".

Анатоль Лябедзька заявіў, што калі 24 жніўня дакумэнт ня будзе падпісаны, то АГП адмовіцца ад далейшай камунікацыі і выпрацоўкі супольнай пазыцыі.

Анатоль Лябедзька
"Мы два гады робім заявы, дэклярацыі, на словах усё выглядае файна, але гэта ніяк не адбіваецца на практычнай дзейнасьці. Таму сёньня мы прапанавалі спрошчаны варыянт пагадненьня, якое прадугледжвае супольную дзейнасьць па некалькіх накірунках. У прыватнасьці, арганізацыя вылучэньня людзей у выбарчыя камісіі, супольнае актыўнае назіраньне, унутраны і зьнешні ціск па зьмене заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, мабілізацыя людзей на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі. Гэта тое, ад чаго нельга адмовіцца".

Пытаньне аб вылучэньні адзінага кандыдата ня зьнятае з парадку дня, хаця ў прынятым сёньня дакумэнце не закранаецца.

"Калі ўсе падпісваюцца, узгадняюць сваю дзейнасьць і такім чынам заяўляюць палітычную волю далей ісьці да адзінага кандыдата, то можна ставіць самыя амбіцыйныя мэты. Калі гэты просьценькі дакумэнт не падпісваецца і не рэалізуецца, то гэта азначае, што прыярытэт будзе іншым — як не дапусьціць легітымізацыі вынікаў выбарчай кампаніі".

Паводле спадара Лябедзькі, павінен быць створаны супольны каардынацыйны цэнтар. Аднак гэтае пытаньне пакуль вывучаецца прадстаўнікамі руху "За свабоду". Віктар Карняенка адзначыў, што калі ініцыятары патлумачаць функцыі і паўнамоцтвы цэнтру, тое зь якой мэтай ён ствараецца, то, магчыма, будзе згода. Але ці падпіша прадстаўнік руху супольную заяву?

Віктар Карняенка
"Мы гэта абмяркуем. Я лічу, што мы можам падпісаць тое, што ёсьць. Я асабіста салідарны з тым, што там напісана аб каардынацыі супольнай дзейнасьці падчас выбарчай кампаніі. Больш за тое, мы гатовы па адзінаму працаваць, калі ў нас знойдзецца такі чалавек, які будзе адпавядаць нашым крытэрам".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG