Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі кіраўніка коннай паліцыі Вільні


Лайманас Банкаўскас. Фота: В.Балкунас, lrytas.lt

Лайманас Банкаўскас. Фота: В.Балкунас, lrytas.lt

У Беларусі затрымалі з наркотыкамі кіраўніка коннай паліцыі Вільні Лайманаса Банкаўскаса.

Пра гэта паведаміў тэлеканал Lietuvos ryto televizija, перадае Інтэрфакс.

Паводле яго дадзеных, беларускія мытнікі затрымалі яго ў панядзелак пасьля абеду ля мяжы зь Літвой у Ашмянскім раёне. Амбасада Літвы ў Беларусі атрымала афіцыйную інфармацыю ўвечары ў аўторак, адзначае сёньня партал lrytas.lt

Л. Банкаўскас знаходзіцца ў Гарадзенскім СІЗА.

Паводле Lietuvos ryto televizija, пакуль невядома, якая колькасьць наркотыкаў была ў Л.Банкаўскаса, невядомыя абставіны затрыманьня, аднак зразумела, што яго падазраюць у парушэньні некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.



Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас заявіў, што высокапастаўленага паліцэйскага абвінавачваюць у правозе і незаконным валоданьні наркотыкамі. Работнікі амбасады папрасілі аб сустрэчы з затрыманым.

Па словах амбасадара, блізкія затрыманага "адмаўляюць абвінавачаньні, кажуць, што калі і былі наркотыкі, то яны былі падкінутыя".

Паводле DELFI, ротны камандзір муніцыпальнай коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце Лайманас Банкаўскас, знаходзіўся ў адпачынку. У апэрацыі па яго затрыманьні бралі ўдзел ня толькі супрацоўнікі мытні, але і супрацоўнікі службы бясьпекі Беларусі.

Пра затрыманьне Л.Банкаўскаса кіраўніцтва віленскай паліцыі нічога ня ведала. Кіраўнік паліцыі Кястуціс Ланчынскас адзначыў, што толькі ад журналістаў даведаўся пра затрыманьне Л.Банкаўскаса. Ён адзначыў, што затрыманы знаходзіўся ў адпачынку.

Беларускія мытнікі пацьвярджаюць затрыманьне кіраўніка Коннай паліцыі

Беларускія мытнікі пацьвердзілі факт затрыманьня кіраўніка Коннай паліцыі Лайманаса Банкаўскаса і маюць намер перадаць справу ў Гарадзенскае ўпраўленьне КДБ.

Мытнікі паведамілі, што пры аглядзе транспартнага сродку, на якім грамадзянін Літвы плянаваў уехаць у Беларусь, былі выяўленыя наркатычныя рэчывы. Пра гэта паведаміў "Інтэрфаксу" начальнік аддзела па барацьбе з кантрабандай Ашмянскай мытні Ўладзімер Данілевіч.

Л. Банкаускас меў намер уехаць у Беларусь як прыватная асоба. У яго было канфіскавана 45,5 грамаў амфэтаміну. Паводле В. Данілевіча, сваякі затрыманага аспрэчваюць абвінавачваньне. Яны заявілі, што "калі і былі наркотыкі, то яны былі падкінутыя ".

"Гэтая інфармацыя правяраецца, зараз супрацоўнікі мытні вядуць папярэдняе расьсьледаваньне ", - сказаў супрацоўнік мытні.

Л. Банкаўскас застаецца пад вартай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG