Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прызнае Расея беларускія прэзыдэнцкія выбары?


У палітычным і экспэртным асяродзьдзі Беларусі актыўна абмяркоўваецца тэма аб ролі расейскага чыньніка ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Што азначае непрызнаньне Масквой беларускіх выбараў? Якія гэта можа мець наступствы? Як паўплывае пазыцыя Расеі на паводзіны беларускай намэнклятуры?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік нашага радыё Юры Дракахруст і палітычны аналітык Аляксандр Фядута.

Валеры Карбалевіч
Юры Дракахруст
Аляксандар Фядута

Што азначае непрызнаньне Масквой беларускіх выбараў?


Валер Карбалевіч: “Шэраг экспэртаў робіць выснову, што Расея не прызнае прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, і гэта стане падставай для намэнклятурнага перавароту і адхіленьня Лукашэнкі ад улады.

Найперш, давайце дамовімся па пытаньні: што азначае непрызнаньне Масквою беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў? Гэта заява аб тым, што выбары былі недэмакратычнымі? Ці нешта большае? І ці падтрымаюць Расею іншыя краіны СНД? Бо звычайна назіральнікі ад СНД прызнаюць дэмакратычнымі ўсе выбары на постсавецкай прасторы. Ці будуць яны рабіць выключэньне для Беларусі?"

Юры Дракахруст: "Ніякія выбары ў ніякай краіне не патрабуюць ніякага замежнага прызнаньня. Спасылкі на недэмакратычнасьць выбараў не стасуюцца з расейскай палітыкай. Таму што выбары ў самой Расеі і іншых краінах СНД ня надта адрозьніваюцца ад беларускіх.

Але "непрызнаньне" магчыма ў такім выглядзе, што назіральнікі ад СНД ці назіральнікі ад Расеі ў складзе СНД салідарызуюцца з назіральнікамі АБСЭ, кажуць пра парушэньні. А расейскія мэдыі кажуць пра фальсыфікацыі і пра тое, як некаторыя кандыдаты церпяць ад беларускага рэжыму за тое, што хочуць іншых стасункаў з Расеяй. А Масква маўчыць, не віншуе Лукашэнку з перамогай".

Карбалевіч: "Цяжка ўявіць, што прадстаўнікі Туркмэністану, Ўзбэкістану, Таджыкістану, Казахстану, Азэрбайджану, пад ціскам Расеі пагодзяцца прызнаць выбары недэмакратычнымі. Бо яны могуць стварыць прэцэдэнт, і на наступных выбарах у гэтых краінах Расея можа паўтарыць такі сцэнар.

І хачу нагадаць, што нешта падобнае адбылося ў 2004 годзе, калі пасьля рэфэрэндуму ніводзін кіраўнік ніводнай дзяржавы не павіншаваў Лукашэнку з перамогай. І расейскія мэдыі крытыкавалі ўмовы яго правядзеньня. Але ніякіх практычных наступстваў гэта ня мела".

Аляксандр Фядута: "Немагчыма ўявіць, што Расея, адклікае свайго амбасадара зь Менску, не прызнаючы выбары. Вонкава будзе ўсё адбывацца, як і раней. А вось пасьля выбараў Расея пяройдзе да прагматычнай палітыкі. Кошты на энэргарэсурсы будуць рынкавыя. І гэта адмоўна адаб'ецца на беларускай эканоміцы".

Ці магчымы варыянт байкоту?


Карбалевіч: “Іншы варыянт: расейскія кіраўнікі прымаюць рашэньне не сустракацца з Лукашэнкам, ня весьці зь ім перамовы, не пускаць яго на тэрыторыю сваёй краіны. Ці можа Масква гэта сабе дазволіць? Бо ў адрозьненьні ад краін ЭЗ Расея і Беларусь ўваходзяць у шэраг інтэграцыйных аб’яднаньняў, дзе патрэбна прымаць рашэньні на вышэйшым палітычным узроўні".

Дракахруст: "Так, гэта не зусім у расейскай стылістыцы. Хіба што так Масква вяла сябе толькі адносна Саакашвілі. І калі Расея, умоўна кажучы, зрывае ўсе заглушкі, то Лукашэнка, напрыклад, перакрые транзыт і інш.

Падобны байкот можа быць вельмі хуткацечным і толькі як вяршыня айсбэргу нейкага сцэнару. Напрыклад, намэнклятурнага перавароту. Вядома, што беларуская эліта мае вельмі шчыльныя сувязі з Расеяй. Шмат беларускіх чыноўнікаў, якія займалі кіроўныя пасады, пасьля адстаўкі зьехалі ў Маскву. Прычым, як праўладныя (Латыпаў, Навумаў), так і супраціўнікі Лукашэнкі (Лявонаў, Краўчанка).
Як пісаў Быкаў, "а бомба чакала свайго часу" ...

І калі Расея вырашыць зьмяніць Лукашэнку, то стаўку будзе рабіць не на апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, пра што кажуць мэдыі (Саньнікаў, Някляеў). У перахопленай і надрукаванай у мэдыях размове сына экс-прэзыдэнта Кыргызстана Максіма Бакіева са сваім дзядзькам ёсьць бліскучы фрагмэнт. Ён кажа: “Ты падабаесься рускім, бо ў пагонах і гарэлку п’еш”. Вось гэта і ёсьць формула пошуку расейскага стаўленьніка. Вось, напрыклад, былы старшыня КДБ Беларусі Мацкевіч знаходзіцца цяпер у Маскве. Як пісаў Быкаў, "а бомба чакала свайго часу". Вось калі людзі такога кшталту пачнуць усплываць, тады можна сказаць, што Расея ўзялася за справу ўсур'ёз".

Фядута: "Адмова сустракацца з Лукашэнкам неверагодная. Бо Расея разам з Беларусьсю ўваходзяць у саюзную дзяржаву, мытны зьвяз і яшчэ ў шэсьць інтэграцыйных аб'яднаньняў. А іх працэдура патрабуе сустрэч хаця б двойчы ў год. Таму ў суме атрымоўваецца прыкладна 16 сустрэч на год".

Ці магчымы намэнклятурны пераварот?


Карбалевіч: “Як паўплывае пазыцыя Расеі на паводзіны беларускай намэнклятуры? Ці стане гэта падставай для намэнклятурнага перавароту і адхіленьня Лукашэнкі ад улады? Тут узьнікае прынцыповае пытаньне: ці зьяўляецца беларуская намэнклятура суб'ектам палітыкі?

Дракахруст: "Як той казаў, сакрэт самага добрага жаўнера палягае ў тым, што яго пакуль не забілі. Дасюль Лукашэнка заўсёды перамагаў, маючы за сабой расейскую падтрымку. Цяпер Расея выступае супраць Лукашэнкі, такая сытуацыя ніколі не здаралася ў найноўшай расейскай гісторыі.

Але ў гэтым сцэнары існуе адзін мінус і адно пытаньне. Мінус палягае ў тым, што няма масавага руху супраць Лукашэнкі. Тыя ж "каляровыя рэвалюцыі" былі па сутнасьці намэнклятурнымі пераваротамі, у якіх народ на вуліцах выкарыстоўваўся як зброя масавага паражэньня. У Беларусі масавы рух пратэсту пакуль не праглядаецца нават на гарызонце.

А пытаньне палягае ў тым, наколькі моцныя ідэалягічныя скрэпы, які аб'ядноўваюць Лукашэнку з намэнклятурай. Старэйшае пакаленьне чынавенства жыве з галавой, вывернутай на ўсход. Але за гады кіраваньня Лукашэнкі да ўлады прыйшло пакаленьне чыноўнікаў, які не зьяўляюцца савецкімі людзьмі, галовы якіх ня вывернутыя на ўсход. Гэта Янчэўскі, Зімоўскі, Пяткевіч, Зайцаў і інш. Зусім ня факт, што яны зрэагуюць на ціск Масквы, выступіўшы супраць Лукашэнкі. На гэтае пытаньне няма дакладнага адказу".

Намэнклятурны пераварот і вуліца


Карбалевіч: "Лукашэнка пабудаваў рэжым, які амаль не рэагуе на вонкавы ўплыў. Ён не рэагуе на крытыку Захаду. А цяпер Расея абвешчана галоўным ворагам. Магчыма і яе ўплыў мінімізуецца?"

Фядута: "Беларуская намэнклятура сёньня — гэта шэсьць губэрнатараў. Яны вырашаюць вынікі галасаваньня. За часы кіраваньня Лукашэнкі ў турмах пасьпелі пасядзець усе, пачынаючы зь прэм'ер-міністра. Але вось губэрнатараў прэзыдэнт ні разу не пасадзіў, бо разумее іх ролю. Але яны людзі разумныя і разумеюць, што ім давядзецца адказваць перад людзьмі. Калі народ выйдзе на вуліцы, то ў сьвядомасьці шасьці губэрнатараў адбудзецца пераварот".

Карбалевіч: “На мой погляд, вынікі выбараў залежаць не ад шасьці чалавек, а ад аднаго. Гэта старшыня Цэнтрвыбаркаму Ярмошына, якая аб'яўляе вынікі народнага галасаваньня.

Але больш важна тут іншае. Калі народ выйдзе на вуліцы, то гэта ўжо зусім іншы сцэнар. У такім выпадку пазыцыя намэнклятуры ўжо будзе мала каму цікавая".

Дракахруст: "Так. Усё ж, калі мы кажам пра намэнклятурны пераварот, то размова не ідзе пра вуліцу. Калі мы кажам пра гэтыя выбары, то выхад людзей на вуліцы малаверагодны.

Але ня трэба занадта засяроджвацца на выбарах. Вось прэзыдэнт Кыргызстану Бакіеў упэўнена перамог на выбарах. Але вельмі хутка ён быў зрынуты".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG