Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вершы Геніюш з Гулагу траплялі на волю


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.





Ларыса і Янка Геніюшы з былымі сулягернікамі. Крайні зьлева – Васіль Супрун. Зэльва, 1958 г.

Пасьля абвяшчэньня прысуду – 25 гадоў пазбаўленьня волі – Ларысу і Янку Геніюшаў не адразу адвезьлі ў турму. За вокнамі згасаў кароткі зімовы дзень, зьняволеныя доўга сядзелі ў пустой залі, агаломшаныя такім суровым выракам Вярхоўнага суду. У галаве Ларысы Антонаўны ўзьніклі і шматкроць паўтарыліся радкі: “Дзе гора, дзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?” Верш пазьней так і не дапісаўся. У перасыльных турмах, у першыя гады гулагаўскай катаргі было не да вершаў. Але ГУЛАГ не прымусіў замаўчаць паэтку. Да нас дайшло нямала яе твораў, напісаных за калючым дротам. Як жа яны траплялі на волю?

У свой час Мікола Канаш – сам былы гулагавец, за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі – перадаў мне больш за дзясятак лягерных лістоў і вершаў Ларысы Геніюш. Я зьвярнуў увагу на паштовыя штэмпелі, дзе месцам адпраўкі значыліся Котлас, Варкута і Ленінград. Аказваецца, праз гэтыя гарады, пакручастымі сьцежкамі вершы Ларысы Геніюш і траплялі на волю.

У лягеры Мікола Канаш атрымліваў лісты ад паэткі празь нелегальную, строга закансьпіраваную пошту. Разумеючы іх каштоўнасьць, пры першай магчымасьці перасылаў сябрам на свабоду. Звычайна, лісты зьбіраліся ў пакунак, які абгортваўся паперай з-пад аманіту і пражыўляўся стэарынам, каб не праходзіла вільгаць. Пакунак мацаваўся да сьценкі вагону, які запаўняўся вугалем. Лісты з ГУЛАГу знаходзілі добрыя людзі падчас разгрузкі ў тых жа Котласе, Варкуце ці Ленінградзе, распакоўвалі і апускалі ў паштовую скрынку. Часам для заахвочваньня “лістаношаў” у пакунак клаўся сьцізорык, выраблены вязьнямі.

Праз Котлас, Варкуту і Ленінград лісты даходзілі спраўна, а вось калі чарговая іх порцыя пайшла на Чарапавец, то на тамтэйшым мэталюргічным заводзе трапіла ў рукі гэбістаў. У выніку Мікола Канаш атрымаў 15 сутак карцару і быў пазбаўлены афіцыйнай перапіскі на год.

І праз паўстагодзьдзя Мікола Імполевіч памятаў імёны зьняволеных, якія працавалі на загрузцы вагонаў у Інце і з рызыкай для сябе перасылалі на волю тыя лісты: Вячаслаў Прыстаўка, Іван Мароз, Валянціна Салагуб.

Цэлы зборнічак лягерных вершаў Ларысы Геніюш пераправіў на волю і Васіль Супрун, які таксама атрымаў 25 гадоў ГУЛАГу – за стварэньне антысавецкай арганізацыі “Чайка” на Слонімшчыне. Падчас сустрэчы з Васілём Рыгоравічам я спытаўся, ці няма сувязі паміж слонімскай “Чайкай” і паэткай Чайкай, якая друкавалася на пачатку 40-х у газэце “Раніца”? І мой суразмоўца пацьвердзіў, што сапраўды назваў сваю арганізацыю ў гонар тае Чайкі зь лётам арліным (нагадаю, гэта быў адзін з псэўданімаў Ларысы Геніюш).

Лісты зь лягеру Васіль Супрун адпраўляў на адрас сваёй сястры Надзеі Рубец, якая зьберагла іх і перадала брату пасьля яго вяртаньня з ГУЛАГу ў 1956-м.

Яшчэ каля двух дзясяткаў вершаў паэткі Васіль Супрун вынес на волю зашытымі ў сваёй лягернай ватоўцы.

Лягерная паэтычная перапіска Ларысы Геніюш і Васіля Супруна склала кнігу “Жыць для Беларусі”, якая пабачыла сьвет у 1998 годзе ў сэрыі “Архіў найноўшай гісторыі”.

На жаль, ня ўсе творы паэткі часоў ГУЛАГу ўдалося выратаваць. Па сьведчаньні таго ж Васіля Супруна, частка зь іх так і засталася ляжаць пад лесьвічнай прыступкай у лябёдачнай шахты №2 гораду Інты, дзе слонімскі падпольшчык працаваў машыністам скрэпэрнай устаноўкі.

Мясцовы краязнаўца Віктар Ложкін яшчэ ня страціў надзею адшукаць тыя вершы.

"Стома дня. Бляск вачэй маіх сумны…"
Стома дня. Бляск вачэй маіх сумны.
Адзіноты дурманячы боль.
Час мне зьдзейсьніць усё, што задумана,
покуль ў кроне жыцьця майго ствол.
Стаяць дрэвы, бы здані белыя,
грэе сонейка, скрозь трава.
Чабаром густым зь ніў павеяла –
завінулася галава.
Ўсхвалявалася поле жытняе,
а бярозанька за сялом
да зямлі мае старажытнае
нагінаецца, б’е чалом.
Буйным гольлем, кволымі лісьцямі
маю душу з родных палян
падхапілі, дрэвы, калісьці вы
і разгойдалі да змагань.
Што ж, ударамі пакалечылі
ў жыцьці душу маю ня раз.
Уздымаю яе, падлечваю,
дрэвы родныя, каля вас.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG