Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заключыла інвэстыцыйную дамову з прыватным прадпрыемствам "МСП-Ойл" аб будаўніцтве беларуска-расейскай кампаніяй "Ферэйн" фармацэўтычнага прадпрыемства ў Менску.

Мяркуецца, што на базе новага прадпрыемства будуць выпускаць аналягі замежных лекаў.

Адпаведная пастанова Савета міністраў прынятая на падставе ўказу прэзыдэнта № 549 ад 16 лістапада 2009 года.

Згодна з указам, кампаніі "Ферэйн", якая належыць расейскаму бізнэсоўцу Уладзімеру Брынцалаву, перададзена фармацэўтычнае прадпрыемства "Дыалек" (Менск) з наступным будаўніцтвам на яго тэрыторыі новага завода.

Пры гэтым з "Дыалека" цалкам сьпішуць усё запазычанасьці перад бюджэтам для перадачы "Ферэйн" у якасьці маёмаснага комплексу. Беларусь у выніку атрымае 25% акцый плюс адна акцыя "Ферэйн".

Менскім гарвыканкаму і аблвыканкаму рэкамэндавана вызваліць "Ферэйн" ад мэтавых збораў у частцы прыбытку, атрыманай пры перадачы маёмаснага комплексу.

Упершыню аб намерах Брынцалава наладзіць фармацэўтычную вытворчасць у Беларусі загаварылі пасьля яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у красавіку 2008 года. "Беларусь зацікаўленая ў тым, каб кампанія "Ферэйн" разьвівала сваю вытворчасць у рэспубліцы", — заявіў тады А.Лукашэнка. Аб'ём інвэстыцый мяркуецца на ўзроўні 100-120 мільёнаў даляраў, прычым палову сродкаў у праект павінен быў ўкласці расейскі бізнэсовец.

Пад дасягнутыя дамоўленасьці кампанія "Ферэйн" атрымала падатковыя прэфэрэнцыі, аднак у канцы кастрычніка 2008 года праект быў замарожаны. У якасьці афіцыйнай прычыны быў названы глябальны фінансавы крызіс.

Некаторыя аналітыкі тлумачылі адмову Брынцалава ўдзельнічаць у праекце тым, што ў той час Менск ня мог гарантаваць яму як стратэгічнаму інвэстару ільготныя ўмовы працы на беларускім рынку. Указ № 549 быў выдадзены прэзыдэнтам толькі праз год, у лістападзе 2009-га.
XS
SM
MD
LG