Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуты на беларуска-украінскай мяжы


На беларускім памежным аўтапераходзе “Новая Гута” чэргаў няма

На беларускім памежным аўтапераходзе “Новая Гута” чэргаў няма

Беларуска-ўкраінская мяжа апошнім часам стала месцам пакут сотняў турыстаў зь Беларусі, Расеі, балтыйскіх краінаў. Часам хутчэй прыляцець з Турэччыны ва Ўкраіну, чым пасьля перасячы на аўтамашыне мяжу й апынуцца ў Беларусі.

У тых, хто ў гэтыя сьпякотныя дні на аўтатранспарце перасякае мяжу, найбольш прэтэнзіяў не да беларускіх, а да ўкраінскіх памежнікаў з пункту пропуску “Новыя Ярылавічы”, што ў Чарнігаўскай вобласьці.

Апавядае кіроўца Васіль зь Ленінградзкай вобласьці Расеі, які са сваякамі адпачываў ва Ўкраіне й толькі што пераехаў украінска-беларускую мяжу на трасе Чарнігаў-Гомель:

“На ўкраінскай мяжы была вялікая чарга — стаялі больш за дзьве гадзіны. На беларускай было ўсе вельмі хутка, акуратна, без затрымак. Проста на ўкраінскай мяжы адзін чалавек адным пальцам выбівае на кампутары пашпартныя зьвесткі. У адной руцэ ў яго пашпарт, другой ён выбівае зьвесткі — адным пальчыкам. Атрымліваецца вельмі доўга. Рамонту там ніякага ня бачна. Прапускных дарожак мала, таму й чэргі”.

Некаторыя турысты, якія вяртаюцца дамоў з Чорнага мора аўтаспынам, перасякаюць мяжу пешкі. Пакідаюць сваіх аўтаспадарожнікаў на ўкраінскай мяжы — і ідуць пешкі. Так, прынамсі, паступілі Тацяна й Андрэй з Санкт-Пецярбургу. Даехалі зь Севастопалю да ўкраінскай мяжы, заплечнікі на сьпіны — і наперад.

Спадарыня Тацяна: “Сама мытня ў нас хвілінаў пяць заняла. Падышлі да акенца, там усё нам напісалі, паставілі. Потым ішлі пехам ад мытні да мытні. І тут таксама хвілінаў пяць. З украінскага боку стаяла дзесяткі два машынаў — ну, ня больш, як паўкілямэтра. Перад беларускай мытняй машыны чатыры стаяла. Гэта з легкавікоў. З аўтафургонаў — па пары там і тут”.

Рыгор і Паліна - пехатою праз мяжу прасьцей
Пакуль мы размаўлялі, да беларускай мяжы з боку Гомеля з рэчавымі мяшкамі за плячыма наблізіліся двое пешых турыстаў — Рыгор і Паліна, таксама з Санкт-Пецярбургу.

Рыгор: “Мы зь Пецярбургу, падарожнічаем аўтаспынам. Спрабуем дабрацца да Крыму. Зараз паспрабуем перайсьці мяжу — першы раз на беларуска-ўкраінскай мяжы. Што тут рабіць, відаць, яшчэ з кілямэтар трэба ісьці пехатою, каб злавіць машыну”.

Беларусы ўлетку таксама імкнуцца да мора — хто да Чорнага, а хто ў Турэччыну — да Міжземнага.

Фірмы прапануюць вылет у тую ж Турэччыну з Кіеўскага аэрапорту. І гамельчукам, і нават менчукам з тэрыторыі Ўкраіны пералёты нашмат таньнейшыя.

Да аэрапорту Барыспаль беларусы едуць мікрааўтобусамі. І таксама зьведваюць пакуты на мяжы. І ня толькі на цэнтральным памежным аўтапераходзе “Новая Гута” — “Новыя Ярылавічы” , але й на пабочных. Напрыклад, Весялоўка-Сянькоўка, куды раілі кіравацца беларускія памежнікі.

Апавядае 35-гадовая жыхарка Гомелю, якая два дні таму вярталася з Турэччыны й перасякала зь сям’ёй украінска-беларускую мяжу:

“Я зь сямьёй езьдзіла ў Турэччыну. Да Кіеўскага аэрапорту дабіраліся з Гомелю маршруткай. Туды праехалі хутка, а вось назад — стаялі тры гадзіны на ўкраінскім пераходзе. Ехалі ў абход Новых Ярылавічаў — праз памежны пункт Весялоўка. Чарга аўтамашын была з паўкілямэтра ці болей. І менавіта на ўкраінскім баку. Намучыліся пасьля адпачынку”.
XS
SM
MD
LG