Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Зюганаў супраць “Хростнага бацькі” і за аднаўленьне СССР


Лідэр расейскай кампартыі (КПРФ) Генадзь Зюганаў выказаў абурэньне стужкай “Хростны бацька-3”, паказанай па НТВ у мінулую нядзелю.

“Я глядзеў гэты антыбеларускі фільм і лічу яго ня толькі паранойяй, але і адкрытай правакацыяй, накіраванай супраць дружбы і супрацоўніцтва дзьвюх славянскіх дзяржаў, – сказаў Зюганаў "Інтэрфаксу".

Лідэр КПРФ упэўнены, што такі фільм "проста ня мог быць паказаны без адмашкі зьверху".

Пры гэтым Зюганаў мяркуе, што Расеі варта было б многаму павучыцца ў Беларусі, у прыватнасьці, таму, як ўладкоўваць жыцьцё простых грамадзян.

“У Беларусі, ня гледзячы на ўсе эканамічныя цяжкасьці (а ў якой краіны іх няма) усё ж прасочваецца ўстойлівае і эфэктыўнае разьвіцьцё. Дастаткова сказаць, што ў параўнаньні з 1990 годам рост вытворчасьці там склаў 140%, а Расея на гэты ўзровень яшчэ ня выйшла. Так што лічу, што мы маглі б многаму вучыцца ў беларусаў – і таму, як ўладкоўваць пасёлкі і сельгаспалеткі, як працаваць міліцыі, і як наогул падтрымліваць грамадзкі парадак у краіне і забясьпечваць больш годны пражытачны мінімум яе грамадзян, чым той, які ёсьць у нас сёньня”, – заявіў лідэр КПРФ .

Ён лічыць, што калі Крэмль ня зьменіць свой цяперашні курс у дачыненьні да Беларусі і яе прэзыдэнта, то гэта пагражае стратай для Расеі і без таго нешматлікіх саюзьнікаў.

Для мяне рускія – гэта велікаросы, маларосы і беларосы. Я лічу, што галоўная трагедыя нашых народаў – падзел, які тады адбыўся. Ён ненатуральны, анамальны, амаральны, а шмат у чым – злачынны
“Лічу, што кіраўніцтва нашай краіны павінна адмежавацца ад гэтага ганебнага фільму, прычым ужо ня першага антылукашэнкаўскага і антыбеларускага. Калі гэтага ня будзе зроблена, то гэта прывядзе толькі да яшчэ большага пагаршэньня нашых адносін з суседзямі, а ў Расеі і без таго засталося няшмат саюзьнікаў”, – падкрэсьліў Г.Зюганаў.

А сёньня, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Сімфэропалі, лідэр расейскай кампартыі выказаўся за ўзьяднаньне Расеі, Украіны і Беларусі, лічачы, што такім чынам былыя саюзныя рэспублікі будуць больш канкурэнтаздольнымі ў Эўропе і ў сьвеце.

"Я лічу: наша агульная трагедыя, што ў 1991 годзе мы не ўратавалі адзіную краіну. Для мяне рускія – гэта велікаросы, маларосы і беларосы. Я лічу, што галоўная трагедыя нашых народаў – падзел, які тады адбыўся. Ён ненатуральны, анамальны, амаральны, а шмат у чым – злачынны. Таму ўзьяднаньне і ўзаемадзеяньне Расеі, Ўкраіны і Беларусі для мяне зьяўляецца галоўнай стратэгічнай задачай. Невыпадкова я кожны год прыяжджаю ў Крым, ва Ўкраіну, у Беларусь і ўсё раблю для таго, каб зрасьціць падраныя судзіны, вузлы і нікому не плаціць свайго роду даніну. На жаль, за той развал мы ўсе плацім жудасную, страшную даніну ", – заявіў Генадзь Зюганаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG