Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтавец Станіслаў Рамановіч пра першыя дні сваёй вайсковай службы


Станіслаў Рамановіч, архіўнае фота
Станіслаў Рамановіч, архіўнае фота
Амаль дваццаць дзён адслужыў у асобным Тыльзіцкім палку сувязі магілёўскі маладафронтавец Станіслаў Рамановіч. Яго прызвалі ў войска 30 ліпеня. Днямі ён даслаў на “Свабоду” свой першы ліст. У ім ён апавядае пра пачатак сваёй службы.

У лісьце Станіслаў Рамановіч кажа, што з камандаваньнем часткі ён размаўляе па-беларуску. Праблемаў з гэтым пакуль не паўставала. Як сьцьвярджае актывіст, яго некалькі разоў выклікалі на гутарку да вайсковых ідэолягаў. Іх цікавіла ягоная дзейнасьць на “грамадзянцы”:

“Яны спрабавалі даведацца, як мая ранейшая дзейнасьць адаб’ецца на маёй вайсковай службе. Даводзілі, што на “гражданцы” было адно, а цяпер трэба служыць”, зазначае Станіслаў Рамановіч.

У часьць маладафронтавец прыбыў апошнім, зь дзесяцідзённым спазьненьнем. Цяпер, па яго словах, яму даводзіцца наганяць раней прыбылых навабранцаў.
Лекары адводзілі на рэабілітацыю да трох месяцаў. Аднак іх вайсковыя калегі палічылі, што хлопец годны да службы ...

Чатыры дні малафронтавец праляжаў у вайсковым шпіталі. На “грамадзянцы”, незадоўга да прызыву, яму зрабілі апэрацыю на руце. Як сьлед загаіцца яна не пасьпела. Лекары адводзілі на рэабілітацыю да трох месяцаў. Аднак іх вайсковыя калегі палічылі іначай і пастанавілі, што хлопец годны да службы. У войска ён пайшоў яшчэ зь нязьнятымі швамі. У часьці, як кажа Рамановіч, яго вызвалілі на тыдзень ад фізычнай і шыхтавай падрыхтоўкі. Потым лекары будуць вырашаць, што рабіць далей.

На вайсковую службу Станіслаў Рамановіч не наракае. Харчаваньне й санітарныя ўмовы лічыць добрымі.

“У палку сувязі ёсьць аднак праблема з сувязьзю. Тут толькі адзін таксафон. І ён не заўжды працуе. За ўвесь час службы я толькі аднойчы патрапіў зь яго патэлефанаваць і тое зь цяжкасьцю”, — зазначае Станіслаў Рамановіч.

Сёлета ўвесну маладафронтаўца адлічылі з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Фармальная прычына — нездавальняючыя адзнакі, аднак сам юнак сьцьвярджае, што гэта адбылося з палітычных матываў, бо ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю й гэтага не хаваў. Пасьля адлічэньня Станіслаў Рамановіч зьбіраўся працягнуць навучаньне, пасьпяхова прайшоў тэставаньне, аднак яго нечакана прызвалі ў войска.

14 жніўня Станіслаў Рамановіч прыняў прысягу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG