Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэдакцыйным артыкуле пад такой назвай уплывовае расейскае выданьне “Ведомости» аналізуе пэрспэктывы новай расейскай палітыкі адносна Беларусі.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст артыкулу ў перакладзе на беларускую мову.

“На першы погляд, падстава для чарговага абвастрэньня адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю – дробныя прыдзіркі. Дзьмітры Мядзьведзеў пакрыўдзіўся, што Аляксандр Лукашэнка ня выканаў абяцаньня прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, беларускі прэзыдэнт, у сваю чаргу, заявіў, што нічога не абяцаў, а калі і абяцаў, то ў абмен на «нівэляваньне наступстваў» у адносінах з ЭЗ, ЗША і СНД, якога не дачакаўся. Крэмль пагражае апублікаваць стэнаграму слоў Лукашэнкі, сустрэча двух прэзыдэнтаў на саміце АДКБ у Ерэване пад пытаньнем.

Здавалася б, чаго асаблівага? Прызналі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю толькі Расея, Наўру, Нікарагуа і Вэнэсуэла. Неверагодна дружалюбны Маскве ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч не зьбіраецца гэтага рабіць, і ніхто яго за гэта ня лае.

На справе прыдзірка вельмі сымбалічная. Рэжым Лукашэнкі доўгія гады разглядаўся Масквой у якасьці асноўнага саюзьніка ў барацьбе з «варожым Захадам» і ў гэтай якасьці атрымліваў палітычную і эканамічную падтрымку. Ва ўмовах ідэалягічнага супрацьстаяньня паміж ЗША і ЭЗ, з аднаго боку, і Расеяй – з другога, «буфэрны» Лукашэнка атрымліваў магчымасьць гуляць на супярэчнасьцях, гандлюючы ляяльнасьцю. Ён так добра навучыўся маніпуляваць сваім найбуйнейшым суседам, што ператварыўся для Масквы ў пастаянны зубны боль.

Так што ў Маскве напэўна задумваліся аб кіраванай «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі, прымеркаванай да выбараў і праведзенай на «нашу» карысьць. "Вось быў бы годны адказ на недружалюбныя рэвалюцыі ў Грузіі і ва Ўкраіне» – цяжка ўявіць, што гэтая прывабная думка ніколі не наведала расейскіх палітыкаў. Але гэта небясьпечны шлях. Невядома, якога монстра можна спарадзіць, падтрымаўшы на выбарах якога-небудзь непрадказальнага лідэра, усё палітычнае майстэрства якога зьвядзецца да таго, каб перацягнуць на сябе расейскія перадвыбарчыя грошы.

Пакуль справа абмяжоўваецца непрыгожай інфармацыйнай вайной – у Расеі паказалі сэрыял «Хросны бацька», у якім Лукашэнку, фактычна, абвінавачваюць ва ўсталяваньні дыктатуры і прыводзяць псыханэўралягічны дыягназ. Прапагандысцкая кампанія, накіраваная на беларускага выбаршчыка, мяркуючы па ўсім, сьведчыць аб тым, што Масква робіць стаўку на зьмену беларускага прэзыдэнта, але імкнецца абысьціся бяз танкаў і газавай заглушкі.

Само па сабе жаданьне не выкарыстоўваць цяжкіх сродкаў можна толькі вітаць, бо гэта «мяккая сіла», уплыў бяз гвалту. Атрымліваецца, праўда, што расейская «мяккая сіла» адрозьніваецца кепскім густам, характэрным для краін, дзе інфармацыйныя сыстэмы кантралююцца дзяржавай.

Малаверагодна, што зьмена прэзыдэнта ў Беларусі адбудзецца на бліжэйшых выбарах (пачатак 2011 г.), занадта нізкія рэйтынгі ў верагодных кандыдатаў ад апазыцыі. Зь іншага боку, у Лукашэнкі няма вопыту выбараў ва ўмовах рэзка нэгатыўнага інфармацыйнага фону з боку Расеі.

Напэўна, у яго ёсьць яшчэ магчымасьць купіць ляяльнасьць Крамля, але зь відавочнай порцыяй прыніжэньня і на кароткі тэрмін (гэта значыць дамовіўшыся аб хуткім сыходзе на прымальных умовах).

Напэўна, ёсьць у Лукашэнкі і магчымасьць зьмякчыць рэжым і чарговы раз пастукаўся ў Эўропу – гэта, у прыватнасьці, нясе рызыкі судовага перасьледу з боку пацярпелых ад рэжыму.

Між тым, у Расіі адносіны з Захадам пасьля «перазагрузкі» палепшыліся, Масква нават абвясьціла аб празаходнім разьвіцьці сваёй зьнешняй палітыкі. Стратэгічная роля Беларусі як транзіцёра энэргарэсурсаў зьнізілася з прыходам да ўлады ва Ўкраіне Януковіча. Самы час вучыцца правільна выкарыстоўваць «мяккую сілу», дзейнічаць з розумам, не ствараючы новых падставаў для нянавісьці да Расеі.

Асабістыя крыўды – а іх у расейскага прэм'ера і прэзыдэнта на Лукашэнку назапасілася шмат – могуць падштурхоўваць Крэмль да жорсткім мэтадаў, але гэта спакусы, якія можна пераадолець. Найважнейшы саюзьнік Расеі ў Беларусі – гэта беларускае грамадзтва. Яго нельга страціць”.
XS
SM
MD
LG