Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнтар кіраўніка беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Аляксандра Лукашука для расейскіх слухачоў на трэцюю частку фільму "Хросны бацька".



Расейскі тэлеканал паказаў у нядзелю трэцюю частку фільму "Хросны бацька". Фільм стаў палітычнай сэнсацыяй гэтага лета ў Беларусі. Магчыма, з адной агаворкай: большасьць гледачоў у Беларусі яго ня бачылі, таму што тут канал НТВ недаступны. Тыя, хто бачылі – гэта апазыцыя і намэнклятура, якія паглядзелі яго, галоўным чынам, на youtube. Ні для першых, ні для другіх зьмест фільму не зьяўляецца сэнсацыяй. Намэнклятура напэўна ведае нашмат больш, чым было паказана ў фільме, а пра самі абвінавачаньні – выкраданьні людзей, эканамічная карупцыя, псыхічнае захворваньне Аляксандра Лукашэнкі – пра ўсё пра гэта беларуская апазыцыя ўжо шмат гадоў піша ў незалежных СМІ. Тут важна ня што, а хто.

Тое, што адносіны Беларусі і Расеі пагоршыліся, не навіна гэтага лета. Дастаткова прыгадаць газавыя, нафтавыя, малочныя войны мінулых гадоў. Але. Празь некалькі месяцаў у Беларусі прэзыдэнцкія выбары. Ні разу за апошнія 15 год яны не адбываліся адкрыта і справядліва, але заўсёды Расея падтрымлівала Лукашэнку. Ці падтрымае яна яго ў гэты раз? Вось пытаньне для апазыцыі. Для намэнклятуры такога пытаньня няма. Учора, я мяркую, уначы большасьць прадстаўнікоў намэнклятуры шэптам абмяркоўвалі фільм – яны занадта павязаныя і запужаныя.

Як у журналіста ў мяне два пытаньні да стваральнікаў фільму. Першае: ня ўся доказная база вытрымае аналіз у судзе, хаця ў судзе могуць быць іншыя аргумэнты. І другое: дзе ж слова ці аргумэнты процілеглага боку? Вось было б цікава, каб НТВ прадставіла беларускім уладам час у сваім эфіры. Бо ў арыгінальным "Хросным бацьку" чатыры сэрыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG