Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабства ў Карме


Добрускі раённы суд
Добрускі раённы суд
Пэнсіянэрку зь вёскі Карма Добрускага раёна абвінавачваюць у тым, што яна гандлявала людзьмі й незаконна пазбавіла волі мясцовую жыхарку. У Добрускім раённым судзе разглядаецца крымінальная справа аб рабстве, якая выклікала шырокі грамадзкі розгалас.

Падсудная пэнсіянэрка адмаўляецца гутарыць з журналістамі. Кажа, што яе ўжо й без таго зьняславілі на ўсю Эўропу. Яна, маўляў, дала прытулак вясковай жанчыне, а яе несправядліва вінавацяць у рабстве:

"Несправядліва. Чалавеку я дала прытулак, а на мяне во такое…"

Як высьветлілі праваахоўныя органы, у пацярпелай яшчэ ў 2003 годзе згарэла хата. Празь некаторы час падсудная пэнсіянэрка шляхам падману забрала жанчыну да сябе. Маўляў, трэба хавацца, бо міліцыя шукае яе за ўчыненьне падпалу.

Жыла пацярпелая ў хляве. Падсудная апошнім часам жорстка эксплюатавала аднавяскоўку, біла, прымушала бясплатна працаваць па гаспадарцы, не выпускала з двара.

У кастрычніку 2009 году паланянцы ўдалося ўцячы. Яна папрасіла прытулку ў мясцовай царкве. Гісторыя з рабствам набыла розгалас.

59-гадовая пацярпелая, сухарлявага складу вясковая кабета, пакуль таксама адмаўляецца ад якіх-колечы камэнтароў:

"Яшчэ суд ня скончыўся — ня буду нічога гаварыць".

На судовае паседжаньне ў Добруш выклікалі багата кармянцаў. Шмат хто зь іх даволі неадназначна ставіцца да падсуднай. У Карму тая прыехала жыць у свой час з Расеі. У яе пяцёра дзяцей — сыны й дочкі.

Падсудная спрабуе ўсталяваць у вёсцы свае парадкі, прыструніць тых, хто характарызаваў яе ня лепшым чынам.

Апавядае вясковая маладзіца, якая выступала сьведкай на папярэднім судовым паседжаньні:

"Запужалі ўсіх людзей. Зараз супраць іх вядзецца суд, што ўтрымлівалі рабыню. Людзі далі характарыстыку такую, што больш, відаць, нікому такой характарыстыкі ніколі й не давалі. Сем гадоў яны трымалі жанчыну ў рабстве, яна ўрэшце ўцякла. Яны помсьцяць зараз усім, пагражаюць усялякім чынам".

Спадар Віктар кажа, што сыны падсуднай лезьлі да яго з касою. І ня толькі:

"Яны маю дачку абяцалі згвалтаваць — нагла так заявілі. Людзі гэта чулі. Гэта было, калі яны з касою лезьлі да мяне ў двор. Я іх пазабіваю асабіста, калі гэта здарыцца, калі закон не абароніць".

Абарона падсуднай выставіла сёньня ў судзе сьведку з Кіева. 74-гадовая жанчына прыяжджае з Украіны ў Карму да стрыечнай сястры. Яна апавяла ў судзе пра спагадлівасьць й дабрыню падсуднай. Наконт пацярпелай наагул сказала, што тая нібыта хавалася ад людзей.

"Мяне ўгледзела — і таксама хавалася", — заявіла ўкраінка.

Судзьдзя Алег Васюкоў, які разглядае крымінальную справу пра рабства, пацікавіўся ў пацярпелай, ці ведае яна гэтую сьведку.

"Я першы раз яе бачу", — адказала пацярпелая.

Наступнае паседжаньне суду адбудзецца 24 жніўня. У суд павінны прымусова даставіць двух сьведак, якія дагэтуль не зьявіліся сюды самастойна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG