Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З дапамогай службы ўскрыцьця замкоў магілёўскія актывісты "Гавары праўду" здолелі сёньня патрапіць у сваю сядзібу. Невядомыя зламысьнікі пашкодзілі дзьвярныя замкі. Выкліканыя на месца здарэньня міліцыянты склалі пратакол аб правапарушэньні.

Адзін з магілёўскіх лідэраў руху "Гавары праўду" Ігар Каваленка лічыць, што маёмасьць арганізацыі пашкодзілі супрацоўнікі сілавых структураў. Пра гэта ён заявіў і міліцыянту.

Ігар Каваленка: "Гэта ўсё справа рук КДБ. Іх правакацыя. Яны абралі шлях дробнага свавольства. Гарэзяць яны такім чынам не ўпершыню. Першы раз у замочнае вочка натыкалі скрэпак. Адбылося гэта адразу пасьля травеньскага ператрусу, калі ў нас забралі аргтэхніку й друкаваныя матэрыялы. Цяпер жа заляпілі яго будаўнічай сумесьсю, якая так закалянела, што аддзерці яе не было ніякай магчымасьці. Служба ўскрыцьця замкоў выламала дзьверы. Цяпер мы мяняем два замкі. У мінулую пятніцу, калі мы ехалі на карпаратыўную сустрэчу, тры машыны нашых актывістаў затрымалі супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі. Потым у іх быў праведзены міліцыянтамі ператрус. Нічога не знайшлі. Як нам паведамілі сёньня нашы суседзі — у пятніцу двое хлопцаў у цывільных выпытвалі, куды мы паехалі, хто мы такія й што зьбіраемся рабіць. І сёньняшні выпадак, і ператрус машын у пятніцу — гэта спробы спэцслужбаў запалохаць нашых актывістаў".

Пятнічны ператрус машын актывістаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG