Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм "Хросны бацька-3" камэнтуюць у Беларусі


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

У нядзелю расейскі тэлеканал НТВ паказаў фільм "Хросны бацька — 3", які працягвае выкрывальніцкі сэрыял пра Аляксандра Лукашэнку. Гэтым разам стужка прысьвячалася крыніцам прыбыткаў сям'і Аляксандра Лукашэнкі, залежнасьці беларускага бізнэсу ад карумпаванай улады, а таксама тэме псыхічнага здароўя кіраўніка Беларусі. Як фільм успрынялі вядомыя беларускія гледачы?

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць наймацнейшымі тыя фрагмэнты фільму "Хросны бацька — 3", якія прысьвечаныя парадкам у беларускім бізнэсе. Зьвесткі пра тое, што бізнэс мусіць плаціць даніну прадстаўнікам улады, а інакш ня выжыць, Леанід Злотнікаў пацьвердзіў з асабістага досьведу:

Леанід Злотнікаў
"Я ведаў дырэктара прыватнага прадпрыемства, якому прапаноўвалі пэўную суму плаціць кожны месяц і казалі, што гэтыя грошы пойдуць у адміністрацыю прэзыдэнта. Ён адмовіўся і потым дрэнна скончыў. У тым сэнсе, што знайшлі парушэньні, і зараз ён ужо не дырэктар. Вось што я дакладна ведаю. А ці былі сьпісы тых, хто мусіць плаціць, як казаў журналіст Падаляк, — гэта ягоныя зьвесткі".

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што ў фільме "Хросны бацька — 3" перабольшылі памеры штогадовых прыбыткаў сакрэтнага прэзыдэнцкага фонду. Паводле Злотнікава, штогод гэта сотні мільёнаў, але не мільярды даляраў: "Няма тут на чым зарабляць такія грошы", — мяркуе эканаміст.

Лідэр кампаніі "Гавары праўду" паэт Уладзімер Някляеў адзначае, што Расея шмат гадоў "ляпіла вось такога Лукашэнку, а зараз мусіць зь ім змагацца, бо нават там зразумелі, што далей гэтак нельга". Пры гэтым Уладзімер Някляеў мяркуе, што абяцанай "інфармацыйнай бомбы" з трэцяй часткі "Хроснага бацькі" не атрымалася, бо яшчэ не загаварылі сапраўды кампэтэнтныя асобы з атачэньня кіраўніка Беларусі:

Уладзімер Някляеў
"Калі я быў у Маскве, мне называліся прозьвішчы Навумава і былых супрацоўнікаў нашых праваахоўных органаў, якія раней сябравалі з рэжымам, а цяпер не сябруюць. Але замест іх мы ўбачылі тых, хто ня можа непасрэдна пра гэта казаць, бо ў іх няма такіх фактаў. Вось як было са мной: я там удзельнічаў, але што я магу сказаць? Тое, што ўсе ведаюць. Таму пакуль фільм не апраўдаў тых чаканьняў, якія на яго ўскладаліся. Кажуць, што будзе нейкі працяг".

Старшыню АГП Анатоль Лябедзька на пытаньне ці этычна, на ягоную думку, з боку аўтараў фільму закранаць тэму псыхічнага стану Аляксандра Лукашэнкі, адказаў наступнае:

Анатоль Лябедзька
"Ёсьць, канечне, такое адценьне. Але справа ў тым, што гэта не прыдуманая гісторыя. Сапраўды быў такі доктар, які даўно зрабіў такое заключэньне. Такім чынам, гэта, канечне, на мяжы этыкі. Але, зь іншага боку, мы ніколі ня бачылі ніякіх мэдычных заключэньняў адносна Лукашэнкі ў Беларусі. Калі праходзіла выбарчая прэзыдэнцкая кампанія, была ініцыятыва, і мы яе падымалі, каб кожны прэтэндэнт публікаваў дадзеныя аб стане свайго здароўя. Такім чынам, гэты момант у фільме — наступства. Калі б насамрэч была практыка такіх мэдычных заключэньняў, то не зьявіўся б і гэты фрагмэнт".

Камэнтар да фільму "Хросны бацька" праз сайт naviny.by зьмясьціў Аляксандар Зімоўскі, які ўзначальвае Нацыянальную тэлерадыёкампанію. Камэнтатар, вядомы ранейшымі перадачамі пра апазыцыю, якія рабіліся на замову ўладаў, кажа, што галоўнай мэтай аўтараў "Хроснага бацькі" было спарадзіць скандал, каб дамагчыся "збою сыстэмы". "Так, нэрвы патрапаць, зьняважыць, высьмеяць, пакрыўдзіць, наколькі гэта магчыма. Да таго ж у нашым выпадку аўтар скандалу, кім бы ён ні быў, ня мае маральнай праваты. Адсюль недасягальнасьць мэтаў, якія праклямуюцца. Няма парушэньня рэпутацыі, пра ўнясеньне хаосу ў сыстэму я ўжо не кажу", — дае ацэнку эфэктыўнасьці фільму Аляксандар Зімоўскі.

Між тым, паводле зьвестак Анатоля Лябедзькі, які спасылаецца на сацыялягічную службу "Балтык Гэлап", больш за 31% жыхароў Беларусі ўжо паглядзелі першую ці другую часткі "Хроснага бацькі". Палітык лічыць гэта паказчыкам вялікай запатрабаванасьці тэмы зьмены ўлады ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG