Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў у Міністэрства лясной гаспадаркі прапановы да праграмы разьвіцьця лясной гаспадаркі Беларусі на 2011—2015 гады.

Праект гэтай дзяржаўнай праграмы цяпер распрацоўваецца Міністэрствам лясной гаспадаркі і будзе разгледжаны Саветам Міністраў да канца жніўня.

Прапановы Партыі БНФ скіраваныя на карэннае зьмяненьне мадэлі дзяржаўнай палітыкі ў галіне лесакарыстаньня. Мяркуецца пашырыць арэндныя формы гаспадараньня, захаваўшы за дзяржавай толькі кантрольныя функцыі.

"Арэнда лясоў — гэта кампрамісны шлях разьвіцьця, альтэрнатыўны імгненнай прыватызацыі лясоў і зямель", — гаворыцца ў дакумэнце.

Таксама прапануецца радыкальна скараціць колькасьць чыноўнікаў: каб утрымліваць апарат усіх установаў Мінлясгасу, дастаткова чацьвёртай часткі цяперашняга бюджэту.

"Уся кантрольная і пажарная служба павінна быць захаваная і разьвівацца — на гэтым кірунку эканоміць нельга," — сьцьвярджаецца ў дакумэнце.

Рыгор Кастусёў адзначыў, што пытаньні разьвіцьця лясной гаспадаркі і лесакарыстаньня маюць вялізарнае значэньне для будучыні нашай Бацькаўшчыны.

"Нядбайнае стаўленьне да гэтага кірунку дзяржаўнай палітыкі можа прывесьці да жудасных і непапраўных трагедыяў, што мы назіраем гэтым летам у суседняй Расейскай Фэдэрацыі," — падкрэсьліў Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў адзначыў, што прапановы па рэфармаваньні лясной гаспадаркі — толькі частка пакету рэформаў, зь якімі Партыя БНФ ідзе на прэзыдэнцкія выбары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG