Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Міжнароднага дня бадзяжных жывёлін: "Як вы лічыце, што рабіць з бадзяжнымі жывёламі?" На пытаньне адказвалі гарадзенскія мінакі.

Паводле апошняй статыстыкі, за год у РБ забіваюць ("усыпляюць") да 70 000 жывёлаў. Гэта ніяк не вырашае праблемы, колькасьць бяздомных катоў і сабак няспынна расьце, як і грашовая сума, якую дзяржава выдзяляе на іхняе зьнішчэньне.

Дзяўчына: "Шкада іх, трэба ствараць прытулкі для бяздомных жывёлін".

Маладзён: "Трэба даваць абвесткі ў газэтах, па тэлебачаньні, каб людзі, якія любяць сабак, бралі іх. Большасьць, я думаю, пра гэта проста ня ведаюць —дзе гэта і як дапамагчы".

Маладзён: "Я думаю, трэба ўсё-ткі тэлефанаваць мільянэрам ці мільярдэрам, у якіх катэджы і гэтак далей, каб яны праявілі хоць крышачку спагады да гэтых жывёлаў. Усё-ткі сабакі — гэта блізкія нашы сябры. І каб яны выдзелілі сродкі, прафінансавалі прытулкі для жывёлаў, каб у іх было годнае жыцьцё. І таксама варта газэтам пісаць: людзі добрыя, якія любяць сабак і катоў, каб яны ўзялі іх да сябе".



Маладзён: "Вось я ў Эўропе быў нядаўна, бачыў рэкляму — па тэлебачаньні паказвалі — там можна пералічыць грошы на нейкі рахунак, людзі добраахвотна, калі ім гэта трэба, пералічваюць грошы і на іх будуюцца новыя прытулкі, паляпшаецца жыцьцё…"

Спадарыня: "Мне здаецца, нейкую акцыю трэба, каб быў дом, дзе іх трымалі б — беспрытульных, як у вялікіх гарадах. Я б гэта цалкам падтрымала".

Пажылая спадарыня: "Што вы, грэх вялікі забіваць іх, прытулкі трэба ствараць".

Спадар: "Са старых часоў чалавек прыручыў жывёлу, прывабіў да сябе —сабаку, ката, яны зь першых сяброў яго. Калі дзяржава выдзяляе грошы на тралейбус, калі субсыдыі выдае на будаўніцтва для чалавека, чалавек павінен лепш дбаць пра сваіх братоў, якія ніжэйшыя розумам, але якія яму дастаўляюць і задавальненьне, і карысьць. Таму, бясспрэчна, клопат дзяржавы. Яна павінна дбаць, выдзяляць грошы".

Спадарыня: "Што рабіць? Нават ня ведаю. Канечне, забіваць іх — гэта жорстка. Трэба арыентавацца на тое, як гэта за мяжой робіцца".

Маладая спадарыня: "Я думаю, гэта ня вельмі дарагая праблема. Я думаю, што ў нас і людзей нямала такіх, хто шкадуе катоў і сабак, з задавальненьнем дадуць нейкія грошы, чымсьці дапамогуць. Трэба часьцей арганізоўваць такую дапамогу. Я чула па тэлевізары, што дзесьці ў Менску сьвята зрабілі і зьбіралі ўсё, што маглі. Навошта забіваць? Гэта вельмі страшна".
XS
SM
MD
LG