Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі штогод адлоўліваюць каля 80 тысяч безнаглядных жывёл

  • БелаПАН

16 жніўня ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень бяздомных жывёл. Ініцыятарам заснаваньня такога дня выступіла Міжнароднае таварыства правоў жывёл (ISAR, ЗША).

Праблема бяздомных жывёл актуальная для Беларусі. Паводле абаронцаў жывёл, штогод у краіне адлоўліваецца прыкладна 80 тысяч безнаглядных сабак і катоў, большасьць зь якіх усьмерчваецца.

Пры гэтым забойства часта робіцца негуманнымі мэтадамі: у шмат якіх гарадах лаўцы жывёл самі распраўляюцца зь імі. Выпадкі жорсткага абыходжаньня з жывёламі вельмі рэдка даходзяць да судоў. Напрыклад, у 2009 годзе судовы разбор вёўся толькі па трох такіх фактах.

Найбольш пасьпяхова сытуацыя зь бяздомнымі жывёламі склалася ў Менску, дзе працуе прадпрыемства па часовым зьмяшчэньні жывёл "Фаўна гораду".

Паводле дырэктара прадпрыемства Эдуарда Ліпніцкага, з 6 тысяч 630 бяздомных сабак і катоў, адлоўленых у сталіцы ў мінулым годзе, 65% былі перададзеныя новым гаспадарам або ў зоаабарончыя арганізацыі.

Сёньня "Фаўна гораду" правядзе чарговую акцыю па бясплатнай раздачы насельніцтву сабак і катоў.

Напярэдадні Міжнароднага дня бяздомных жывёл 14 жніўня грамадзкае аб'яднаньне абароны жывёл "Эгіда" таксама правяло акцыю па пошуку гаспадароў для безнаглядных сабак і катоў. Прыкладна 100 бяздомных жывёл былі выстаўленыя ў сталічным парку Чалюскінцаў.

Як лічыць старшыня таварыства Наталля Белянова, першым крокам да вырашэньня праблемы бяздомных жывёл у Беларусі павінна стаць прыняцьце закону аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжаньня.
XS
SM
MD
LG