Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Калі паэзія – душа, застылая ў словах, то фота – зьнерухомелы рух душы ў выяве. І наша сёньняшняя экспэртка паэтка Аксана Спрынчан вырашыла высьветліць, каму зь беларускіх творцаў найлепей удалося злучыць гэтыя два віды мастацтва.



ЛЯВОН ВОЛЬСКІ. ФОТААЛЬБОМ: ВЕРШЫ, МЕНСК, “КОВЧЕГ”, 2000


Тое, што вы ўявілі, прачытаўшы назву “Фотаальбом”, насамрэч не адпавядае сапраўднасьці. Гэта танюткая кніжачка, на вокладцы якой зьмешчаныя 9 гарызантальных фотаздымкаў памерам 2,4х1,5. Гэтыя ж 9 выяваў сустракаюцца і ў кнізе, хіба што памер іх павялічваецца да 7,5х5.

Калі б такая кніга была выдадзеная ў1937 годзе, аўтара адназначна пасадзілі б, паколькі палічылі б, што фотаздымкі зробленыя “шпіёнам” і не абы якім. Былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марэк Зюлкоўскі падараваў зробленыя ім выявы ваколіцаў Менску Лявону Вольскаму. Але наўрад ці вы самі здагадаліся б, што гэтыя здымкі зробленыя менавіта ў Беларусі. Затое сапраўды ўвесь час паўстае адчуваньне, што нешта таямніча-шпіёнскае ў іх ёсьць, і галоўнае -- адшукаць код.

Відавочна, што бліжэй да праўды было б назваць гэтую кнігу “Вершаальбом”, ды вершы ў ёй зусім не альбомныя.


Круціць дзяржава жорны.
Будзе мукою зерне.
Калісьці й мы з табою,
Мой дружа, будзем мукою.
Трэба спадзявацца, што застанецца зьнятае сьвятло (“фота” – з грэцкай мовы і ёсьць сьвятло) і напісаная вера вершаў.



ЗЯНОН. ГЛЁРЫЯ ПАТРЫЯ (ВЕРШЫ І ФАТАГРАФІІ 80-х ГАДОЎ). ВІЛЬНЯ, “ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Ў ЛІТВЕ”, 2000

Да таго, як стаць значнай палітычнай фігурай у гісторыі Беларусі, Зянон Пазьняк набыў вядомасьць як прафэсійны фотамастак. Першы ягоны альбом, прысьвечаны Менску, выйшаў у канцы 1960-х гадоў. У 1970 годзе ён выдаў наступны --“Браслаўшчына”. У 2000 годзе выйшла кніга вершаў і фатаграфій Зянона (менавіта такі псэўданім абраў сабе Зянон Пазьняк) “Глёрыя Патрыя” (Хвала Бацькаўшчыне). Кніга, што ўражвае і сваім зьместам, і мастацкім афармленьнем. Стварыць яе непаўторны воблік дапамог мастак Пётра Драчоў.

У гэтай кнізе гарманічна зьнітаваныя і паэтычная, і фатаграфічная плыні. Вершы пераходзяць у фотаздымкі, і наадварот. Яны супадаюць альбо дапаўняюць адзін аднаго. Чорна-белая палітра кнігі яшчэ больш яскрава сьвеціцца ад каляровай уклейкі.

Уся ж кніга ўвенчваецца фотаздымкам “белага сьвету” – вішняй у квецені, а перад ім – верш “Карціна сьвету”:

Самыя вялікія мастацтвы –
Музыка Боская
І фатаграфія чалавечая.
Музыка – вечнасьць.
У фатаграфіі – адбітак яе –
Дачасная плыннасьць быцьця.


Адбітак беларускай вечнасьці у Зянона ў кветках космасу, у разгорнутай кнізе перад засьнежаным вакном, якую сагравае сонца, у камянях і азяродах, у кроплях дажджу на галінках, у борцях з пчоламі, якія збіраюць мёд Бацькаўшчыны.

ЯЎГЕН ПЯСЕЦКІ. КОЛА ДЗЁН: ПАЭЗІЯ. МЕНСК, ВЫДАВЕЦ В.ХУРСІК, 2007

Фотажурналіст Яўген Пясецкі ўжо больш як трыццаць гадоў вядомы беларускім чытачам. Ён працуе ў газэце “Звязда”, і ягонае фотавока пабачыла літаральна ўсю Беларусь. Раскрыўся ў яго і паэтычны талент. І ў газеце “Звязда” зьявілася рубрыка “Фотаслова” – здымак, зьяднаны зь вершам. Як вынік – нарадзілася кніга “Кола дзён”.

У гэтым коле беларускіх дзён ёсьць скрыпка на вакне, за якім чарада птушак; трактар “Беларусь”, вакол якога лётаюць буслы; раскрытая душа шыпшыны; хлопчык, што абдымае падручнік “Беларуская мова”; знак “Пешаходны пераход” паміж царквою і касьцёлам і кляновае лісьце, шмат кляновага лісьця, якое працягвае нам свае далоні.

Адзін зь вершаў Яўгена Пясецкага заканчваецца такімі радкамі:

Усё, што дзеецца ў Сусьвеце,
На сваёй зямельцы чую.
Я ўпэўненая, што ня будзе ніякай памылкі, калі замяніць “чую” на “бачу”.


АЛЕСЬ КАМОЦКІ. 48. МЕНСК, “РАДЫЁЛА-ПЛЮС”, 2007

48 вершаў Алеся Камоцкага, 48 фотаздымкаў Вадзіма Грудзько. Але не таму так называецца гэтая кніга. Проста задумлялася яна Алесем Камоцкім тады, калі яму стукнула 48. Такая вось нескладаная арытмэтыка, зь якой вынікае, што здымак падабраны да кожнага верша.
Кніга з паралеляў. Бліжэй да сэрца – выява, праваруч – верш. Пры гэткім раскладзе атрымліваецца, што першасная ўвага надаецца фотаздымку, а ня вершу, хоць задумлялася, відавочна, наадварот. Але гэта не бяда, бо ўзяўшы кнігу ў рукі, з табою не аднойчы адбудзецца кругазварот фотаздымкаў і вершаў. Балазе, што ўпершыню кніга паэзіі выйшла з каляровымі фотаздымкамі на крэйдавай паперы.
Словаў непачутых сьляды
Не даюць спакою заўжды,
Скуль іх пананесла сюды,
Словаў непачутых сьляды.
Прачытаўся верш, і чамусьці падумалася, што фатаграфія – гэта і ёсьць “словаў непачутых сьляды”. Яна для тых, хто бачыць.

РЫГОР БАРАДУЛІН. НАВОШТА: ВЕРШАСКАЗЫ. МЕНСК, “МЕДЫСОНТ”, 2009

Як нараджаюцца кнігі? Па-рознаму. Пабачыўшы “48” Алеся Камоцкага, Рыгор Барадулін, нібыта, сказаў: “Я таксама хачу такую кніжку”. Таму ня дзіўна, што кнігі маюць аднолькавы фармат 12 на 12. Але ж “згодна веку” дзядзькі Рыгора ягоная “Навошта” значна таўсьцейшая і фотаздымкі ў ёй “пасівелыя” – чорна-белыя.

У кнізе зьмешчаныя вершасказы ў атачэньні працаў Джона Кунстадтэра. Ён колькі год працаваў намесьнікам амбасадара ЗША ў Беларусі і, паводле ягонага прызнаньня, закахаўся ў нашую краіну.

Калі свае творы Рыгор Барадулін сам вызначыў жанрам “вершасказы”, дык жанр твораў Джона Кунстадтэра рэдактар выданьня Алесь Камоцкі назваў фотаздумкамі. Упэўненая, што не адзін паэт, пабачыўшы “Навошта” Рыгора Барадуліна і Джона Кунстадтэра скажа: “Я таксама хачу такую кніжку”. А значыць кнігі фотавершаў, пра якія можна сказаць вершасказам дзядзькі Рыгора “Вочы чуюць, вушы бачаць”, будуць і надалей напаўняць чытачоў сьвятлом і глыбінёй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG