Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў не зьбіраецца размаўляць зь кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падчас маючага адбыцца нефармальнага саміту АДКБ у Ерэване.

Пра гэта піша расейскі "Коммерсант".

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на папрок Дзьмітрыя Мядзьведзева ў невыкананьні Менскам абяцаньня прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, абвінаваціў апошняга ў "несумленнасьці". У адказ памочнік расейскага кіраўніка Сяргей Прыходзька выказаў гатоўнасьць абнародаваць ня толькі стэнаграмы саміту АДКБ, на якім Аляксандр Лукашэнка абяцаў прызнаць дзьве рэспублікі, але і іншыя яго выказваньні, "якія будуць даволі цікавымі як Беларусі, так і міжнароднай грамадзкасьці". Адбудзецца гэта ці не, але стасункі паміж дзьвюма краінамі, здаецца, дасягнулі крытычнай кропкі, піша "Коммерсант".

Заява аб несумленнасьці Дзьмітрыя Мядзьведзева стала першым выпадам спадара Лукашэнкі асабіста на адрас расейскага калегі. Раней беларускі кіраўнік вельмі жорстка крытыкаваў Уладзімера Пуціна.

Да ацэнак жа прэзыдэнтам Беларусі дзейнасьці спадара Мядзьведзева раней справа не даходзіла. Магчыма, таму рэакцыя Крамля на выпад з боку суседа аказалася вельмі жорсткай. У суботу на гэты конт выказаўся памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька:

"Не Аляксандру Рыгоравічу гаварыць у гэтым пытаньні (аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі) аб непасьлядоўнасьці - гэтая катэгорыя характэрная якраз для яго" .

Але адказам у стылі Ўладзімера Пуціна Сяргей Прыходзька не абмежаваўся. "Што тычыцца пытаньня аб прызнаньні рэспублікай Беларусьсю рэспублік Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, то, калі будзе такое жаданьне, мы можам апублікаваць тую частку стэнаграмы пасяджэньня АДКБ, у якой ёсьць словы прэзыдэнта Беларусі на гэтую тэму", - прыгразіў чыноўнік. І дадаў: "Мы можам апублікаваць і іншыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць даволі цікавымі як Беларусі, так і міжнароднай грамадзкасьці".

Будзе ці не ажыцьцёўленая гэтая пагроза, але апошняя пікіроўка паміж Масквой і Менскам дэманструе, што дачыненьні паміж кіраўніцтвам дзьвюх саюзных быццам бы краін дасягнулі крытычнай кропкі.

Пра гэта сьведчыць і той факт, што, па словах крыніцы "Коммерсанта" у МЗС Расеі, Дзьмітрый Мядзьведзеў не плянуе праводзіць двухбаковай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам падчас нефармальнага саміту АДКБ, які адбудзецца ў Ерэване 20-21 жніўня. Зрэшты, не выключана, што спадар Лукашэнка можа адмовіцца ад паездкі ў Армэнію (год таму падчас "малочнай вайны" з Расеяй ён ужо праігнараваў аналягічнае мерапрыемства ў Маскве). Асабліва калі ўлічыць, што ўчора ў прайм-тайм тэлеканал НТВ выдаў чарговую порцыю выкрыцьця "рэжыму Лукашэнкі", сабраных у фільме "Хросны бацька-3".

Пра сур'ёзнае пахаладаньне ў беларуска-расейскіх адносінах кажа і той факт, што зараз замарожаныя ўсе інтэграцыйныя працэсы па лініі саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Распрацоўка канстытуцыйнага акту, на аснове якога калісьці плянавалася завяршыць аб'яднаньне дзьвюх краін, і пытаньне іх пераходу на адзіную валюту, мяркуючы па ўсім, нават не стаяць на парадку дня. Ва ўсялякім выпадку, двухбаковая камісія пад кіраўніцтвам сьпікера расейскай Дзярждумы Барыса Грызлова, якая займаецца канстытуцыйным актам, не зьбіралася ўжо больш за год.

Баявы настрой Крамля перададзены і расейскім парлямэнтарам, якія ня стрымліваюць сябе характарызуючы спадара Лукашэнку. "Саюзная дзяржава, па сутнасьці, працягвае віртуальнае існаваньне і нічым іншым не зьяўляецца. Лукашэнка не дае падставы зачапіцца за пазытыў. Ясна, што дарогі расейскага і беларускага кіраўніцтва разыходзяцца ўсё далей. І ў Расіі, мабыць, прыйшлі да высновы, што ніякага збліжэньня пры Лукашэнку ня будзе ", - лічыць дэпутат Канстанцін Затулін.

Кіраўнік думскага камітэта па справах СНД Аляксей Астроўскі ў гутарцы з "Коммерсантом" выказаўся яшчэ больш рэзка: "Характэрнай асаблівасьцю Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца раздача пустых абяцаньняў. Ён кажа тое, што хоча пачуць прымаючы бок, і гэтыя абяцаньні ніколі не рэалізуюцца. Камэнтаваць яго новыя выказваньні пустое марнаваньне часу. Тут можа быць толькі адзін камэнтар: да лекара".

Раней да лекара было прынята адпраўляць такіх недружалюбных Расеі палітыкаў, як грузінскі лідэр Міхаіл Саакашвілі і экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG