Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Берасьці хочуць выказацца за канвэнцыю аб зьнікненьнях


У Берасьцейскі гарвыканкам 15 жніўня накіравана заяўка на правядзеньне ў абласным цэнтры мітынгу, удзельнікі якога маюць намер выступіць за падпісаньне Беларусьсю Міжнароднай канвэнцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных зьнікненьняў.

Як паведаміў БелаПАН заяўнік акцыі, праваабаронца Раман Кісьляк, мерапрыемства плянуецца правесьці 30 жніўня. Яго мэта — прыцягнуць увагу жыхароў гораду да патрабаваньня падпісаньня кампэтэнтнымі дзяржаўнымі органамі краіны гэтай канвэнцыі.

Кісьляк нагадаў, што 30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў. "І я мяркую, што менавіта ў гэты дзень неабходна нагадаць грамадзкасьці пра зьніклых вядомых людзей у Беларусі — Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзьмітрыя Завадскага, а таксама запатрабаваць падпісаньня нашай дзяржавай гэтай канвэнцыі, якая зьяўляецца сур'ёзным інструмэнтам барацьбы са зьнікненьнямі людзей ва ўсім сьвеце", — зазначыў актывіст. Паводле яго слоў, пасьля таго як у 2006 годзе Міжнародная канвэнцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных зьнікненьняў была прынятая Генэральнай асамблеяй ААН, "некаторыя вышэйшыя службовыя асобы нашай краіны заяўлялі пра тое, што для Беларусі гэтая канвэнцыя не актуальная". "Мы з гэтым ня згодны і маем намер дамагчыся падпісаньня Беларусьсю гэтага міжнароднага дакумэнту", — сказаў ён.

Праваабаронца паведаміў, што мітынг плянуецца правесьці ў цэнтры гораду — на пешаходнай частцы плошчы Леніна, побач з будынкам навукова-тэхнічнай бібліятэкі.
XS
SM
MD
LG