Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду сустрэліся ў Воршы


Выступае Рыгор Костусеў

Выступае Рыгор Костусеў

Актывісты Аршанскай міжрэгіянальнай кааліцыі АДС разаслалі запрашэньні ўсім палітыкам, якія заявілі пра сваё жаданьне балятавацца. Але на форум мясцовых прыехалі толькі тры патэнцыйныя кандыдаты і некалькі прадстаўнікоў палітычных структураў, якія маюць сваіх вылучэнцаў.

58 удзельнікаў форуму кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія зьехаліся ў Воршу з Аршанскага, Чашніцкага, Талачынскага, Бешанковіцкага і Дубровенскага раёнаў, спачатку падзяліліся ўражаньнямі ад мінулых мясцовых выбараў. Дарэчы, у Віцебскай вобласьці абрацца ў мясцовы савет ўдалося адзінаму дэмакратычнаму актывісту — Віктару Міхасёву, які ўжо чацьвёрты раз стаў дэпутатам гарсавету ў мястэчку Барань пад Воршай.

Потым перад прысутнымі выступілі патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду: Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч і Рыгор Костусеў. А таксама актывістка стваранай партыі БХД Таісія Кабанчук, якая прадставіла асобныя палажэньні праграмы партыйнага кандыдата Віталя Рымашэўскага, і прадстаўнікі руху «За Свабоду» Аляксей Кавалец і Алесь Лагвінец — яны прыехалі ў Воршу па даручэньні Аляксандра Мілінкевіча.

Пытаньні да патэнцыйных кандыдатаў.
Гасьцям задалі некалькі дзясяткаў пытаньняў: пра пэрспэктывы будаўніцтва АЭС у Беларусі, пра верагодныя шляхі паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне, пра гандаль наркотыкамі і забарону на аборты. Але найбольш вострая дыскусія разгарнулася наконт магчымасьці кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў дзеля працы на адзінага кандыдата: адны казалі, што такі кандыдат абавязкова мусіць быць вылучаны з усіх ахвотных, іншыя цьвердзілі, што аднаго суперніка Аляксандру Лукашэнку будзе лягчэй перамагчы, і таму патрэбныя некалькі кандыдатаў. Вылучэнцы ад партый ды іншых структур таксама ня выказалі адзінадушнага меркаваньня пра тое, ці гатовыя яны дапамагаць на выбарах камусьці іншаму, абранаму адзіным кандыдатам ад апазыцыйных сілаў, разам з усёй сваёй камандай.

Тым ня менш на форуме было прынятае рашэньне пра неабходнасьць кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

«Мы падтрымліваем ідэю вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, бо толькі аб’яднанай воляй можна зьмяніць дыктатарскі рэжым у нашай краіне», — гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай на форуме Аршанскай міжрэгіянальнай кааліцыі АДС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG