Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым газэта “Раніца” застанецца ў гісторыі


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




Ларыса Геніюш — аўтарка «Раніцы». 1940 г.
Янка Купала дэбютаваў як паэт на старонках менскай расейскамоўнай газэты «Северо-Западный край». Якуба Коласа адкрыла віленская газэта «Наша доля». Максім Багдановіч пачаў друкавацца ў сёньня легендарнай «Нашай Ніве» — «першай беларускай газэце з рысункамі». Мы сёньня з удзячнасьцю згадваем гэтыя выданьні ды іхніх рэдактараў.

Паэткай Ларысай Геніюш апекавалася газэта «Раніца», якая выдавалася ў Бэрліне са сьнежня 1939 па сакавік 1945 году. На яе старонках былі надрукаваныя каля двухсот вершаў паэткі, крытычныя агляды яе творчасьці, біяграфічныя матэрыялы. Ужо адно гэта змушае нас больш пільна прыгледзецца да гэтага выданьня.

«Раніца» пачала выходзіць пры Беларускім прадстаўніцтве ў Бэрліне і прызначалася спачатку для палонных беларусаў, якіх пасьля захопу немцамі Польшчы налічвалася каля 70 000. Скажам, чытачом «Раніцы» быў марскі пяхотнік Войска Польскага Янка Брыль, які трапіў у палон пад горадам Гдыняй. Газэта спрабавала стаць тыднёвікам, але часам на месяц выходзіў толькі адзін нумар. Наклад даходзіў да 12 000 асобнікаў, усяго сьвет пабачылі 233 нумары.

З пачаткам вайны паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам цэнзураваньне газэты ажыцьцяўляла нямецкае Міністэрства ўсходніх акупаваных абшараў, адсочваючы, каб першыя старонкі аддаваліся пад пераможныя рэляцыі з фронту. Але на старонках «Раніцы», якую ў розны час рэдагавалі Мікола Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Грынкевіч і Станіслаў Станкевіч, шырока асьвятлялася і жыцьцё ў самой Беларусі, дзе ролю грамадзкага карэспандэнта-арганізатара выконваў энэргічны Кастусь Езавітаў. Як бачым, газэта ўяўляла зь сябе даволі сур’ёзную грамадзкую трыбуну, якая яднала беларусаў на ладным абшары эўрапейскай тэрыторыі.

Першы твор Ларысы Геніюш — лірычны абразок пра вясну — чытачы маглі і не заўважыць. Надрукаваны ў велікодным нумары за 28 красавіка 1940 году, ён асабліва ня кідаўся ў вочы. Да таго ж ня меў загалоўка і быў падпісаны нязвыклым для сухаземнай Беларусі псэўданімам Чайка. Затое верш «Беларуска», які зьявіўся ў наступным нумары, павінен быў запомніцца. Ён быў сугучны думкам многіх, у ім адчуваліся моцная рука і непахіснасьць перакананьняў:

Калі цябе, мілы, Краіна пакліча
за родны змагацца парог,
то суму ня будзе ў мяне на абліччы
і страху ня будзе ў грудзёх.
Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую,
каня накармлю, напаю, -
і так абаронім, засеем, збудуем
Беларусь дарагую сваю.

Рэдакцыя «Раніцы» не шкадавала месца для здольнай аўтаркі: толькі цягам 1941 году ў газэце былі апублікаваныя больш за пяць дзясяткаў яе вершаў. З працягам друкавалася паэма «Рагнеда», а ў нумары за 5 траўня таго ж 1941 году зьявіліся адразу 11 вершаў паэткі — больш, чым усіх, разам узятых, астатніх аўтараў літстаронкі.

Самым зычлівым, хоць і патрабавальным рэдактарам твораў Ларысы Геніюш быў Вітаўт Тумаш. Пры яго чыннай дапамозе ў 1942 годзе выйшла першая кніга паэткі «Ад родных ніў», усе вершы якой прайшлі апрабацыю менавіта ў «Раніцы».

Ларыса Геніюш праз усё жыцьцё была ўдзячная свайму рэдактару і ў лістах да сяброў ласкава называла яго Месячыкам.

Гісторыя беларускага пэрыядычнага друку пад нямецкай акупацыяй яшчэ не напісаная. Але ўжо сёньня відавочна, што адно з ганаровых месцаў у ёй будзе адведзена газэце «Раніца» — адкрывальніцы паэтычнага таленту Ларысы Геніюш.

Ларыса Геніюш. «Зіма. Мароз кусаецца...»
Зіма. Мароз кусаецца.
Пра поўдзень дзе хто марыць.
Калі ля нас спыняецца,
румяніць толькі твары.

Сьнег ўсе дарогі нам заслаў,
к суседзям не пралезьці.
Тады нам марыцца вясна
і яблыні ў квецьці.

І ня скуе нам сэрцаў лёд,
сьпякота не расплавіць,
сярод выгод, сярод нягод
жыцьцё умеем славіць.

Трывалы, моцны ў нас касьцяк,
што нам ліхая сьцюжа!
Беларусы мы як-ніяк —
нас сьцюжам не адужаць!
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG