Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пагражае Лукашэнку стэнаграмай


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка
Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка
Падчас паездкі ў Менскую вобласьць кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць «нармалізаваць стасункі з ЗША». Таксама ён зрабіў шэраг абвінавачваньняў на адрас расейскага кіраўніцтва, якое хоча яго «нахіліць» перад прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Аляксандар Лукашэнка адрынуў абвінавачаньні расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева пра тое, што ён нібыта абяцаў прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і не стрымаў свайго слова. Кіраўнік Беларусі заявіў, што нідзе ўрачыста не абяцаў аб прызнаньні:

«Проста расейскі калега нядобрасумленна і непрыстойна вырывае пэўныя рэчы. Для Беларусі прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, і сёньня не праблема. Але я яму пералічыў тыя праблемы, якія ў сувязі з гэтым узьнікнуць у Беларусі па лініі Беларусь-ЭЗ, Беларусь-ЗША, Беларусь-СНД і гэтак далей. Іх было прыкладна паўтара дзясятка».

Паводле Лукашэнкі, расейскае кіраўніцтва апынулася няздольным ці не захацела пайсьці на «нэвіляваньне і ліквідацыю тых наступстваў, якія для Беларусі павінны былі ўзьнікнукць».

Расейскія мэдыі цытуюць памочніка прэзыдэнта Расеі Сяргея Прыходзькі пра тое, што Крэмль гатовы апублікаваць тую частку стэнаграмы пасяджэньня АДКБ, у якой ёсьць адмысловая заява Аляксандра Лукашэнкі.

Канстанцін Затулін
Паводле дырэктара маскоўскага Інстытуту СНД Канстанціна Затуліна, Лукашэнка даваў абяцаньні:

«Сказаўшы „а“, трэба казаць „б“. Калі ты ня кажаш „б“, то ты проста пачынаеш гуляць і ствараеш падазрэньне, што ты не зьяўляесься ні саюзьнікам, ні саюзнай дзяржавай».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў адно, а потым катэгарычна ад гэтага адмаўляўся:

«Гэта тыповы для яго стыль палітычных паводзінаў. Я думаю, што ён тут тыпова для сябе блефуе. Я дапускаю, што ў кантэксьце нарастаньня інфармацыйнай вайны Крамля супраць Лукашэнкі яны сапраўды могуць знайсьці нейкія запісы і апублікаваць іх».

Таксама Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам, што калі ЗША хочуць, то Беларусь гатовая да нармалізацыі стасункаў з ЗША і гэтыя «пытаньні можна вырашыць у рамках перамоваў». Паводле Лукашэнкі, калі Расея і ЗША хочуць" перазагружаць стасункі ў кірунку Беларусі ў пляне яе дэмакратызацыі, перабудаваць, зламаць, сьцерці, у іх гэта не атрымаецца«:

«Ніякіх таемных дамоўленасьцяў у расейскага кіраўніцтва і адміністрацыі прэзыдэнта ЗША адносна Беларусі няма. Амэрыка трымаецца сваёй пазыцыі, Расея сваю пазыцыю рэзка памяняла і спрабуе найперш прэзыдэнта Беларусі „адстроіць“, нахіліць перад вядомымі палітычнымі падзеямі. У гэтым пляне я таксама не мяняюся — нахіляць мяне беспэрспэктыўна і марна».

Аляксей Янукевіч
Паводле Аляксея Янукевіча, кіраўнік Беларусі агучвае тут свае страхі:

«Ён вельмі добра ўсьведамляе, што калі з двух бакоў будзе адбывацца ціск і сьвядомыя дзеяньні, то наўрад ці ён здолее ўтрымацца ва ўладзе ў Беларусі. Прагматычная частка ў гэтым таксама ёсьць. Гэта імкненьне зрабіць пасланьне для ягонай намэнклятуры, што сытуацыя пад кантролем і нібыта гэта новая сытуацыя з Расеяй не паўплывае на стабільнасьць рэжыму».

Андрэй Фёдараў
Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, у дачыненьнях з ЗША пакуль ня бачна ніякіх зрухаў:

«Беларусь гатовая да паляпшэньня стасункаў, але на сваіх умовах. Так што баюся, што да выбараў нічога выбітнага на гэтым кірунку не адбудзецца».

Фёдараў лічыць малаверагоднай таемную дамоўленасьць паміж ЗША і Расеяй адносна Беларусі:

«Я ня думаю, што ў ЗША беларускае пытаньне выклікае настолькі вялікую цікавасьць, што яны гатовыя ісьці на нейкія пагадненьні толькі дзеля таго, каб Лукашэнку адхіліць ад пасады. Гэта Расею гэтае пытаньне больш хвалюе, у яе больш гэтага жаданьня — зьняць беларускага кіраўніка. У Расеі гэта галоўная задача, бо тут перайшло на асабістыя стасункі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG