Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне, напярэдадні паказу па канале НТВ трэцяй часткі фільма «Хросны бацька» пракамэнтаваў апошнія зьвесткі пра датычнасьць беларускіх кіраўнікоў да карупцыі.

Алега Алкаева, які жыве ў Бэрліне, я папрасіў пракамэнтаваць сэнсацыйныя заявы былога сьледчага МУС Вячаслава Дудкіна адносна памераў карупцыі ў Беларусі і датычнасьці да яе высокапастаўленых асоб у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Алег Алкаеў мяркуе, што злачынствы на мяжы і ў мытні, якія расьсьледавала Сьвятлана Байкова, дасягалі велізарных памераў, бо прыкрываліся на самым версе зь Менску:

«Ну як можа кантрабандны тавар, які выехаў зь Берасьця ці Горадні, праехаць усю Беларусь? Калі я быў начальнікам калёніі, ведаю, усе фуры на Барысаўскім посьце тармазілі, яшчэ раз правяралі. А тут яны праяжджалі безь перашкодаў. Ведаю дакладна, што ім суправаджэньне забясьпечвалі супрацоўнікі міліцыі. За грошы, зразумела.

Ну як можа кантрабандны тавар, які выехаў зь Берасьця ці Горадні, праехаць усю Беларусь?
Ці вось яшчэ што ведаю, пра што ўдалося дакапацца Байковай. Гэта злачынствы з канфіскатам. У 2002 годзе у варотах кіраўніцтва справамі прэзыдэнта зьнікла 21 фура з быццам бы канфіскаванай электроннай апаратурай. Пад выглядам тратуарнай пліткі яе завезьлі, і ўсё бясьсьледна зьнікла. Гэта ж велізарныя грошы. Калі ўсё гэтак было арганізавана, з цэнтрам у сталіцы, то гэта ж махлярства на дзяржаўным узроўні».

У размове пра карупцыю капітан міліцыі Вячаслаў Дудкін сярод імён высокіх чыноўнікаў называў былога сакратара Савета бясьпекі і экс- генпракурора, цяпер дарадцы Лукашэнкі, Віктара Шэймана. Паводле Дудкіна, другая жонка Шэймана нібыта датычная да некаторых эпізодаў. Называліся і іншыя імёны. Як гэта камэнтуе Алег Алкаеў?

«Што тут камэнтаваць? У мяне ёсьць на руках уся інфармацыя, з доказамі, якая паказвае як нікчэмнасьць пэўнага чалавека, гэтак і ўсё наша дзяржаўнае прыстасаваньне. У звычайнага чалавека можа скласьціся ўражаньне, што пэўная асоба нічым іншым не занятая, як толькі клопатамі пра народ, але мяркуючы па гэтай інфармацыі такога не скажаш. У мяне нічога іншага, як агіды, гэта не выклікала. Магчыма, прыйдзе час, і я надрукую тыя зьвесткі, якімі валодаю. Там шмат пра каго. Пачакаем, вось выйдзе новы фільм „Хросны бацька“, што там скажуць. У мяне ёсьць падставы меркаваць, што ў фільме мы убачым Дудкіна. Тады можна будзе нешта пракамэнтаваць і больш падрабязна».

Алег Алкаеў пракамэнтаваў таксама тыя вытрымкі з заяваў Вячаслава Дудкіна, якія тычыліся экс-міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава і сьледчага генэральнай пракуратуры Івана Бранчаля, які расьсьледаваў справы зьніклых. Алег Алкаеў не падзяляе меркаваньня Вячаслава Дудкіна адносна таго, што Уладзімер Навумаў шчыра змагаўся з карупцыяй ў вышэйшых уладных колах. Паводле палкоўніка Алкаева, міністар плянаваў заняць месца сакратара Савета бясьпекі і «загуляўся» ў сваіх інтрыгах. Алег Алкаеў мяркуе, што Ўладзімеру Навумаву трэба было падаваць у адстаўку тады, калі выпусьцілі з-пад варты ягонага падначаленага Зьмітра Паўлічэнку, адносна якога ён мусіў ведаць усю праўду ў межах справы зьніклых. Сьледчы Іван Бранчаль таксама ня выканаў свой доўг як службовец і афіцэр, таму сьледзтва дагэтуль нічога не дамаглося, мяркуе Алег Алкаеў. На думку спадара Алкаева, зьвесткі капітана Дудкіна можна будзе выкарыстоўваць падчас суду над вінаватымі ў выкраданьнях:

«Улада сабе лішнія „кручкі“ чапляе, якія будуць падставай для расьсьледаваньня. Пакуль гэта толькі інфармацыйная падстава, але ў любы момант гэта можа стаць юрыдычнай падставай».

Фільм «Хросны бацька-3», у якім пойдзе пра фінансавыя тайны кіраўнікоў Беларусі, канал НТВ плянуе паказаць 15 жніўня а 18:25 па менскім часе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG