Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя беларускіх уладаў на пажары ў Расеі


У чацьвер Аляксандар Лукашэнка выказаў імкненьне аказаць дапамогу Расеі ў тушэньні пажараў. Чаму беларускія пажарнікі позна адгукнуліся на расейскую бяду? Як дзяржаўныя мэдыі Беларусі ацэньваюць сытуацыю з пажарамі ў Расеі? Чаму беларускія ўлады культывуюць антырасейскія настроі ў грамадзтве?


Удзельнікі: журналіст газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі і журналіст газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец.

Паўлюк Быкоўскі
Зьміцер Панкавец
Валер Карбалевіч


Чаму Беларусь позна адгукнулася на расейскую бяду?


Валер Карбалевіч: «Хоць у чацьвер Лукашэнка і выказаў гарачае імкненьне дапамагчы Расеі ў тушэньні пажараў, аднак беларускія пажарнікі зьявіліся ў суседняй краіне позна, калі там ужо працавалі пажарнікі з шмат якіх дзяржаў. Прычым беларускі дэсант паехаў туды са здымачнай тэлевізійнай групай, і кожны дзень беларускія тэлегледачы бачаць, як беларусы дапамагаюць суседзям. Чым гэта можна патлумачыць?»

Паўлюк Быкоўскі: «Думаю, вінавата бюракратычная машына. Дапамагчы суседу, які трапіў у бяду, — звычайная рэч у міжнародных адносінах. Магчыма, тут вінаватая інфармацыйная вайна, якая ідзе між краінамі. Трэба зазначыць, што з пажараў грэецца, то бок атрымоўвае піяр, ня толькі беларускае кіраўніцтва, але і расейскае, і партыя «Адзіная Расея».
З пажараў грэецца, то бок атрымоўвае піяр, ня толькі беларускае кіраўніцтва, але і расейскае.


Зьміцер Панкавец: «Частковае тлумачэньне палягае ў тым, што некалькі беларускіх верталётаў тушылі пажары ў Грэцыі, іншыя патрулявалі тэрыторыю Беларусі, дзе таксама ўзьнікаюць пажары.

Але галоўная прычына ў тым, што пасьля тых пэрсанальных абраз на адрас Лукашэнкі апошні ня мог адразу кінуцца на дапамогу. Ён, напэўна, чакаў асабістага запрашэньня, каб яго папрасілі выратаваць Расею. Ужо цяпер, калі глядзець беларускія інфармацыйныя тэлеперадачы, то складаецца ўражаньне для абывацеля, што беларусы выратоўваюць Расею».

Карбалевіч: «Лукашэнка ўвесь час кажа, што мы канфліктуем з кіраўніцтвам Расеі, а з расейскімі людзьмі мы сябруем, мы адзін народ. Дык вось якраз цяпер у Лукашэнкі быў спрыяльны момант паказаць, як мы ставімся да расейцаў, і адразу аказаць дапамогу. Але ён не скарыстаў гэтага».

Быкоўскі: «Якраз на ўчорашняй сустрэчы з прэзыдэнтам Татарстану ён агучыў нешта падобнае. Лукашэнка казаў, што мы дапаможам ня толькі пажары тушыць, але і зернем, бо там засуха. Для беларускай аўдыторыі гэты прапагандысцкі канструкт працуе».

Крытыка расейскіх уладаў


Карбалевіч: «Беларускія мэдыі даволі крытычна ацэньваць дзейнасьць расейскіх уладаў пры тушэньні пажараў. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый пакрытыкаваў сваіх расейскіх калег. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

Панкавец: «Сёньняшняя „Советская Белоруссия“ піша: цяпер Расея ня можа сказаць, што нам не патрэбны ні вашы бліны, ні пірагі. То бок, Расея прызнала, што безь беларускай дапамогі ім не абысьціся.
Беларускія мэдыі даводзяць, што ў Расеі паўсюль праблемы: з пажарамі, вадой, каланчой і інш. І на гэтым фоне Беларусь выглядае стабільным раем, які стварыў Лукашэнка.

І беларускія мэдыі даводзяць, што ў Расеі паўсюль праблемы: з пажарамі, вадой, каланчой і інш. І на гэтым фоне Беларусь выглядае стабільным раем, які стварыў Лукашэнка. Маўляў, у нас такая сытуацыя, як у Расеі, немагчымая».

Быкоўскі: «Так, беларускія мэдыі кажуць пра недахопы ў Расеі. Але калі паглядзець на расейскі інтэрнэт, дык там гучыць яшчэ больш рэзкая крытыка свайго кіраўніцтва. Сьмешна было глядзець па СТВ сюжэт пра адсутнасьць свабоды слова на расейскіх тэлеканалах. Але ўсё ж афіцыйныя беларускія мэдыі больш засяроджваюць увагу на сацыяльных праблемах Расеі. А ў нас — парадак, няма пажараў, ёсьць і рында, і каланча. Але я думаю, што калі б у нас быў такі маштаб пажараў, то невядома, як бы спрацавалі нашы пажарныя».

Навошта культывуюць антырасейскія настроі?


Карбалевіч: «Калі разглядаць праблему шырэй, то можна адзначыць, што беларускія дзяржаўныя мэдыі даволі пасьлядоўна культывуюць антырасейскія настроі ў грамадзтве. Навошта? Раней галоўным ворагам былі ЗША. А цяпер — Расея?»

Быкоўскі: «Напярэдадні выбараў правяраецца рэакцыя беларускага насельніцтва на розныя геапалітычныя вэктары. Незалежныя сацыёлягі даводзяць, што значная частка беларусаў — супраць увогуле любых інтэграцыйных праектаў. І Лукашэнка імкнецца выкарыстаць ідэю незалежнасьці Беларусі ў сваіх мэтах. І гэта можа спрацаваць падчас выбараў. А вось больш далёкасяжныя высновы з гэтай антырасейскай прапаганды я б пакуль не рабіў».

Панкавец: «Гэта не антырасейская, а антыкрамлёўская прапаганда. Паказваецца неэфэктыўнасьць кіраваньня Расеяй. Там хаос, няма парадку, спакою. То бок Расея — не аўтарытэт для нас. Таму гэтым і эфэкт фільму „Хросны Бацька“ нэўтралізуецца.

У той жа сёньняшняй „Советской Белоруссии“ параўноўваюцца вайна з Грузіяй і вайна з пажарамі. Вайна з Грузіяй, піша газэта, праводзілася дзеля павышэньня рэйтынгу Мядзьведзева і Пуціна. А цяперашняя вайна з агнём зьніжае рэйтынгі расейскіх кіраўнікоў. Але Лукашэнка па-ранейшаму пазыцыянуе сябе як найлепшы сябра расейскага народу».

Карбалевіч: «Але націсканьне на грузінскую тэму — гэта выклік ужо ня толькі расейскаму кіраўніцтву, але і расейскаму грамадзтву. І тут я бачу глыбейшы паварот у гэтай антырасейскай прапагандзе».

Быкоўскі: «Ня думаю, што гэта было зроблена наўмысна. Хутчэй гэта недалікатнасьць беларускай прапагандысцкай машыны. Яна хацела наступіць на балючы мазоль Крамля, але высьветлілася, што гэта балючы мазоль усяго расейскага грамадзтва».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG